Юныя захавальнікі народнай культуры

- 11:40Навіны рэгіёнаў

— Выхаванне высокадухоўнай і высокамаральнай асобы, гатовай авалодваць культурнымі здабыткамі чалавецтва, захоўваць і творча памнажаць нацыянальную спадчыну, з’яўляецца адной з найважнейшых задач сучаснасці, — упэўнена кіраўнік узорнага клуба аматараў фальклору “Катрынка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна Алена Мікалаеўна Зайцава. — Менавіта з мэтай выхавання гарманічна развітой асобы сродкамі беларускага фальклору і народнай спадчыны рэгіёна і быў створаны наш клуб у 2000 годзе.

Дзейнасць клуба накіравана на пошук мясцовых песень, танцаў, абрадаў і вуснай творчасці для іх захавання, вывучэння і выканання. Актыўная экспедыцыйная дзейнасць і цесная сувязь з носьбітамі народнай культуры пашыраюць рэпертуар клуба новым цікавым матэрыялам.

Заняткі ў клубе прадугледжваюць знаёмства з фальклорнымі першакрыніцамі, вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю, засваенне рэгіянальных асаблівасцей музычнай, песеннай і харэаграфічнай спадчыны, выкарыстанне мастацкіх узораў падчас выступленняў. А.М.Зайцава робіць акцэнт на выхаванні ў навучэнцаў эмацыянальных і творчых адносін да фальклору, фарміраванні ўменняў перадаваць у сваім выкананні пачуцці і думкі, закладзеныя ў фальклорных творах. Толькі пры такіх умовах, лічыць кіраўнік клуба, заняткі валодаюць вялікім выхаваўчым патэнцыялам.

Члены клуба актыўна ўдзельнічаюць у розных фестывалях і аглядах-конкурсах, канцэртных праграмах і культурных мерапрыемствах. Так, “Катрынка” прадстаўляла Брэстчыну на ХІІ Рэспубліканскім конкурсе фальклорных калектываў, які праходзіў у рамках Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі” на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. У творчым спаборніцтве ўдзельнічалі юныя аматары фальклору з розных куткоў нашай краіны.

Удзельнікі клуба разам з кіраўніком правялі майстар-клас “Побытавыя танцы Камянеччыны” і паказалі конкурсныя праграмы “Гулянне на Вэлыкдэнь” і “Юр’я: пэршый выпас”, заснаваныя на даследаваным фальклорным матэрыяле. У выкананні калектыву гучалі вяснянкі, рагулькі, юр’еўскія і валачобныя песні, запісаныя ў носьбітаў народных традыцый Камянеччыны. Навучэнцы прадэманстравалі рэгіянальныя побытавыя танцы “Лысый Ставскый”, “Лысый Новосёлковскый”, “Полька-закрутуха”, “На рэчэньку” і “Ставскый вальс”. Па словах А.М.Зайцавай, юныя ўдзельнікі клуба паказалі, наколькі сур’ёзна нашы продкі ставіліся да абрадавых дзеянняў, накіраваных на набыццё і захаванне дабрабыту, перадачу традыцый з пакалення ў пакаленне.

Выступленні калектываў ацэньваліся па наступных крытэрыях: песні ў ансамблі, узровень выканальніцкага майстэрства, музычнае суправаджэнне, рэжысура праграмы, сцэнічнасць, аўтэнтычнасць і самабытнасць рэпертуару. Па выніках конкурсных выпрабаванняў журы аднагалосна аддало перамогу ўзорнаму клубу аматараў фальклору “Катрынка”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.