З адчуваннем гонару і годнасці

- 12:05Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Урачыстым, пранікнёным, сімвалічным, зладжаным, яркім і музычным было адкрыццё Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагаічных работнікаў “Настаўнік года-2014”, якое адбылося ўчора ў актавай зале Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. У мерапрыемстве прыняў удзел Васіль Антонавіч Будкевіч, намеснік міністра адукацыі нашай краіны.

Урачыстасць моманту адчувалася ва ўсім: ва ўзбуджанай гаворцы ў холе ліцэя за хвіліны да пачатку мерапрыемства, у прыгожа апранутых гасцях, у бляску вачэй канкурсантаў, нават у дынамічнай музыцы, якая звычайна ўключаецца для адпаведнага настрою. Але самае галоўнае — у паветры выразна лунала адчуванне гонару і годнасці за педагагічную прафесію, якое і зрабіла адкрыццё конкурсу пранікнёным.
А сімвалічным стала тое, што конкурс ужо дзясяты па ліку, а гэта значыць, ён мае свае традыцыі, здабыткі і, самае важнае, сваіх паслядоўнікаў.
Зладжанасці першаму конкурснаму дню надавала сур’ёзная і адказная арганізацыя мерапрыемства. Вядучыя конкурсу выдатна ведалі сваю справу і востра адчувалі конкурсны дух, бо самі ў свой час былі канкурсантамі. Гэта Ігар Віктравіч Якіменка, настаўнік-метадыст, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, фіналіст Рэспубліканскага  _DSC4492(Сайт) конкурсу “Настаўнік года-2011”, і Віталіна Аляксандраўна Папковіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі, фіналіст конкурсу “Настаўнік года-2009”.
Музычнасць і яркасць на адкрыцці была ад самага пачатку і да канца. Спачатку танцамі і спевамі шанавалі канкурсантаў і гасцей, а затым ужо самі канкурсанты дэманстравалі свае пеўчыя і танцавальныя здольнасці. Але конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — у першую чаргу парад педагагічных дасягненняў.
Пра гэта ў сваім выступленні гаварыў Васіль Антонавіч Будкевіч, які адкрыў галоўнае мерапрыемства педагогаў усёй краіны.
— “Настаўнік года” — візітная картка беларускай адукацыі. Конкурс пачынаецца ва ўстанове адукацыі, а заканчваецца ў сталіцы нашай рэспублікі. Конкурсны рух аб’ядноўвае тысячы педагогаў, яго мерапрыемствы рознабаковыя і прызваны прадэманстраваць усе грані педагагічнага майстэрства ўдзельнікаў.
Конкурс ставіць перад сабой маштабныя задачы: развіццё ініцыятыў педагагічных работнікаў, падтрымку эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту творча працуючых педагогаў.
Конкурс “Настаўнік года” садзейнічае пошуку настаўніцкіх талентаў, іх адкрыццю і праяўленню. Імёны пераможцаў конкурсу ўпісаны ў гісторыю беларускай адукацыі: Уладзімір Міхайлавіч Дзядкоў, Юрый Усеваладавіч Маслаў, Уладзімір Мацвеевіч Здановіч, Валянціна Васільеўна Гінчук, Ірына Рамуальдаўна Клявец, Юрый Мікалаевіч Андрэйчык, Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна.
Конкурс “Настаўнік года” Рэспублікі Беларусь з’яўляецца свайго роду эталонам прафесійных якасцей для сучасных педагогаў. Найважнейшае прызначэнне конкурсу — зацвярджэнне прыярытэту адукацыі ў грамадстве. Мы ганарымся тым, што галоўны прыз конкурсу — крыштальнага жураўля — уручае прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падчас сустрэчы, прымеркаванай да Дня настаўніка”, — адзначыў Васіль Антонавіч.
Прафесійныя спаборніцтвы не толькі адкрываюць таленты, але і садзейнічаюць іх развіццю, што пацвярджаюць далейшыя поспехі канкурсантаў. Многія з іх становяцца кіраўнікамі сістэмы адукацыі, вучонымі. Значная колькасць былых канкурсантаў атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Больш за тое, яны становяцца актыўнымі грамадскімі дзеячамі, якія працуюць на карысць развіцця якасці адукацыі. У сувязі з гэтым Васіль Антонавіч адзначыў грамадска-педагагічную значнасць клуба “Крыштальны журавель”.
Сёлетні конкурс “Настаўнік года” праходзіць у новым фармаце — на аснове прадметна-тэматычных секцый. Гэта, як ужо не раз адзначалася, дазваляе глыбей, больш упэўнена і дакладна ацаніць прафесіяналізм педагогаў. Акрамя таго, значна павышае колькасць удзельнікаў. На гэты раз у розных этапах конкурсу ўдзельнічала больш за 30 000 педагагічных работнікаў, што ў тры разы больш, чым у папярэднія гады.
Новым з’яўляецца ўключэнне ў склад удзельнікаў конкурсу педагагічных работнікаў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, што забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага) і агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі. Конкурс праводзіцца па 7 намінацыях: 1 — “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”; 2 — “Замежная мова”; 3 — “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”; 4 — “Пачатковыя класы”; 5 — “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”; 6 — “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”; 7 — “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
— У фінале конкурсу “Настаўнік года” — лепшыя з лепшых, сапраўдныя прафесіяналы. Вы — пераможцы, і ўсе конкурсныя знаходкі ўжо з’яўляюцца здабыткамі для ўсёй педагагічнай супольнасці, — адзначыў Васіль Антонавіч Будкевіч.
Са словамі віншавання і наказу звярнуўся да канкурсантаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка старшыня журы конкурсу Аляксандр Іванавіч Жук:
— Паважаныя калегі, у свеце ёсць толькі адна прафесійная суполка, якая ў найбольшай ступені ўздзейнічае на фарміраванне інтэлекту, культуры, маральнасці нацыі, — гэта настаўнік. Конкурс з’яўляецца падзеяй не толькі прафесійна-педагагічнай, але і дзяржаўна-значнай. Удзел у конкурсе — гэта няпросты і шматэтапны марафон для кожнага ўдзельніка. Гэта шлях да вяршыні. У фінале конкурсу сустракаюцца прадстаўнікі розных прадметных галін, але агульнай якасцю для ўсіх з’яўляецца высокі прафесіяналізм, — сказаў Аляксандр Іванавіч.
60 працэнтаў удзельнікаў фіналу — настаўнікі вышэйшай катэгорыі, 30 працэнтаў — маюць першую катэгорыю і адзін з’яўляецца настаўнікам-метадыстам. Удзельнікам фіналу неабходна будзе прайсці праз псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, даць урокі ў незнаёмым класе (а дашкольнікам — заняткі ў незнаёмай групе), абараніць аўтарскую педагагічную сістэму ў ходзе майстар-класа.
У суперфінале сем пераможцаў адкажуць на пытанні журы падчас прэс-канферэнцыі, правядуць міні-ўрокі і выступяць публічна, дэманструючы пры гэтым веды і разуменне тэндэнцый развіцця адукацыі і грамадства.
Новы фармат конкурсу прадугледжвае і новыя патрабаванні да падбору членаў журы. У яго склад увайшлі 48 спецыялістаў, сярод якіх 17 дактароў і кандыдатаў навук, вядомых сваімі дасягненнямі ў галіне педагагічнай адукацыі, 11 метадыстаў, 15 настаўнікаў-практыкаў (11 з якіх — настаўнікі-метадысты). Акрамя таго, у склад журы ўваходзіць 5 кіраўнікоў устаноў сістэмы адукацыі.
Старшыні прадметных журы
Старшынёй журы па прадметах “Гісторыі”, “Грамадазнаўства” з’яўляецца Валянціна Васільеўна Гінчук — начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-1997”.
Па біялогіі журы ўзначальвае Васіль Вітальевіч Грычык, загадчык кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар біялагічных навук.
У намінацыі “Пачатковыя класы” старшынёй журы з’яўляецца Вольга Ігараўна Цірынава, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
У намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” — Наталля Сцяпанаўна Старжынская, прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук.
У намінацыі “Замежная мова” старшынёй журы стала Наталля Валянцінаўна Дземчанка, начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра лінгвістычнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт (англійская мова).
Старшынёй журы па прадмеце “Фізіка” з’яўляецца Мікалай Іванавіч Запрудскі, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук; па інфарматыцы — Сяргей Іванавіч Зянько, загадчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка; па матэматыцы — …..
Па рускай мове і літаратуры — Людміла Андрэеўна Худэнка, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт.
Па беларускай мове і літаратуры — Ганна Міхайлаўна Валочка, загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт.
Па музыцы — Валянцін Васільевіч Коваліў, дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
Па выяўленчым мастацтве — Барыс Андрэевіч Лазука, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры філіяла “Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт.
Па працоўным навучанні —Алена Уладзіміраўна Ціханава, загадчык кафедры працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, кандыдат педагагічных навук.
Па фізічнай культуры і здароўю — Таццяна Андрэеўна Лапацік, загадчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар.
Асаблівая адказнасць ускладзена на журы суперфіналу, якое павінна вызначыць пераможцу конкурсу “Настаўнік года-2014”, педагога, прафесійнае майстэрства якога стане сімвалам айчыннай адукацыі на наступныя тры гады.

