Юныя ўладары робатаў

- 10:45Навука і інавацыі

На два дні Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк стаў месцам правядзення ІV Абласнога адкрытага турніру робататэхнікі “РобаФэст”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 27 каманд з Брэстчыны, Віцебшчыны і Гродзеншчыны, выступілі ўпраўленне адукацыі і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, ТАА “Школа інфармацыйных тэхналогій” і Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

— Турнір праводзіўся з мэтай распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі вобласці інавацыйных і эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, далучэння моладзі да заняткаў тэхнічнай творчасцю, навукай і вынаходніцтвам, набыцця новых ведаў і развіцця ўменняў у сферы радыёэлектронікі, механікі і праграмавання, пошуку здольных дзяцей і іх падтрымкі ў рэалізацыі творчых ідэй, — расказаў дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі В.В.Скарына. — Акрамя таго, турнір адыгрывае важную ролю ў прыцягненні ўвагі высокатэхналагічных прадпрыемстваў, НДІ, аб’ектаў індустрыі, дзелавых цэнтраў, УВА і ССНУ да дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі як патэнцыяльнага кадравага рэзерву для прамысловасці і навукі.

Навучэнцы выраблялі робатаў у аб’яднаннях па інтарэсах і дамашніх умовах і заяўлялі іх на турнір у завершаным выглядзе і рабочым стане. Для гэтага патрабавалася валодаць асновамі электронікі, праграмавання і радыёаматарскай тэхналогіі. Калі ў папярэднія гады патрабавалася, каб робаты былі сканструяваны не з гатовых набораў, а ўласнымі намаганнямі з дапамогай элементаў цацак, мікракантролераў і ўласнай праграмы кіравання, то сёлета можна было збіраць робатаў з дэталей канструктара LEGO.

Турнір складаўся з 5 конкурсаў: “Мабільная робататэхніка Arduino”, “Мабільная робататэхніка LEGO”, “LEGO-канструяванне”, “Інжынерная сістэма камп’ютарызаванага праектавання” і “Прататыпаванне”. Падчас стэндавай прэзентацыі робатаў і праходжання трас рознага ўзроўню складанасці журы звяртала ўвагу на дызайн, якасць вырабу і мантажу робатаў, арыгінальнасць выкарыстаных тэхналагічных, канструктыўных, схематэхнічных і праграмных рашэнняў, хуткасць і дакладнасць праходжання трас. У цэлым удзельнікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Па выніках турніру ў камандным заліку перамаглі выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці Брэсцкага раёна і Цэнтра дадатковай адукацыі Белаазёрска. У асабістым заліку лепшымі аказаліся Мікалай Нікіцюк з Цэнтра дзіцячай творчасці Брэсцкага раёна, Вераніка Філіст з Цэнтра дадатковай адукацыі Белаазёрска, Эдуард Дубіна з Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці і Мікіта Дудчык з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.