Юныя кулібіны: ад азоў да абароны праекта

- 10:50Навіны рэгіёнаў, Рознае

“Ведаеце, быў час, калі нашым педагогам прыходзілася хадзіць па школах і шукаць сабе выхаванцаў, прапаноўваць наведваць гурткі”, — успамінае дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік.

Сёння ўсё па-іншаму. Школьнікі, часта разам з бацькамі, самі знаходзяць педагогаў. Адны прыходзяць у цэнтр з поўным веданнем таго, чым яны хочуць займацца, іншыя — пазнаёміцца з кірункамі, якія тут развіваюцца, выбраць тое, што бліжэй іх інтарэсам і жаданням.

У чым сакрэт? На самай справе ніякага сакрэту няма. Проста добра арганізаваная праца і правільныя прыярытэты. “Аднойчы я сказала калектыву: “Думайце, што можна прапанаваць сучасным дзецям і падлеткам. Знойдзеце правільны адказ, пераарыентуецеся — і вам не прыйдзецца хадзіць па ўстановах у пошуках вучняў”, — рассказвае Наталля Анатольеўна. Словы дырэктара, як цяпер ужо відавочна, сталі добрым штуршком.


Мы сядзім у невялікім кабінеце кіраўніка тэхнічнай майстэрні. Праз адчыненыя дзверы чуваць мноства дзіцячых галасоў. У спецыяльна абсталяваных пакоях ідуць заняткі: у цэнтры тэхнічнай творчасці працуе профільны лагер па робататэхніцы “Эд’ютэйнмент” (Edutainment). Гэтае англійскае слова зараз шырока ўжываецца і азначае адукацыйную забаву або адукацыю з дапамогай забавы — іншымі словамі, гульнявое навучанне. Такая назва дзевяцідзённаму летняму лагеру была дадзена невыпадкова, паколькі навучанне праз забаву стала асноватворным прынцыпам яго праграмы.

25 юных тэхнароў з усёй вобласці пасяліліся ў абласным цэнтры, каб з выкарыстаннем платформ Lego Wedo і Lego Mindstorms асвойваць асновы робататэхнікі. Ім усяго па 11—13 гадоў, але ўжо зараз зразумела: гэта будучыя студэнты тэхнічных універсітэтаў. Сярод хлопчыкаў і дзяўчынак, якія трапілі ў гэты профільны лагер, — як тыя, у каго ёсць пэўны вопыт у гэтым кірунку, удзел і нават перамогі ў конкурсах, так і навічкі, якія толькі пазнаюць папулярны віды тэхнічнай творчасці. Напрыклад, Мікіта Макаў прыняў удзел у сёлетніх спаборніцтвах сярод юніёраў JuniorSkills у рамках чэмпіянату WorldSkills Belarus і заняў 5 месца па робататэхніцы. Для адзінаццацігадовага хлопчыка гэта сапраўднае дасягненне.

— Робататэхніка — гэта вельмі цікавая справа, — разважае Мікіта. — Я шчаслівы, што апынуўся ў профільным лагеры, бо дома няма такіх магчымасцей для заняткаў, якія ёсць тут. Цяпер я навучыўся збіраць робатаў з LEGO і пая ць схемы і дэталі.

Трэба сказаць, што ў лагеры арганізаваны заняткі па шырокай праграме. Акрамя профільнага прадмета, якому штодзень адводзіцца 2 гадзіны, для дзяцей праводзяцца заняткі па радыёэлектроніцы, праграмаванні, камп’ютарнай графіцы, канструяванні. Каб у педагога была магчымасць за час заняткаў пры неабходнасці папрацаваць з кожным індывідуальна, дзяцей падзялілі на тры групы. Яны па чарзе ў першай палове дня займаюцца робататэхнікай, радыёэлектронікай і праграмаваннем.


Праграмісты — народ спакойны і ціхі, яны размаўляюць з камп’ютарам, выстройваючы ў галаве нейкія лагічныя ланцужкі. І нават дзеці, прыйшоўшы на заняткі па праграмаванні, становяцца на дзіва ціхімі. Толькі час ад часу нехта з іх пакліча на дапамогу выкладчыка Дзяніса Канстанцінавіча Ляпшэя.

