З Bingo французская мова вучыцца хутчэй

- 9:00Метадычная скарбонка

Французская мова ў сярэдняй школе — адзін з самых складаных вучэбных прадметаў і выклікае цяжкасці ў многіх навучэнцаў. Настаўніку вельмі няпроста зацікавіць дзяцей французскай мовай і навучыць размаўляць на ёй. У канцэпцыі вучэбнага прадмета “Замежная мова”, сярод галоўных задач вылучаецца авалоданне замежнай мовай як сродкам міжкультурнай камунікацыі. Гэтым і прадугледжваецца прыярытэт навыкаў аўдзіравання, які азначае разуменне маўлення, што ўспрымаецца на слых, і непасрэдна самога маўлення перад астатнімі відамі маўленчай дзейнасці.

Дарэчы, аўдзіраванне як дзеянне, якое ўваходзіць у склад вуснай камунікатыўнай дзейнасці, выкарыстоўваецца ў любых зносінах, падпарадкаваных вытворчым, грамадскім або асабістым патрэбам. Важны і той момант, што недастатковае разуменне сказанага суразмоўцам можа парушыць увесь працэс зносін. Такім чынам, без аўдзіравання немагчыма вывучыць мову і карыстацца іншамоўным маўленнем на тым узроўні, які неабходны на сучасным этапе развіцця грамадства.

Успрымаць і разумець маўленне на слых вучу дзяцей на сваіх уроках рэгулярна, пачынаючы з 3 класа, гэта значыць з першага года навучання французскай мове. У структуры ўрока выкарыстоўваю гэты від дзейнасці на розных этапах: актуалізацыі ведаў, паведамлення новага матэрыялу, замацавання і паўтарэння. Месца аўдзіравання ў першую чаргу вызначаецца мэтай, якую стаўлю перад сабой і навучэнцамі. Калі на ўроку плануецца, скажам, фарміраванне граматычных навыкаў, аўтэнтычнае маўленне можа з’яўляцца спосабам распазнавання ў тэксце, напрыклад, ужывання часу дзеяслова, што вывучаецца на гэтым уроку. У сваю чаргу на ўроку фарміравання лексічных навыкаў аўтэнтычнае маўленне дапамагае засвойваць і замацоўваць новыя словы, пашыраць слоўнікавы запас. Пры развіцці фанетычных навыкаў звяртаю асаблівую ўвагу на авалоданне тэхнікай вымаўлення іншамоўных гукаў у словах, словазлучэннях і сказах. Пры навучанні ўспрыманню і разуменню маўлення на слых у пачатку заняткаў выкарыстоўваю аўдзіраванне ў якасці маўленчай зарадкі.

Матэрыял падбіраю ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі навучэнцаў і іх маўленчым вопытам у роднай і замежнай мовах. Немалаважна таксама, каб у матэрыяле змяшчалася новая і цікавая для школьнікаў інфармацыя, каб былі прадстаўлены розныя формы маўлення, а тэкст выклікаў станоўчы эмацыянальны водгук, меў выхаваўчую каштоўнасць.

Вельмі важна правільна падабраць патрэбныя аўдыятэксты. Занадта цяжкія тэксты могуць выклікаць расчараванне навучэнцаў, пазбавіць іх веры ў поспех. Непажаданыя і занадта лёгкія, паколькі адсутнасць моманту пераадолення цяжкасцей робіць работу нецікавай і непрывабнай. Як паказвае мой вопыт, для школьнікаў малодшых класаў даступнымі і цікавымі з’яўляюцца тэксты, заснаваныя на казачных сюжэтах, займальныя гісторыі пра жывёл. Старшакласнікаў больш цікавяць тэксты, звязаныя з палітыкай, тэхнікай, дэтэктывы. З вялікай цікавасцю яны слухаюць аўдыятэксты пра каханне і сяброўства, пра жыццё народаў іншых краін, пра прыроду. Навучэнцы выпускных класаў праяўляюць цікавасць да тэкстаў, звязаных з выбарам прафесіі.

Практыкаванні пры рабоце з аўдыятэкстам дзеляцца на перадтэкставыя, практыкаванні, якія выконваюцца падчас праслухоўвання, і паслятэкставыя практыкаванні.

Першыя выконваюцца перад праслухоўваннем. Іх мэта — актывізацыя слоўнікавага запасу навучэнцаў па тэме, актуалізацыя сацыякультурных ведаў, зняцце лексічных і моўных цяжкасцей, а таксама псіхалагічнага напружання перад праслухоўваннем. Акрамя таго, абавязкова неабходна паведаміць задачы праслухоўвання — праслухаць і адказаць на пытанні, праслухаць і запоўніць пропускі і г.д. Абавязкова трэба даць дзецям час азнаёміцца і з друкаваным заданнем, калі яно ёсць у падручніку або прадастаўлена настаўнікам на асобным лісце, а затым праверыць, ці зразумелі яго падапечныя, зняць цяжкасці, калі яны выявіліся.

