Юным аматарам музычнай творчасці прапанаваны факультатыўныя заняткі

- 12:25Образование

Пастановай Міністэрства адукацыі ад 15 лістапада 2023 г. № 347 зацверджаны праграмы факультатыўных заняткаў «Музычны тэатр», «Сучасная музыка», «Музыка папулярных жанраў ХХ стагоддзя». Яны апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

«Музычны тэатр»

Факультатыў прызначаны для 8—9-х класаў і разлічаны на 35 гадзін у кожным класе (раз на тыдзень). Праграма складаецца з трох модуляў: «Музычная камедыя і мюзікл», «Опера», «Балет».

Падчас заняткаў навучэнцы азнаёмяцца з гісторыяй развіцця музычнага тэатра (на матэрыяле фрагментаў відэафільмаў «Несцерка», «Лебядзінае возера» і інш.), з аперэтай як відам музычна-сцэнічнага мастацтва, гісторыяй развіцця мюзікла (на матэрыяле фрагментаў мюзіклаў «Гукі музыкі», «Сабор Парыжскай Божай Маці», рок-оперы «Юнона і Авось»), операй (на матэрыяле фрагментаў з відэафільмаў «Чароўная флейта», «Дзікае паляванне караля Стаха»), балетам (на матэрыяле відэафільмаў «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» і інш.), з беларускім оперным мастацтвам (на матэрыяле фрагментаў відэафільмаў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда»).

Для засваення зместу гэтай вучэбнай праграмы педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць такія віды дзейнасці, як наведванне музычнага тэатра, чытанне займальнай тэматычнай літаратуры, звязанай з операй, балетам, музычнай камедыяй і мюзіклам. Дарэчы будзе прымяняць праблемна-пошукавыя і творчыя метады навучання, а таксама метад аналізу мастацкага твора. Абагульненне мастацкіх уражанняў аб творах музычна-сцэнічнага мастацтва ажыццяўляецца з дапамогай выніковай канферэнцыі, на якой школьнікі прадстаўляюць даклады, па тых аспектах зместу курса, што найбольш зацікавілі.

Плануецца, што ў навучэнца будуць сфарміраваны ўяўленні аб спецыфіцы музычна-сцэнічных жанраў, паняццяў, якія выкарыстоўваюцца пры іх характарыстыцы; маральна-эстэтычных праблемах, што ўзнімаюцца кампазітарамі; уменні характарызаваць музычныя творы ў кантэксце розных відаў мастацтва, вызначаць на слых тэмбр голасу выканаўцы (у оперы, мюзікле), аналізаваць выканальніцкае мастацтва артыстаў у музычных спектаклях; характарызаваць драматургію раскрыцця вобразаў.

«Музыка папулярных жанраў ХХ стагоддзя»

Факультатыў прызначаны для 11-х класаў і разлічаны таксама на 35 гадзін. Сярод асноўных задач — фарміраванне сістэмы ведаў навучэнцаў у галіне музыкі папулярных жанраў мінулага стагоддзя, знаёмства з яе тыпалогіяй, інструментальнымі складамі і асаблівасцямі музычнай мовы розных жанрава-стылявых утварэнняў; развіццё музычнага мыслення і выхаванне мастацка-эстэтычнага густу, фарміраванне ўмення аргументаваць уласныя меркаванні аб каштоўнаснай значнасці музычных твораў.

Асноўнымі відамі дзейнасці на занятках з’яўляюцца параўнальна-супастаўляльная работа з музычным творам, засваенне інфармацыйна-паняційнага матэрыялу. Акрамя традыцыйных форм правядзення педагог можа звярнуцца да інтэграваных: лекцый-канцэртаў, заняткаў-дыспутаў, заняткаў-спектакляў, заняткаў-экскурсій, брэйн-рынгаў і інш. У прыярытэце — тлумачальна-ілюстрацыйны, рэпрадукцыйны, праблемны метады навучання.