На занятках па робататэхніцы, наадварот, ажыўлена. Назіраючы за камп’ютарнай праграмай, дзеці спрабуюць ствараць робатаў, шукаючы ў каробках неабходныя дэталі канструктара LEGO, спрачаюцца, падказваюць адно аднаму, а калі губляюцца, завуць на дапамогу свайго педагога Андрэя Сяргеевіча Макеенку.

Кабінет радыёэлектронікі напамінае прадпрыемства па вырабе складанай тэхнікі. Хлопцы з паяльнікамі ў руках і мікрасхемамі ўважліва выконваюць заданне выкладчыка Алены Георгіеўны Мартынавай. Расслабіцца яна не дае, у яе ўсё разлічана па хвілінах. Назіраю за чарнявым хлопчыкам, які пільна ўглядаецца ў схему, нешта абдумвае і потым старанна арудуе паяльнікам. Адзінаццацігадовы Кірыл Дзямідаў прыехаў з Кармы. У невялікім раёне такіх магчымасцей няма, а тут для яго адкрылася вялікая прастора для творчасці. Кірыл кажа, што, калі ў наступным годзе будзе магчымасць зноў апынуцца ў гэтым лагеры, з задавальненнем прыедзе ў Гомель. А пакуль ён мае намер пазычыць у бацькі паяльнік і адшукаць старую непатрэбную тэхніку, каб дабрацца да яе мікрасхем.

Пасля заняткаў і абеду хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць гульні, майстар-класы, экскурсіі. Прычым усё гэта ў рамках прафарыентацыі. Так-так, не здзіўляйцеся. 11—13 гадоў — гэта якраз той узрост, з якога можна выхоўваць будучага прафесіянала для любой сферы дзейнасці: інжынера, настаўніка, журналіста… У выніку мы будзем мець мэтанакіраванага выпускніка, ды яшчэ і з пэўным вопытам.


За час работы профільнага лагера школьнікі наведалі Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Францыска Скарыны і Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, выкладчыкі якіх правялі для іх экскурсіі па лабараторыях і вучэбных кабінетах, адказалі на пытанні. Вельмі цікавай была для юных тэхнікаў экскурсія ў Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі, дзе ім прадставілі навінкі робататэхнічных канструктараў. Пазнаёміліся дзеці і з тым, як укараняецца робататэхніка на вытворчасці. Дзеля гэтага ў праграму лагера было ўключана наведванне аднаго з буйных прадпрыемстваў вобласці — Гомельскага дарожна-будаўнічага камбіната. А паход у Гомельскую абласную ўніверсальную бібліятэку імя У.І.Леніна дазволіў дапытлівым вучням пазнаёміцца з работай 3D-прынтара і інавацыйнымі тэхналогіямі.

На працягу змены з дзецьмі працавалі вопытныя педагогі, а выхавальнікі-аніматары забяспечвалі цікавы адпачынак і напаўнялі вольны час гульнямі і спаборніцтвамі.

Адным з важных пунктаў было навучыцца ствараць праекты. Майстар-класы Soft Skills “Як падрыхтаваць праект да прэзентацыі” і “Як падрыхтавацца да публічнай абароны праекта” сталі сур’ёзнай падрыхтоўкай да абароны праектаў, якая чакала кожнага ў заключны дзень работы профільнага лагера. Закрыццё прайшло ў маляўнічым месцы — аздараўленчым лагеры “Лясныя далі”. Цікава, што юныя кулібіны праводзілі майстар-класы па робататэхніцы для дзяцей аздараўленчага лагера. Яны не толькі падзяліліся ведамі са сваімі равеснікамі, але і паказалі, чаму навучыліся за дзевяць дзён на занятках.

Усе выхаванцы атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і падарункі. А вынікі работы першага профільнага лагера па робататэхніцы арганізатары падвялі за круглым сталом.

— Гэта быў першы вопыт, і ён аказаўся вельмі ўдалым, — адзначыла Наталля Алейнік. — Сёння ў нас няма сумненняў, што такая работа павінна працягнуцца і ў наступным годзе. Акрамя прафарыентацыі, мы даём дзецям магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі відамі тэхнічнай творчасці, бо, вядома, пакуль далёка не ў кожным рэгіёне робататэхніка атрымала шырокае развіццё.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.