Пры праслухоўванні стараюся праверыць уменне навучэнцаў арыентавацца ў тэксце, разумець, у якой частцы тэксту шукаць інфармацыю, што нас цікавіць, суадносіць друкаваную інфармацыю і інфармацыю, якая гучыць. Падчас праслухоўвання прапаную дзецям наступныя заданні:

• праслухаць тэкст і ўставіць прапушчаныя словы ў сказах;

• праслухаць тэкст і сказаць, якія з прапанаваных словазлучэнняў ужываліся ў ім без якіх-небудзь змяненняў;

• праслухаць тэкст і сказаць, якія азначэнні да наступных слоў у ім сустракаліся;

• закончыць сказы;

• праслухаць тэкст і сказаць, што ў ім гаварылася аб чым-небудзь;

• праслухаць тэкст і знайсці рускі/французскі эквівалент слоў у паралельным слупку;

• праслухаць тэкст і запоўніць табліцу;

• заданне “стоп-кадр”: праслухаць першую палову тэксту, другую — прыдумаць і расказаць самім.

Практыкаванні, якія выконваюцца пасля праслухоўвання, носяць кантралюючы характар. Яны дазваляюць праверыць ступень разумення дзецьмі інфармацыі, якая змяшчаецца ў тэксце, ступень пранікнення ў агульны змест або дэталі, выказаць свае адносіны да праслуханага.

Вось некаторыя з тыповых заданняў на гэтым этапе ўрока:

• практыкаванні тыпу дакладна/недакладна;

• падбор ілюстрацый да тэксту;

• упарадкаванне пунктаў плана;

• паказ на карце плана маршруту;

• выкананне тэста множнага выбару (з 3—4 сцвярджэнняў — адно правільнае, астатнія — адцягваючыя);

• выкананне тэста ўзнаўлення (навучэнцы слухаюць тэкст двойчы. Другі раз тэкст падаецца з пропускамі з вызначанымі загадзя інтэрваламі, напрыклад, кожнага 7-га слова. Задача вучняў — запісаць па парадку прапушчаныя словы);

• выкананне альтэрнатыўнага тэста (так — не, “+”, “-“);

• выбар загалоўка тэксту з некалькіх прапанаваных варыянтаў;

• адлюстраванне пачутага ў выглядзе малюнка.

На наступным этапе ўводжу больш складаныя практыкаванні, у тым ліку адказы на канкрэтныя пытанні, запаўненне пропускаў у сказах.

Вельмі важнай дэталлю, як я пераканалася, з’яўляецца працягласць тэксту. Пачынаю работу на слых з невялікіх па аб’ёме тэкстаў, заснаваных на лексічным матэрыяле, якім дзеці добра валодаюць.

Звычайна дзеці слухаюць тэкст двойчы. Пасля першага праслухоўвання правяраю ступень разумення навучэнцамі інфармацыі з тэксту. Раблю гэта з дапамогай агульных пытанняў. Калі ў працэсе апытання бачу, што тэкст навучэнцы не зразумелі ці зразумелі часткова, то падчас другога праслухоўвання звычайна разбіваю яго на сэнсавыя часткі і працую з асобнымі часткамі. Калі пераконваюся, што большасць маіх падапечных зразумелі сэнс пачутага, пераходжу да наступнага этапу. Гэта можа быць падагульненне інфармацыі, атрыманай у працэсе праслухоўвання, складанне аповеду па праслуханым тэксце або па зададзенай тэме на аснове праслуханага і з выкарыстаннем лексічных і граматычных адзінак, выкарыстаных у тэксце. У кожнага навучэнца аповед будзе свой, у адпаведнасці з яго асабістым успрыманнем, слоўнікавым запасам і колькасцю інфармацыі, што запомнілася. Затым можна напісаць сачыненне або эсэ.

Вельмі добра зарэкамендавалі сябе і каментарыі, выказванні сваіх адносін да пачутага. Гэта найбольш складаны, але адначасова і самы каштоўны від практыкаванняў, таму што тут мы маем справу амаль са спантанным маўленнем.

Навучаць успрыманню і разуменню французскага маўлення на слых можна і пры дапамозе аўтэнтычнага песеннага і відэаматэрыялу, які з’яўляецца невычэрпнай крыніцай пасіўнай лексікі, дазваляе ненадакучліва паўтараць граматычныя з’явы вывучаемай мовы, самым спрыяльным чынам адбіваецца на вымаўленні вучняў, стымулюе матывацыю.

Праводжу таксама розныя аўдытыўныя гульні. Да іх адносяцца наступныя практыкаванні:

• Праслухаць дыялогі, праставіць нумары дыялогаў пад карцінкай, якая адпавядае дыялогу. Гэта можа быць і апісанне ў выглядзе маналогаў.

