Рака нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць грунтуюцца на глыбокай адданасці Радзiме і веданні яе гiсторыi i культуры. Гэта добра разумеюць вучні сярэдняй школы № 9 Кобрына, якія цікавяцца беларускай народнай спадчынай.
Штогод ва ўстанове адукацыі на працягу тыдня праводзіцца фальклорны фестываль-конкурс “Беларускi вянок” для вучняў 1—11 класаў. Гэтае мерапрыемства аб’ядноўвае дзяцей і настаўнiкаў, дазваляе ім раскрыць творчыя здольнасці і далучыцца да беларускай народнай спадчыны. Але самае галоўнае, што кожны вучань можа адчуць сябе сапраўдным беларусам.
Фестываль-конкурс праходзіць па 11 намінацыях, прысвечаных розным аспектам беларускай культуры. Кожная класная паралель удзельнiчае ў сваёй намiнацыi. Так, першакласнiкi развучваюць беларускія народныя гульні ці забаўлянкі i паказваюць іх гледачам. З самымi малодшымi ўдзельнiкамi конкурсу на сцэну выходзяць i настаўнiкi, каб падтрымаць дзяцей i надаць iм большую ўпэўненасць у сваіх сілах. Другакласнікі чытаюць беларускія вершы на любую тэматыку, выбіраючы творы разам з педагогамi. Трэцякласнiкi спяваюць беларускiя народныя калыханкi, выходзячы на сцэну ў народных касцюмах i з лялькамi ў руках. Чацвёртакласнікі iнсцэнiруюць беларускія народныя казкі з вядомымі персанажамі — Казой-манюкай, Курачкай і Пеўнiкам, Катком — залатым лабком, Лiсiцай-хiтрыцай i iнш. Пяцiкласнiкi спяваюць беларускiя дзiцячыя песнi сольна, групай ці хорам. Шасцікласнікі да пачатку конкурсу плятуць вянкi, а падчас яго прэзентуюць i абараняюць свае работы. Сямiкласнiкi дапамагаюць зазірнуць у душу беларускага народа з дапамогай танцаў “Крыжачок”, “Бульба”, “Млынок”, “Янка-Полька” i iнш. Васьмікласнікі дэманструюць са школьнай сцэны беларускiя абрады “Гуканне вясны”, “Калядкi”, “Масленiцу” і “Купалле”, падчас якіх апранаюцца ў адпаведныя касцюмы i выкарыстоўваюць неабходныя атрыбуты. Дзевяцi- i дзесяцiкласнiкi спяваюць беларускія народныя і эстрадныя песні. А вось адзінаццацікласнікі выконваюць работу на тэму “Гісторыя Кобрына” з выкарыстаннем фотадакументаў, цікавых фактаў, гістарычных падзей і асоб роднага краю. Затым назапашаныя матэрыялы сістэматызуюцца і прыгожа афармляюцца.
Фестываль-конкурс “Беларускi вянок” заўсёды выклікае вялікую цікавасць у вучняў розных класаў. Праз фальклор дзецi вучацца любіць і шанаваць народную культуру.
Маргарыта ГАПАНЮК,
вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 9 Кобрына.