Спачатку школьнікі даведаюцца, як развівалася папулярная музыка ў кантэксце гісторыі культуры, перадумовы з’яўлення новых жанраў XX стагоддзя — джаза, рок-музыкі, поп-музыкі, музыкі кіно і тэлебачання, бардаўскай песні. Азнаёмяцца з папулярнай у мінулым стагоддзі поп-музыкай на прыкладзе рэкамендаванага музычнага матэрыялу, сярод якога — «Полька беларуская», «Явар і каліна», «Мой родны кут», з творчасцю замежных выканаўцаў, напрыклад Эдзіт Піяф, Шарля Азнавура і Мірэй Мацье. Рок-музыка прадстаўлена творчасцю Led Zeppelin, Pink Floyd, AC/DC, «Арыі» і інш.

Асобны раздзел прысвечаны музыцы з кіно і тэлебачання. Школьнікам для аналізу будуць прадстаўлены саўндтрэкі з «Хроснага бацькі», «Прафесіянала», а таксама музыка з савецкіх фільмаў «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана», «Прыгоды Электроніка» і інш. Некалькі заняткаў будзе прысвечана мюзіклу і рок-оперы («Вестсайдская гісторыя», «Чыкага»). Не абыдзецца і без аўтарскай песні Высоцкага, Візбара, Акуджавы. Будзе вывучана творчасць і беларускіх бардаў. Завершыцца курс джазам. Школьнікі азнаёмяцца з класічнымі запісамі Армстронга, Джопліна і Элінгтана, а таксама гісторыяй джаз-бэндаў СССР.

Падчас факультатыўнага курса ў навучэнца будуць сфарміраваны ўяўленні аб папулярнай музыцы як феномене мастацкай культуры, ён будзе ведаць імёны вядомых кампазітараў і выканаўцаў, мець уласнае меркаванне аб жанрах і стылях у кантэксце дынамікі культуры, аб музычных творах з пункту гледжання мастацкай, эстэтычнай, маральнай значнасці.

«Сучасная музыка»

Факультатыў прызначаны для васьмікласнікаў. Раз на тыдзень яны будуць знаёміцца з асноўнымі напрамкамі ў музыцы ХХ стагоддзя і найважнейшымі творчымі дасягненнямі музычнага мастацтва.

Асноўным метадам навучання, які адлюстроўвае спецыфіку прадмета, з’яўляецца аналіз музычнага твора. У залежнасці ад мэты заняткаў, складанасці мастацкага матэрыялу і псіхолага-ўзроставых асаблівасцей групы гэта можа быць комплексны, стылявы, параўнальны (і іншы) аналіз. Заняткі ўключаюць агульную характарыстыку эстэтычных прынцыпаў таго ці іншага кірунку музычнай творчасці; тлумачэнне спецыфікі характэрных для канкрэтнага напрамку творчасці музычна-выразных сродкаў; важнейшыя звесткі аб канкрэтным аўтары таго ці іншага твора; кароткі разбор самога твора; праслухванне твораў (фрагментаў) у гуказапісе. Рэкамендуецца таксама наведванне тэматычных філарманічных канцэртаў (оперных і балетных спектакляў) з наступным іх абмеркаваннем. Выніковыя заняткі можна правесці як у форме адказаў на пытанні настаўніка, так і ў выглядзе самастойнай работы (паведамлення, творчага задання).

Плануецца, што па засваенні курса навучэнцы будуць ведаць паняцці, звязаныя з сучаснай музычнай культурай, гісторыяй стварэння сучасных музычных твораў, біяграфіі кампазітараў і асаблівасці іх творчасці. Яны змогуць самастойна арыентавацца ў разнастайнасці эстэтычных напрамкаў і творчых прынцыпах, аналізаваць музычныя фрагменты і суадносіць іх з пэўнымі напрамкамі музыкі мінулага стагоддзя, а таксама аргументаваць уласнае меркаванне наконт пэўных музычных з’яў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі