З марай пра сёмгу з беларускай прапіскай

- 12:19Выхаваўчая прастора

У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства завяршыўся фінал рэспубліканскага этапу Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу. Традыцыйна ён праводзіўся 22 сакавіка — у Міжнародны дзень вады. Яго пераможцам стаў Дзяніс Марач, адзінаццацікласнік з гімназіі-інтэрната Мядзела. Юнак прадставіць свой праект і Беларусь на міжнародным фінале ў Стакгольме, дзе і пазмагаецца за галоўны водны прыз планеты.

Сёлета Стакгольмскі юніёрскі водны конкурс пройдзе дзявяты раз і збярэ ўдзельнікаў з больш як 30 краін свету. Гэтымі днямі праходзіць адбор: тысячы юнакоў і дзяўчат спаборнічаюць на нацыянальных этапах у сваіх краінах. У Беларусі ў конкурсе прынялі ўдзел 126 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй краіны, з іх у фінал выйшлі 18, прадставіўшы 15 праектаў.
Традыцыйна на адбор праектаў уплывае іх актуальнасць не толькі для пэўнай мясцовасці і нават краіны, але і для сусветнай воднай сістэмы. Так, сёлета ў фінале крыху ўступілі пераможцу Вікторыя Гоманава (гімназія Глуска Магілёўскай вобласці) з даследаваннем “Змяненне таксічнасці актыўнага ілу і яго ўласцівасцей у часе на адкрытых пляцоўках” і Ігар Плотнікаў (Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму Мінскай вобласці) з работай “Стракозы як індыкатары стану вадаёмаў). Яны атрымалі дыпломы II ступені. Бронзу падзялілі выхаванцы сярэдняй школы № 6 Жодзіна Мінскай вобласці Хрысціна Жыгімонт і Артур Панцюхоў з даследаваннем “Прымяненне метадаў біятэсціравання для комплекснай ацэнкі стану ракі Пліса Жодзіна з выкарыстаннем жывёл” і Ягор Сокал з Наваяльнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці з праектам “Штучнае ўзнаўленне карася сярэбранага”. На рыбную тэму і работа Дзяніса Марача, якую журы палічыла лепшай. Юнак разам са сваімі кіраўнікамі Л.К.Шчалкуновай, настаўніцай біялогіі гімназіі-інтэрната, і Ю.К.Верас, кандыдатам біялагічных навук, у якой ён займаецца ў навуковым таварыстве навучэнцаў у РЦЭіК, зрабіў комплексную экалагічную ацэнку стану рэк, прыгодных для нерасту праходных ласасёвых рыб у Беларусі.
Як адзначыла Ганна Анатольеўна Жукава, старшыня журы, дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ, Дзяніс вельмі пераканаўча расказаў аб такой праблеме, як скарачэнне колькасці балтыйскіх ласосяў, якая ўжо шмат гадоў з’яўляецца актуальнай для шэрагу краін Еўропы. У ходзе даследавання была праведзена ацэнка стану рэк, якія пакуль яшчэ выкарыстоўваюцца гэтымі відамі рыб для нерасту і першых гадоў жыцця. Паспяховасць гэтых этапаў іх жыцця прадвызначае бяспеку і стабільнасць папуляцыі ў Балтыйскім моры і ў канчатковым выніку з’яўляецца ўмовай захавання віду на планеце.
“У гідраэкалагічных даследаваннях высокага навуковага ўзроўню асноўная ўвага ўдзяляецца буйным рачным магістралям з-за іх высокай значнасці не толькі ў межах краіны, але і ў сусветным маштабе, — тлумачыць актуальнасць свайго даследавання Дзяніс Марач. — Дробныя вадацёкі часта застаюцца без належнай увагі. Тым не менш іх значнасць вельмі важная, бо менавіта гэтыя рэкі ўпадаюць у больш буйныя і фарміруюць якасць вады. Дробныя вадаёмы больш схільныя да негатыўнага антрапагеннага ўплыву, іх экасістэмы больш уразлівыя. Але ў Беларусі ёсць унікальная група малых рэк, прытокаў Віліі, у якіх адбываецца нераст ласасёвых рыб, такіх як кумжа і сёмга”.
Па словах Дзяніса, раней гэтыя рыбы падымаліся на нераст у Беларусь па Заходняй Дзвіне, Нёмане і даходзілі нават да вярхоўяў гэтых рэк і іх прытокаў. Ласосі ў басейнах Нёмана і Заходняй Дзвіны лавіліся да пачатку 30-х гадоў. У цяперашні час застаўся адзін шлях міграцыі рыб: па Віліі ў яе прытокі і дробныя ручаі Астравецкага і Смаргонскага раёнаў. Актыўнае будаўніцтва гідраэлектрастанцый на буйных рэках стала непераадольнай перашкодай для гэтых рыб. Акрамя таго, існуе яшчэ шмат іншых цяжкасцей і перашкод на шляху ласасёвых на нераст у Беларусь. Гэта і бабровыя плаціны, і дамбы вадасховішчаў, а таксама браканьерства і пагаршэнне якасці вады ў рэках, бо гэтыя рыбы вельмі ўразлівыя да тэмпературна-кіслароднага рэжыму і забруджвання.

