Юныя географы вярнуліся з Ірландыі з чатырма медалямі

- 12:24Новости

На XX Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе (iGeo-2024) беларускія школьнікі заваявалі два сярэбраныя і два бронзавыя медалі, паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ў Міністэрстве адукацыі.

Упершыню ў гісторыі наша зборная атрымала на гэтым спаборніцтве адразу чатыры ўзнагароды. Ні адзін з удзельнікаў каманды не застаўся без медаля. Так, «серабра» ўдастоены выпускніца сярэдняй школы № 18 Баранавіч Аляксандра Багданава (настаўніца Ірына Снігірэвіч) і дзесяцікласнік гімназіі № 2 Брэста Мікалай Місіюк (настаўніца Юлія Багдасарава). «Бронза» – у выпускніка гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава Вадзіма Ігнаценкі (настаўніца Людміла Карнеенка) і дзесяцікласніка сярэдняй школы № 118 Мінска Аляксея Клімко (настаўніца Таццяна Сакольчык).

Кіраўнікамі зборнай выступілі намеснік дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрый Вараб’ёў і дацэнт названага факультэта Андрэй Безручонак.

Спаборніцтвы праводзіліся з 19 па 24 жніўня ў Мейнуце і Дубліне (Ірландыя). Усяго ў iGeo-2024 прынялі ўдзел 184 школьнікі з 46 краін.

Юным інтэлектуалам неабходна было рашыць мультымедыйны тэст, выканаць тэарэтычныя заданні па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і прадэманстраваць практычныя навыкі рашэння геаграфічных кейсаў у палявых умовах. У рамках практычнага тура вывучалі тры лакацыі Мейнута (універсітэцкі кампус, галоўную вуліцу і чыгуначную станцыю). На кожнай кропцы – па 30 мінут на заданні, якія былі заснаваны на прынцыпах трэцяй мэты ўстойлівага развіцця (здароўе і дабрабыт). Ва ўніверсітэцкім кампусе навучэнцам неабходна было вызначыць месцы, якія спрыялі паляпшэнню якасці жыцця людзей, а таксама адказаць, якім чынам гарадское асяроддзе садзейнічае гэтаму. На галоўнай вуліцы Мейнута неабходна было выявіць і нанесці на карту праблемныя лакацыі, якія перашкаджаюць перамяшчэнню розных груп людзей, і месцы, што з’яўляюцца перавагамі для пешаходаў або веласіпедыстаў, прапанаваць шляхі вырашэння праблем тэрыторыі. На трэцяй кропцы трэба было стварыць карту чыгуначнай станцыі і ажыццявіць па ёй функцыянальнае занаванне прылеглай тэрыторыі, ацаніць здольнасці розных груп людзей перамяшчацца па мясцовасці, працягнуць праект комплекснага развіцця тэрыторыі. Дарэчы, усе заданні выконваліся на англійскай мове.

***

Міжнародная геаграфічная алімпіяда арганізоўваецца з 1996 г. і праводзіцца штогод. За перыяд правядзення спаборніцтва колькасць краін-удзельніц вырасла з 5 да 54.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з сайта Міністэрства адукацыі