Клуб “Блакітны рамонак” аб’яднаў аматараў народнага стылю з сярэдняй школы № 2 Клічава імя П.І.Кавалёва. Пад кіраўніцтвам педагога Святланы Яшчук аўтэнтыку яны робяць часткай сваіх сучасных вобразаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Талент у спадчыну
Святлана Міхайлаўна стварае прыгожыя рэчы сваімі рукамі з дзяцінства. У яе родзе ўсе жанчыны былі майстрыхамі.
— Гэтую вясельную кашулю для майго таты шылі яго сёстры, — пачынае знаёмства з рэліквіямі ў сваім кабінеце-майстэрні Святлана Яшчук. — Цётка мая займалася ткацтвам, вышывала ручнікі, абшывала ўсю вёску. Усяму гэтаму ў цёткі вучылася яе сястра — мая мама, а ў мамы вучылася я. Вось гэты ручнік я вышывала ў 3 класе — гэты край яшчэ зусім няўмела, а другі — ужо лепш (пазней менавіта на ім стаяла Святлана Міхайлаўна з мужам, беручыся шлюбам. — Заўвага аўтара.). Яшчэ да школы я стварала калекцыі сукенак для лялек, упрыгожвала іх вышыўкай, а ўжо ў школе, на ўроках працоўнага навучання, шыла для сябе. Прычым калі нам давалі на выбар — пашыць з пераліку адзін выраб, я паспявала справіцца з усімі прапанаванымі.
Прафесію швачкі-закройшчыка яна атрымала перад тым, як атрымаць дыплом педагога. Яе марай было ствараць і шыць мадэлі, але амаль усё прафесійнае жыццё яна гэтаму вучыць дзяцей як педагог. Спачатку заснавала тэатр моды ў Клічаўскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе стварыла першую калекцыю з трыма сваімі пляменніцамі і іх сяброўкамі (гэта быў яе калектыў навучэнак), а апошнія 15 гадоў гэтую справу працягвае ў сярэдняй школе № 2 Клічава.
— Вельмі крыўдна за нас, беларусаў, калі мы больш цікавімся чужой культурай, чым роднай, — разважае педагог. — Мне б хацелася, каб мы ведалі ў першую чаргу свае карані, свой нацыянальны касцюм, сваю вышыўку. Таму мы і робім усё, каб вярнуць тыя аўтэнтычныя рэчы ў сучасную моду. Хочацца, каб мы не цураліся свайго, роднага. Так, мой асабісты гардэроб у большасці складаецца з класічных рэчаў, але лаканічна ўпісваюцца ў яго і арнаментальная вышыўка, і стылізаваныя аксесуары. Мне хочацца прывіваць любоў да гэтага дзецям, якія і будуць некалі працаваць мадэльерамі, канструктарамі адзення, закройшчыкамі. Гэта мая работа на будучыню. Мая задача — перадаць любоў да нашага, беларускага, новаму пакаленню, каб і сучасныя модніцы ад нашых традыцый не адмаўляліся.
Не аўтэнтычныя, але стылістычныя
Пакуль дзяўчаты прасуюць свае сукенкі, рыхтуючыся да паказу, педагог каменціруе іх касцюмы:
— Усё наша адзенне пашыта з натуральных тканін (лён, бавоўна) і мае прамы крой — ніякіх падкрояў, рэгланаў. Раней жа нажніц не было, таму і краілася ўсё з прамых адрэзаў. А падагнаць яго пад фігуру дапамагае шнуроўка. Вось на гэтай спадніцы шнуроўка па баках — за кошт гэтага яна падыдзе і стройным, і больш статным, — дзеліцца сакрэтамі Святлана Яшчук і дадае: — У аснове вышыўкі — наборы. Гэта самая старажытная вышыўка. Яе нашы бабулі рабілі працягам (адну нітку выцягвалі і на яе месца ўцягвалі каляровую). У нашай мясцовасці традыцыйна яна была ў чорна-бела-чырвоных колерах. Мы вышыўку з дзяўчатамі паўтарылі на сукенках, на галаўных уборах. Для кожнага касцюма стварылі аксесуары, сумачкі. Пашылі дзяўчаты і некалькі лакамнікаў. Гэта спецыяльныя дзявочыя сумачкі для ласункаў, якія прыносілі сваім каханым кавалеры на спатканне. Усё гэта і стала асновай калекцыі “Бабулі дзіўныя ўзоры”. У яе ўвайшлі 5 дзявочых касцюмаў і шосты — для хлопца.

