Педагогі Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна плённа працуюць над духоўна-маральным выхаваннем дзяцей. За сваю працу яны атрымалі высокую ўзнагароду — Архіерэйскую грамату “Во внимание к усердным трудам во Славу Церкви Божьей”.
Настаўнікі заўсёды ў пошуку: як знайсці магчымасць сарыентаваць дзіця на сапраўдныя маральныя каштоўнасці, як укараніць у яго свядомасці паважлівае стаўленне да людзей і грамадства, міласэрнасць і пакаянне, любоў да радзімы і свайго народа, як навучыць адрозніваць дабро і зло. Пошук настаўнікаў Грыцэвіцкай сярэдняй школы прывёў да стварэння інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе арганізацыі духоўна-асветніцкай работы”, які пачалі рэалізоўваць у школе ў 2014 годзе. Установа адукацыі цесна супрацоўнічае са Слуцка-Салігорскай епархіяй, царквой Святога Пятра і Паўла аграгарадка Грыцэвічы і святаром айцом Валерыем. У школе праводзяцца факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры” для навучэнцаў 1—11 класаў, cтвораны праваслаўны куток.
У рамках праекта праводзяцца пазнавальныя гульні і сямейныя конкурсы, сумесныя святы і лекцыі, дыскусіі са старшакласнікамі і канферэнцыі настаўнікаў і бацькоў, размовы са святаром і экскурсіі па святых месцах. Палюбіліся вучням і педагогам праваслаўныя святы, якія адзначаюць у школе разам. Дзеці далучаюцца да шматлікіх акцый: “Дзень пажылых людзей”, “Падарунак сябру”, “Вясновы тыдзень дабра”, “Рука ў руцэ”, “Па дарозе дабра”, “Цёплы дом”.
Інавацыйная дзейнасць дазволіла педагогам адкрыць для сябе і нават стварыць новыя інтэрактыўныя, актыўныя формы работы, якія дазваляюць разглядаць сем’і навучэнцаў як партнёраў. Так з’явіўся форум-тэатр “Сямейны дзённік”, прайшлі дабрачынны калядны баль “Свет нязгасны каляднай зоркі”, фестываль хрысціянскай кнігі “Ёсць цуд на зямлі з назвай дзіўнай кніга”, фестываль сямейных рэліквій “Любы народ на свеце зберагае рэліквіі свае, свае святыні”, педагагічныя чытанні “Славы найярчэйшая першая дачка”, прысвечаныя праведнай Софіі, княгіні Слуцкай. Наладжана работа віртуальнага музея і лабараторыі сацыяльных праблем. У школе прайшоў тыдзень праваслаўнай культуры пад назвай “Дарогай дабрыні”, мерапрыемствы якога ахапілі ўсіх навучэнцаў. Гэта былі творчыя майстэрні, аўкцыён ідэй, прэзентацыя праектаў, гульня-імітацыя, адаптацыйныя заняткі. Так, у пачатковай школе прайшлі выстава “Свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы” і фотавыстава “Духоўнасць — гэта стан душы”, акцыя “Калейдаскоп добрых спраў”, завочнае падарожжа “Святыні беларускай зямлі”. Навучэнцы 5—7 класаў мелі магчымасць пашырыць свае веды на пазакласных мерапрыемствах “Чыстыя сэрцам”, усвядоміць шкодны ўплыў нецэнзурных слоў на класнай гадзіне “Брыдкаслоўе — гэта …”. Дзяўчаты і юнакі старэйшага звяна ў ходзе псіхалагічнага трэнінгу-практыкуму і ролевай гульні змаглі на сабе адчуць усю складанасць узаемаадносін мужчыны і жанчыны, будучых мужа і жонкі.
Дэвізам сваёй работы педагогі школы лічаць словы В.А.Сухамлінскага: “Асаблівая сфера выхаваўчай работы — засланенне дзяцей, падлеткаў, юнацтва ад адной з самых вялікіх бед — пустаты душы, бездухоўнасці. Сапраўдны чалавек пачынаецца там, дзе ёсць святыні душы…” Настаўнікі Грыцэвіцкай школы ствараюць такую атмасферу, каб душы дзіцячыя не былі пустымі, напаўняюць іх любоўю і дабрынёй. Работа ў рамках праекта працягнецца да 2017 года, але духоўна-маральнае выхаванне не застанецца па-за ўвагай педагогаў школы ніколі.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.