Юныя знаўцы біялогіі і экалогіі

- 8:08Навіны рэгіёнаў

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў ХХІV абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі і аддзел па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Па словах загадчыцы аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уваравай, у спаборніцтве ўдзельнічалі 66 дзяцей з ліку членаў школьных навуковых таварыстваў, гурткоў, секцый і іншых вучнёўскіх аб’яднанняў.

Канкурсанты абаранялі навуковыя работы ў 5 секцыях: “Эксперыментальная біялогія (лабараторны і палявы эксперымент)”, “Экалогія раслін”, “Экалогія жывёл”, “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне” і “Прыкладная экалогія і водныя экасістэмы”. Якасць конкурсных работ ацэньвала журы з ліку спецыялістаў у галіне біялогіі і экалогіі — выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Лада Фісунова з сярэдняй школы № 3 Брэста (“Ацэнка якасці чысціні паветра метадам ліхенаіндыкацыі на вуліцах побач з сярэдняй школай № 3 Брэста”), дзевяцікласніца Паліна Харламава з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (“Эколага-фаўністычны аналіз дзённых лускакрылых у ваколіцах Баранавіч”), дзесяцікласнік Дзмітрый Крываль з Цэнтра дзіцячай творчасці Целяхан Івацэвіцкага раёна (“Аграбіялагічная ацэнка ўзораў ячменю эфіопскага паходжання ва ўмовах паўднёвай Беларусі”) і адзінаццацікласніцы Наталля Громава з гімназіі № 1 Брэста (“Ацэнка біямарфалагічных і сарбіруючых уласцівасцей сальвініі плаваючай”) і Наталля Трус з гімназіі Пружан (“Уплыў хімічных сродкаў абароны на ляжанне пладоў пры захоўванні”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.