Мужчынскі касцюм з задавальненнем дэманструе на паказах сын Святланы Яшчук — 10-класнік Міхаіл.
— Мне падабаецца насіць такія рэчы. І не толькі на сцэне. Для штодзённага жыцця, напрыклад, у мяне ёсць спартыўны касцюм з худзі, упрыгожаны арнаментам. Такое адзенне мае свой твар, характар, — гаворыць Міхаіл Яшчук.
Самыя складаныя рэчы можа бездакорна пашыць 9-класніца Настасся Смірнова. Гэта пацвярджаюць і яе перамогі на раённых алімпіядах па працоўным навучанні.
Акрамя адзення, у клубе ствараюць і іншыя прыгожыя рэчы — выкананыя ў тэхніках аплікацыя, абрэзкавае шыццё, вышыўка стужкамі. Тут жа шыюць аксесуары, шоперы, мяккія цацкі, лялькі.
Сярод навучэнцаў клуба і 10-класніца Дар’я Буліч, якая доўга адмаўлялася садзіцца за швейную машынку. Па-першае, у яе вобраз гота-металіста ніяк не ўпісваўся народны стыль, па-другое, у яе, выдатніцы, вельмі насычаны вучэбны графік.
— Я ўпарта не хацела шыць! Тады я яшчэ не думала, што так уцягнуся. Кожны раз, калі прыходзіла ў кабінет працы, думала: марная трата часу — лепш бы я сваёй любімай матэматыкай ці фізікай лішнюю гадзіну пазаймалася. Але, аказалася, якраз шыццё і вышыўка дапамагаюць адпачыць паміж складанымі ўрокамі. Акрамя таго, калі ты ўмееш шыць, то створыш свой гардэроб на ўласны густ, не паўтараючы нікога, ды і з самых якасных тканін. Мабыць, атрымліваць ад шыцця асалоду мне перашкаджалі стэрэатыпы, — гаворыць Дар’я.
Зрэшты, стэрэатыпы былі і ў іншых навучэнак Святланы Міхайлаўны. Але яны іх пераасэнсавалі. Многія з выпускніц працягваюць пачатую ў школе швейную справу ўжо прафесійна.
Так, Юлія Статкевіч працуе на прадпрыемстве па пашыве адзення ў Мінску, Настасся Валодзіна — галоўны тэхнолаг на прадпрыемстве па пашыве спецвопраткі ў Маскве, Алена Гарусава — тэхнолаг-закройшчык на мэблевай фабрыцы ў Горках. Алена Вавілава мае свой інтэрнэт-магазін выкраек адзення. Марыя Яблонская, хоць на алімпіядах па працоўным навучанні займала 1-я месцы, запэўнівала, што ніколі ў жыцці ёй не спатрэбіцца ўменне шыць. Але, асвоіўшы спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і ўладкаваўшыся педагогам у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Раднічок” Магілёва, за свае першыя адпускныя купіла швейную машынку.
Новае абсталяванне — новыя перспектывы
У планах мадэльераў — новая калекцыя. Загатоўкі для яе дзяўчаты паціху ўжо ствараюць. Паскорыць справу і новае швейнае абсталяванне. У дадатак да звычайных швейных машынак і авярлока тут з’явілася і новае абсталяванне дзякуючы рэгіянальнай ініцыятыве “Рамонак”. Тады ж на базе школы пачаў працаваць сямейны клуб. У ім дзеці разам з мамамі і бабулямі вучацца швейнаму рамяству — шыюць пасцельную бялізну і шторы, кухонныя аксесуары, падганяюць вопратку сабе і нават шыюць уборы чатырохногім гадаванцам.

— У мінулым годзе Міністэрства адукацыі ўключыла нашу школу ў Дзяржаўную праграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, дзякуючы чаму мы ўжо атрымалі абсталяванне для кабінета працоўнага навучання — электрычныя машынкі для вышыўкі, прасы і прасавальныя дошкі, хутка будуць пастаўлены яшчэ і электрычныя швейныя машынкі, а таксама будзе даабсталяваны кабінет кулінарыі (мэблю для яго мы ўжо атрымалі), — дзеліцца радасцю педагог.
Думаецца, новае абсталяванне дапаможа ёй рэалізаваць новыя задумы:
— У нашых планах — стварыць калекцыю вясельнага адзення — і для маладых, і для гасцей. Яе змогуць браць для фотасесій нашы выпускніцы, калі будуць выходзіць замуж. Адзенне будзе з лёну і спалучыць у сабе класіку і сучаснасць. Гэтую работу мы ўжо з дзяўчатамі пачалі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара





