Стварэнне спрыяльных умоў для развіцця кожнага дзіцяці, падрыхтоўка яго да паступлення ва УВА і сацыялізацыя — галоўныя задачы, якія паспяхова вырашае педагагічны калектыў гімназіі № 1 Жлобіна. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі восеньскага прэс-туру па Гомельшчыне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Для развіцця і росту — інавацыі
Сёння гімназія, якая неаднаразова прызнавалася лепшай у раёне і ўваходзіла ў дзясятку наймацнейшых у вобласці, — гэта сучасная ўстанова, дзейнасць якой накіравана на задавальненне адукацыйных запытаў навучэнцаў, іх бацькоў, соцыуму. Яна з’яўляецца пераемніцай сярэдняй школы № 1 Жлобіна.
— Наша ўстанова ў статусе гімназіі працуе з 2005 года, — расказала яе дырэктар Таццяна Калькова. — За 19 гадоў мы выпусцілі 889 чалавек, 51 з іх узнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі, падрыхтавалі 128 пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Сёння наш калектыў — гэта 135 работнікаў, з іх 99 — педагагічных, сярод якіх 1 настаўнік-метадыст. 77 педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.
Кожны навучэнец (а іх сёння ў гімназіі 1130) разам з бацькамі можа выбраць прадмет для вывучэння на павышаным узроўні на факультатыўных занятках. Гэта дазваляе вучням паглыбіць свае веды і вызначыцца з выбарам профілю навучання на трэцяй ступені адукацыі. У 10—11 класах арганізавана навучанне па напрамках “фізіка — матэматыка”, “хімія — біялогія”, “матэматыка — англійская мова”, “руская мова — замежная мова”, “замежная мова — грамадазнаўства”. Навучэнцы, дарэчы, маюць магчымасць вывучаць на выбар англійскую або нямецкую мову.
Ва ўстанове прадугледжаны развіццё здольнасцей навучэнцаў, фарміраванне ўсебакова развітой, гарманічнай асобы. Менавіта на гэта накіравана работа сеткі гурткоў: рукадзелля, тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, спартыўных секцый, студыі харэаграфіі. Ужо з 2 класа навучэнцы ўцягнуты ў даследчую дзейнасць, удзельнічаюць у рабоце малой акадэміі навук, а з 8 класа — у рабоце навуковага таварыства “Эрудыты”.
Склаліся ў гімназіі і свае традыцыі. Рэгулярна праводзяцца ўнутрыгімназічныя фестывалі замежнай песні “Гімназія Fest” і “Гімназія Festik”, абласны фестываль па замежных мовах “Залатая ліра” і інш.
Гімназія актыўна працуе над рэалізацыяй інавацыйных праектаў. У цяперашні час працягваецца работа над праектам “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў у кантэксце росту ўплыву маладзёжных субкультур на падрастаючае пакаленне”, які разлічаны да 2025 года. Гэта, дарэчы, ужо трэці праект. Яго мэта — распрацоўка методыка-тэхналагічнага інструментарыю, які садзейнічае развіццю сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на ўроках сацыяльна-гуманітарнага цыкла.
Аб якаснай і прадукцыйнай рабоце ўстановы гаворыць тое, што яе выпускнікі маюць на ЦЭ лепшы вынік у раёне. Сярэдні бал гэтым летам склаў 78,82. Два выпускнікі маюць стабальныя вынікі. Амаль усе адзінаццацікласнікі паступілі ва УВА, з іх восем звязалі сваё жыццё з медыцынай і дзевяць — з педагагічнай дзейнасцю. Увогуле, пераважнай большасці навучэнцаў прадметы, якія яны вывучалі на павышаным узроўні, спатрэбіліся для паступлення.
Інжынерам быць хачу!
З году ў год у гімназіі павялічваецца колькасць груп прафесійнай накіраванасці. Сёння тут працуюць дзве педагагічныя групы — у 10 і 11 класах. Па запытах дзяцей і бацькоў арганізавана група ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў 10 класе.
Многія гімназісты выбіраюць для вывучэння на павышаным узроўні фізіку і матэматыку, здаюць гэтыя прадметы на ЦЭ і ЦТ, паступаюць на тэхнічныя і інжынерныя спецыяльнасці. Гэта і стала нагодай задумацца аб стварэнні групы інжынернай накіраванасці. Такая група была адкрыта ў мінулым годзе. А каб работа была больш эфектыўнай, заключаны дамоўленасці з УВА: БДТУ, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя
П.В.Сухога, ГДУ імя Ф.Скарыны, а таксама з філіялам “Жлобінскія электрычныя сеткі”.
— У цяперашні час патрэбнасць на рынку працы ў інжынерных кадрах з’яўляецца адной з найбольш высокіх. Ва ўмовах хутка зменлівага тэхналагічнага асяроддзя важнай для дзяржавы з’яўляецца якасная падрыхтоўка спецыялістаў-інжынераў. У гімназіі інжынерная група была створана з мэтай фарміравання станоўчага стаўлення да інжынернай дзейнасці і гатоўнасці да ўсвядомленага выбару вучнямі гэтага напрамку для працягу адукацыі, — заўважае Таццяна Калькова.
Па словах кіраўніка інжынернай групы Галіны Тэльманян, праграма факультатыўнага курса “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” пабудавана па прынцыпе модульна-блочнай сістэмы. Ёсць дзевяць абавязковых модуляў і варыятыўныя модулі. У кожным модулі-тэме працэс навучання разбіваецца на блокі. Першы блок інфармацыйны. Навучэнцы вывучаюць разнастайнасць інжынернай дзейнасці ў будаўніцтве, архітэктуры і інш. Другі блок прафарыентацыйны, у якім навучэнцы знаёмяцца з канкрэтнымі прафесіямі: лагіста, будаўніка, праграміста, дызайнера. Трэці — экскурсійны: навучэнцы наведваюць прадпрыемствы, вытворчасці, у перспектыве — універсітэцкія лабараторыі. Апошні модуль практыка-арыентаваны: арганізоўваюцца заняткі па мадэляванні, праграмаванні. І да завяршэння курса навучэнцы падыходзяць з дакладным разуменнем, чаму яны выбіраюць тую ці іншую прафесію, кім яны хочуць стаць і г.д.
Педагагічнае канфеці
— Другі год у гімназіі адкрываюцца групы педагагічнай накіраванасці, і гэта невыпадкова, — адзначае дырэктар. — Установа пасля адмены экзаменаў для паступлення ў гімназію стала расці — павінен быў павялічыцца і педагагічны калектыў. І тут мы адчулі пэўныя цяжкасці: не заўсёды хапала маладых спецыялістаў, даводзілася перавучваць калег-настаўнікаў. Таму зараз мы актыўна працуем на матывацыю навучэнцаў да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці. Нашы выпускнікі паступаюць пераважна на такія напрамкі, як замежныя мовы, псіхалогія, філалогія, хімія і біялогія. А вось да падрыхтоўкі будучых фізікаў, матэматыкаў, філолагаў мы яшчэ толькі ідзём. Спадзяюся, групы прафесійнай накіраванасці ўзмоцняць гэты эфект і дапамогуць вучням рабіць больш усвядомлены выбар прафесіі, — заўважае Таццяна Міхайлаўна.
Для таго каб у школу прыйшоў кампетэнтны, добра падрыхтаваны спецыяліст, у гімназіі вядзецца мэтанакіраваная работа. Арганізоўваюцца заняткі факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, разлічаныя на 140 гадзін.
— Мэта педагога — абудзіць цікавасць да настаўніцкай прафесіі і падрыхтаваць дзяцей да яе ўсвядомленага выбару, — расказвае кіраўнік педгрупы педагог-псіхолаг Святлана Рагавая. — Акрамя наведвання факультатыўных заняткаў, складнікамі якіх з’яўляюцца трэнінгі, адукацыйныя квесты, кейс-тэхналогіі, праектная дзейнасць, навучанне ў педгрупе ўключае праходжанне педагагічных проб, што прадугледжвае наведванне ўрокаў настаўнікаў, правядзенне мікрадаследаванняў, арганізацыю гульняў на перапынках, падрыхтоўку і правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў, фрагментаў урокаў, практыку ў школьным лагеры, валанцёрскую дзейнасць. Яшчэ адна важная частка работы — стварэнне партфоліа, у якое збіраецца ўсё самае каштоўнае, што зрабілі навучэнцы. Гэта іх асабістыя дасягненні, вынікі вучэбнай і педагагічнай дзейнасці — эсэ, творчыя заданні, даныя дыягностыкі, праекты, ацэначныя каментарыі педагогаў, вынікі ўласнай рэфлексіі і г.д.
Выпускніца педгрупы Варвара Сёмкіна марыць стаць настаўніцай замежнай мовы і працягнуць педагагічную дынастыю. Па слядах мамы і настаўніцы рускай мовы і літаратуры ідзе і адзінаццацікласніца Аліса Падлужная. Дзяўчына лічыць, што, нягледзячы на развіццё тэхналогій, настаўніцкая прафесія — на вякі.
— Мне хочацца таксама ўнесці свой уклад у фарміраванне новага пакалення, стаць настаўнікам-матыватарам, натхняльнікам, настаўнікам, які будзе пастаянна ўдасканальвацца, павышаць сваю кваліфікацыю, — гаворыць дзяўчына.
Варвара Сёмкіна прадставіла ўдзельнікам прэс-туру электронны лэпбук “Педагагічнае канфеці”, які дэманструе работу педагагічнай групы. Лэпбук складаецца з сямі модуляў. Першы модуль — “Я пазнаю сябе” — змяшчае звесткі з псіхалогіі, чалавечых узаемаадносін, педагагічнай тэорыі. Азнаёміцца з ім можна з дапамогай інтэрактыўных клавіш. Тут ёсць псіхалагічныя тэсты, якія дапамагаюць навучэнцам пазнаць сябе. Іх можна лёгка прайсці і хутка атрымаць вынік. У модулі “Педагог — маё прызванне” — фрагменты эсэ, якія былі прадстаўлены навучэнцамі педгрупы на аднайменным конкурсе ў ГДУ імя Ф.Скарыны. За гэты модуль будучыя настаўнікі атрымалі дыплом і падзяку. Лейтматыў модуля “Дыялог пакаленняў” — “Педагогі не бываюць былымі, педагог — гэта назаўсёды”. Навучэнцы не забываюць педагогаў-ветэранаў гімназіі, таму традыцыйна праводзяць сустрэчы з імі. Неад’емнай часткай работы педгрупы з’яўляюцца сацыяльна значныя акцыі. Былі арганізаваны акцыі “Я — педагог”, “Дзень без шкодных звычак” і інш. Модуль “У педагогі я пайду, няхай мяне навучаць” утрымлівае звесткі пра інфармацыйныя сустрэчы, якія былі арганізаваны прадстаўнікаміі ГДУ імя Ф.Скарыны, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна і інш. У модулі “Вернісаж педагагічных прафесій” прадстаўлены першыя крокі ў прафесію, педагагічныя пробы навучэнцаў. Заключны модуль “Што значыць быць педагогам” змяшчае ўзнагароды, фотасправаздачы з мерапрыемстваў і інш.
У тандэме
Выбар прафесіі — адно з найважнейшых рашэнняў, якое чалавек прымае ў сваім жыцці. Прафесію настаўніка выбралі для сябе маладыя спецыялісты, якія прыйшлі сёлета ў гімназію па размеркаванні: настаўніца геаграфіі, дарэчы, выпускніца педкласа з Магілёўскай вобласці, Ганна Клімянкова і настаўніца пачатковых класаў Ірына Пышная.
— Пераезд і адаптацыя да новага горада — гэта, бадай што, самыя складаныя перамены, якія здарыліся ў маім жыцці сёлета, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад першых месяцаў работы Ганна Клімянкова. — У гімназіі мяне прынялі цёпла, адміністрацыя і калегі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. У прафесію мне дапамагае ўвайсці вопытная настаўніца Таццяна Мікалаеўна Пекур. У нас практыкуецца ўзаеманаведванне ўрокаў: я вучуся ў яе, а яна дае мне каштоўныя парады. Па ўсіх узнікаючых пытаннях магу звярнуцца да Таццяны Мікалаеўны.
Настаўніца пачатковых класаў Ірына Пышная працуе ў цеснай звязцы з вопытнай настаўніцай Таццянай Паўлаўнай Навумавай. Абедзве з’яўляюцца класнымі кіраўнікамі ў 1-х класах.
— Мы працуем у суседніх кабінетах на адной паралелі, — расказвае Таццяна Паўлаўна. — Быў складзены план, у адпаведнасці з якім мы дзейнічаем. Ён уключае і работу з нарматыўнай дакументацыяй, вядзенне школьнай дакументацыі, арганізацыю і правядзенне ўрокаў, ацэньванне вынікаў вучэбных дасягненняў школьнікаў і г.д. Чатыры разы на тыдзень адбываецца ўзаеманаведванне ўрокаў. У працэсе назірання, аналізу заняткаў асаблівую ўвагу звяртаю на падрыхтоўку да ўрока, арганізацыйныя бакі вучэбнага працэсу, знаёмлю з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы. Даю метадычныя рэкамендацыі і практычныя парады. На гэтым этапе аказваю дапамогу і ў правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, што спрыяе фарміраванню тых якасцей, якія і вызначаюць ступень майстэрства маладога настаўніка.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Ігара ГРЭЧКІ