Пачынаючы з 1992 года, калі ААН абвясціла 22 сакавіка Сусветным днём водных рэсурсаў, па ўсім свеце ў гэты дзень праходзяць спецыяльныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і асваенне водных рэсурсаў, галоўная мэта якіх — нагадаць усім жыхарам Зямлі аб велізарнай важнасці вады для падтрымання жыцця на планеце. Пры гэтым кожны год і дзесяцігоддзе прысвечаны пэўнай тэме. Перыяд з 2005 па 2015 год быў аб’яўлены Міжнародным дзесяцігоддзем дзеянняў “Вада для жыцця”, тэмай 2015—2025 гадоў выбрана “Вада для ўстойлівага развіцця”. Бягучы год абазначаны тэмай “Вада і працоўныя рэсурсы”, мэта мерапрыемстваў года: вызначэнне значнасці колькасці і якасці вады для забеспячэння занятасці насельніцтва ў сферах, звязаных з выкарыстаннем і аховай водных рэсурсаў.

Пачынаючы з 2013 года, Дзяніс падчас валанцёрскіх лагераў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” арганізоўваў даследчыя экспедыцыі ў Астравецкім раёне, каб выявіць прытокі Віліі, у якіх ёсць нерасцілішчы праходных ласасёвых рыб, вызначыць паказчыкі, неабходныя для нерасту кумжы і сёмгі, прасачыць змяненні гідрахімічных паказчыкаў на рэках і ўстанавіць дзеянне вадасховішчаў на іх, ацаніць кармавую базу і яе прыгоднасць для ласасёвых.
Акрамя таго, Дзяніс расказаў і пра канкрэтныя мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў для нерасту рыбы, якія праводзіліся падчас валанцёрскай работы па выратаванні балтыйскіх ласосяў у Беларусі. Трэба адзначыць, што Дзяніс добра валодае англійскай мовай, без чаго немагчымы ўдзел у міжнародным конкурсе.
Традыцыйна спаборніцтва пройдзе напрыканцы жніўня ў межах Сусветнага воднага тыдня ў Стакгольме — штогадовым месцы сустрэчы для вырашэння найбольш глабальных актуальных пытанняў, якія тычацца водных рэсурсаў планеты. Фінансавую дапамогу ў арганізацыі паездкі і падрыхтоўцы пераможцы да выступлення на міжнародным конкурсе аказвае адно з унітарных прадпрыемстваў Беларусі. У Стакгольме ў якасці галоўнага прыза аўтар праекта-пераможцы атрымае крышталёвую скульптуру ў выглядзе кроплі вады і грашовы ганарар у памеры 15 тысяч долараў, а яго навучальная ўстанова — 3 тысячы долараў. Тыя, хто крыху ўступіць пераможцы, атрымаюць заахвочвальны прыз у 5 тысяч долараў. Усё экалагічнае таварыства Беларусі жадае Максіму поспехаў на конкурсе.

Святлана НІКІФАРАВА.