• Гульня Bingo.

Навучэнцы атрымліваюць карткі з адным ці некалькімі словамі. Настаўнік называе літару; калі яна ёсць у слове, яе варта закрэсліць. Калі закрэслены ўсе літары, навучэнец павінен выкрыкнуць Bingo.

• На картках могуць быць карцінкі з выявай розных прадметаў. Пачутае слова адзначаецца крыжыкам. Выйграе той, хто першым адзначыць усе словы.

• Візуальны дыктант. Навучэнцам раздаюцца незапоўненыя планы кватэры ці пакоя, у якіх яны, арыентуючыся на слых, павінны расставіць мэблю. Дыктант, калі няма яго аўдыязапісу, настаўнік можа скласці сам, але трэба памятаць, што змест павінен быць цікавым і незвычайным, каб у навучэнцаў ствараўся момант нечаканасці, дадатковая матывацыя. Напрыклад, можна прапанаваць навучэнцам зазірнуць у пакой Мішы пасля таго, як ён пагуляў з сябрамі: шукаў свой дзённік, пакінуў там свайго шчанюка і г.д.

• Прыпыняць гучанне тэксту (можна неаднаразова) і заахвочваць навучэнцаў да прагназавання працягу тэксту.

• Праслухаць фрагмент тэксту і знайсці яго месца ў графічным тэксце.

• Прапанаваны шэраг карцінак раскласці ў паслядоўнасці, якая прагназуе змест тэксту.

• Вызначыць, каму з персанажаў тэксту могуць належаць прапанаваныя рэплікі.

• “Гаворачы сказ”. Адзін навучэнец выходзіць з класа. Настаўнік паказвае астатнім сказ і называе па адным слове з гэтага сказа кожнаму навучэнцу. Калі вучань уваходзіць у клас, усе пачынаюць называць свае словы, а экзаменуемы павінен зразумець сэнс выказвання, у ідэальным варыянце расставіць усе словы па сваіх месцах, каб атрымаўся “гаворачы сказ”.

• Настаўнік уключае відэазапіс, дзеці садзяцца спінай да экрана. Іх задача — паспрабаваць як мага больш поўна ўявіць сабе візуальную карціну таго, што адбываецца. Затым параўнаць свае ўражанні з рэальнай выявай.

• Адлюстраваць пачутае ў выглядзе малюнка.

• Выбраць са сказаў, якія гучаць, тыя, што характарызуюць станоўчыя адносіны аўтара праслуханага апавядання да дзеючых асоб, падзей, фактаў.

Гульнявая дзейнасць уплывае на развіццё ўвагі, памяці, мыслення, уяўлення. Пры правядзенні такіх гульняў пажадана мець прафесійны запіс, зроблены носьбітам мовы. Гэта значна павышае эфектыўнасць праслухоўвання. Толькі важна, каб запіс прад’яўляўся аднаразова, інакш гульня страціць сэнс.

Работа ў гэтым напрамку прывяла да таго, што маіх падапечных ужо не палохае чужое незнаёмае маўленне. Дзеці праяўляюць вялікую актыўнасць пры зносінах на французскай мове. З вялікім жаданнем яны сталі наведваць разнастайныя конкурсы, пасяджэнні дыскусійнага клуба, якія праходзяць у французскай медыятэцы з удзелам носьбітаў мовы.

Неаднаразова мае падапечныя станавіліся пераможцамі раённага конкурсу даследчых работ, а Маша Сямехіна за работу “Мова жывапісу і яе ўплыў на фарміраванне і развіццё французскай мовы” і Каця Мотуз за “Замкавы турызм Беларусі і Францыі” ўдастоены дыпломаў лаўрэата III ступені на гарадскім этапе конкурсу.

Цікава праходзяць у нас і сустрэчы з людзьмі, якія пабывалі ў Францыі. Для замежных гасцей навучэнцы праводзяць экскурсіі на французскай мове па школьным музеі. Яшчэ мы прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе відэаролікаў “Чаму я вывучаю французскую мову?” і занялі на ім прызавое месца.

Успрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых — гэта не толькі самастойны від маўленчай дзейнасці. Гэта яшчэ і магутны сродак навучання. Яго вынікам становяцца ўменне вырашаць прапанаваныя камунікатыўныя задачы ў сацыякультурнай, штодзённай і прафесійнай сферах зносін, павышэнне матывацыі навучэнцаў пры вывучэнні французскай мовы, далучэнне іх да культуры краіны вывучаемай мовы і ўзбагачэнне ўласнай культуры.

Таццяна МАЖЫЛОЎСКАЯ,
настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 157 Мінска імя А.С.Бурдзейнага.