Склад журы суперфіналу:
Аляксандр Іванавіч Жук, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар, старшыня журы;
Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт, намеснік старшыні журы;
Наталля Генадзьеўна Грыневіч, старшыня Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, дырэктар дзіцячай студыі сучасных ведаў “Познайка”;
Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўніца англійскай мовы, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011”;
Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”;
Леанід Рыгоравіч Марковіч, загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ, настаўнік фізікі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”;
Ала Мікалаеўна Сопікава, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы;
Раіса Станіславаўна Сідарэнка, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук;
Уладзімір Аляксандравіч Янчук, дэкан факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар.

Вельмі яскравым і эмацыянальным стала выступленне Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай, пераможцы конкурсу “Настаўнік года-2011”:
— Цяпер на сцэне стаіць паўсотні шчасліўчыкаў (са мною разам), бо лёс падарыў ім шанc не толькі атрымаць свайго жураўля, але і ні з чым не параўнаны вопыт. Паверце, дарагія канкурсанты, жыццё пасля конкурсу не будзе ранейшым. Па-першае, вы паставіце перад сабой планку, якую ўжо ніхто не зможа апусціць. Па-другое, праз некаторы час, калі забудуцца конкурсныя хваляванні, вы паглядзіце на сябе па-новаму. А яшчэ перад вамі адкрыюцца выдатныя перспектывы стаць часткай унікальнага настаўніцкага братэрства — клуба “Крыштальны журавель”, месца, дзе кожны з вас зможа разлічваць на разуменне, знайсці падтрымку і дапамогу. А цяпер я жадаю вам выдатных вучняў, падтрымкі калег, унікальных рашэнняў. Я жадаю вам задавальнення ад працэсу і выніку і на ўроку, і на майстар-класе, і тут, на сцэне, — звярнулася да канкурсантаў Інеса Уладзіміраўна.
Затым пачаўся конкурс самапрадстаўлення каманд. Сёлета задача ў канкурсантаў была няпростая. Найперш неабходна было паказаць дасягненні кожнага канкурсанта, але ў камандзе, да таго ж прадэманстраваць сістэму адукацыі рэгіёна. Адразу хачу адзначыць, што ўсе каманды справіліся. І было гэта вельмі прыемна, калі перапаўняла адчуванне гонару і годнасці. Было шмат музыкі, крэатыву і роздуму аб сваёй прафесіі. Вельмі ўразіў падыход каманд да сваіх касцюмаў, якія таксама сімвалізавалі іх еднасць. Было не проста цікава — было эмацыянальна і захапляльна. Хацелася сядзець і глядзець. На настаўнікаў, на іх вучняў, якія прыйшлі не толькі падтрымаць, але і з поўнай адказнасцю заявіць, што іх настаўнік — самы лепшы ў свеце. Адна з канкурсантак адзначыла, што работа — гэта музыка душы. Вось і мне цяпер хочацца праспяваць: “МА-ЛАЙ-ЦЫ!”

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.