З Коласам па жыцці

- 11:06Навіны рэгіёнаў

Ёсць людзі, пра якіх нельга гаварыць без хвалявання і сардэчнай удзячнасці. Такім чалавекам з’яўляецца Якуб Колас — выдатны паэт, празаік, драматург, які прынёс нашай літаратуры сусветную славу. Калі мы пачынаем чытаць яго творы, нас заўсёды ахоплівае нейкае асаблівае пачуццё. Здаецца, мы прыйшлі ў госці да вельмі блізкага і роднага чалавека, які нас любіць і паважае.

У гэтым годзе ўся краіна святкуе юбілей класіка беларускай літаратуры. Для нашай навучальнай установы гэтая падзея асаблівая і знакавая, бо Нясвіжскі дзяржаўны каледж з гонарам носіць імя Якуба Коласа. Штогод ва ўстанове праходзяць “Каласавіны”, а сёлета святкаванне набыло надзвычай шырокі размах. З пачатку 2017 года працавала творчая майстэрня “З Коласам па жыцці”, штомесяц адбываліся святочныя мерапрыемствы, якія паступова набліжалі да 135-й гадавіны з дня нараджэння беларускага песняра. Заключным этапам свят стала творчая акцыя “Якуб Колас — мой і наш”.

Многія спецыяльнасці ў нашай навучальнай установе звязаны з педагагічнай сферай, таму мерапрыемствы, якія праходзяць у каледжы, маюць прафесійны кірунак. На прыкладзе жыцця і творчай дзейнасці Якуба Коласа навучэнцы маюць магчымасць спазнаць хараство роднай прыроды, адчуць адданасць сваёй прафесіі, навучыцца добрым адносінам да людзей.

Прадстаўнікі кожнай спецыяльнасці, што атрымліваюць у каледжы, унеслі свой уклад у святкаванне юбілею песняра. Так, выкладчыкі і навучэнцы спецыяльнасці “Фізічная культура” распрацавалі турыстычны маршрут па мясцінах Якуба Коласа, спецыяльнасці “Дызайн” — стварылі мастацкія кампазіцыі і інсталяцыі “Праз ніці белай павуціны — абрысы часу песняра…”. Усе, хто мае дачыненне да спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і “Замежная мова”, прынялі актыўны ўдзел у конкурсе творчых работ “Адкрываю Коласа нанова”, падчас якога яны ў розных жанрах (лістах, нататках, сачыненнях, эсэ, вершах, перакладах на замежныя мовы) разважалі над сэнсам твораў Якуба Коласа.

Цікава прайшоў фестываль народных гульняў “Казкі жыцця”. Прадстаўнікі некалькіх груп падрыхтавалі для навучэнцаў каледжа цікавыя і змястоўныя гульні: “Проса”, “Два агні”, “Збі бульбу”, “Івашка”, “Маялка” і інш. Хлопцы і дзяўчаты на працягу гадзіны весяліліся, бегалі, скакалі, спявалі, адкрываючы нанова ўсялякія “штукі”, якім вучыў дзяцей, напрыклад, дзядзька Антось з паэмы “Новая зямля”.

Сапраўдным святам стаў фестываль тэатральна-літаратурных пераўвасабленняў “Ну і чытаў, брат, Каласок! Ну і пісаў!..”, дзе навучэнцы спецыяльнасці “Замежная мова” прадэманстравалі свае здольнасці, выбраўшы для пераўвасаблення пэўнага героя коласаўскіх твораў. Гэта былі Андрэй Лабановіч з трылогіі “На ростанях”, Ганна і Сымон з паэмы “Сымон-музыка”, Савось з верша “Савось-распуснік”, рак з паэмы “Рак-вусач” і інш. Выразнае мастацкае чытанне суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй.

Асаблівай увагі заслугоўвае фотаконкурс “#Я чытаю Коласа”, афармленне выставы фота “Мой Колас”, падчас якога група дызайнераў распрацавала спецыяльны трафарэт-выяву постаці Якуба Коласа. Пры дапамозе гэтага трафарэта трэба было зрабіць шэраг фотаздымкаў, сюжэт якіх адлюстроўваў бы сутнасць творчасці Якуба Коласа: мясціны, інтэр’ер, сучаснае стаўленне чытача да яго творчасці. Фота з хэштэгам #Я_чытаю_Коласа змешчаны на старонцы ў “Інстаграме”. Абавязкова даецца тэкставае тлумачэнне выбару фону для фота.

Наша навучальная ўстанова актыўна супрацоўнічае з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем імя Якуба Коласа ў Мінску і яго філіялам. Мы сочым за мерапрыемствамі, якія адбываюцца ў іншых навучальных установах, што носяць імя славутага песняра, наладжваем з імі цесныя сувязі, каб мець магчымасць даведацца нешта новае, што тычыцца асобы Кастуся Міхайлавіча Міцкевіча. Цікава, што напярэдадні знамянальнай даты навучэнцамі спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” устаноўлены факт, што прадзед нашага выкладчыка гісторыі Жанны Гвідонаўны Радчанка — Міхаіл Антонавіч Семяняка — вучыўся з 1898 па 1902 год у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі разам з Якубам Коласам. Пра іншыя цікавыя адкрыцці навучэнцаў каледжа можна даведацца на старонках сайта ўстановы.

Дырэктар каледжа Алена Васільеўна Жураўлёва прапанавала пасадзіць пладовы сад у гонар нашага славутага дзеяча. І яе ініцыятыву падтрымалі ўсе: да 3 лістапада каля навучальнай установы з’явяцца маладыя грушкі і яблынькі. Сад стане сімвалам здзяйснення смелых мар нашчадкаў: як будуць квітнець і сталець гэтыя маладыя дрэвы, так будзе расці і прафесійны ўзровень нашых навучэнцаў.

Выхаванцы і супрацоўнікі каледжа адчуваюць вялікі гонар, што іх установа носіць імя Якуба Коласа, яны працягваюць справу маладосці песняра, а значыць, маюць права звацца яго нашчадкамі.

Віншуем усіх са святам! Коласаўскай вам гуманнасці, яго самаахвярнасці, грамадскай актыўнасці, творчага гарэння і натхнення, поспехаў на ніве народнай адукацыі. Няхай у вашых сэрцах жыве святло і цеплыня Коласавых слоў. І вось вам шчыраванне ад самога Якуба Коласа: “Каб кожны ваш дзень сябраваў з пачаткам або заканчэннем якой-небудзь справы”.

Марыя ЕНЧЫК,
Людміла КІПЕЦЬ,
выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры
Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.