З іскрай у душы і верай у перамогу

- 10:33Навіны рэгіёнаў, Рознае

“Зарніца” прываблівае сваім ззяннем ужо многа пакаленняў маладых людзей. Шмат аматараў гэтай ваенна-патрыятычнай гульні і на Міншчыне. Лепшых з іх сабраў абласны этап Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Адбыліся спаборніцтвы ў Барысаве, на базе сярэдняй школы № 7 і 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.

Для таго каб паспяхова ўдзельнічаць у “Зарніцы”, неабходна быць не толькі добра фізічна падрыхтаваным, але і творчым, артыстычным чалавекам, умець працаваць у камандзе. Адно з конкурсных заданняў мае назву “З іскрай у душы і верай у перамогу”. Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць тое, як спаборнічалі дзеці ў гульні “Зарніца”. Усе заданні яны выконвалі з азартам і юнацкім захапленнем.

Урачысты настрой падарыла дзецям цырымонія адкрыцця мерапрыемства, дзе іх вітаў ветэран Узброеных Сіл воін-інтэрнацыяналіст Фелікс Дарафеевіч Котаў. Стартавала “Зарніца” пад маршы, якія выконваў ваенны аркестр 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.

Акопы, бураломы і мышалоўкі давялося пераадольваць удзельнікам гульні падчас ваенізаванай эстафеты. Каманды кідалі гранаты, знаходзілі выхад з лабірынта, “размініравалі” пэўныя ўчасткі мясцовасці, збіралі і разбіралі аўтамат, камплектавалі рэчавы мяшок, даказвалі, што ведаюць воінскія званні.

Страявыя прыёмы і выкананне страявых песень дэманстравалі каманды ў конкурсным заданні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”. Давялося заспяваць дзецям і ў конкурсе “З іскрай у душы і верай у перамогу”. І не толькі заспяваць — конкурснае заданне патрабавала таксама інсцэніроўкі адпаведнай песні.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” сталі ўдзельнікі піянерскай дружыны імя А.Г.Сярэбраннікава сярэдняй школы № 7 Барысава. Другое месца раздзялілі каманды дзіцячага сада — сярэдняй школы аграгарадка Лашаны Мінскага раёна і Блонскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. Бронзавыя ўзнагароды атрымалі таксама дзве каманды — клецкай сярэдняй школы № 3 і гімназіі № 1 Жодзіна.

Дар’я РЭВА.
Фота Мікалая МАКАРЭВІЧА.