З Мінска ў Краснагорск

- 10:34World Skills, Рознае

Яшчэ не паспеў прызабыцца нядаўні чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2016, як наша каманда прыняла ўдзел ужо ў чарговым спаборніцтве. Нядаўна ў Красногорску Маскоўскай вобласці адбыўся II Нацыянальны чэмпіянат JuniorSkills у рамках IV фіналу Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia). У спаборніцтвах прынялі ўдзел 150 школьнікаў у складзе 82 каманд, а таксама больш за 100 настаўнікаў і экспертаў з Расіі, Беларусі, Швейцарыі. Аб тым, як выступіла беларуская каманда, нашай газеце расказала Ала Сцяпанаўна Герасімук, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, тэхнічны дэлегат JuniorSkills.

Ала Сцяпанаўна Герасімук адзначыла, што рух JuniorSkills у Расіі развіваецца вельмі імкліва, прычым па колькасным складзе і ўдзельнікаў, і саміх кампетэнцый. У сёлетнім чэмпіянаце прынялі ўдзел 185 юніёраў дзвюх узроставых катэгорый — 10—13 гадоў і 14—17 гадоў — з 20 рэгіёнаў Расіі.

Спаборніцтвы прайшлі па 17 конкурсных кампетэнцыях, у ліку якіх фрэзерныя работы на станках з ЛПК, інжынерная графіка, мабільная робататэхніка, прататыпаванне, электроніка, аэракасмічная інжынерыя, электрамантажныя работы, сістэмнае адміністраванне, дахавыя работы па метале, лазерныя тэхналогіі (прэзентацыйная кампетэнцыя), нейрапілатаванне (прэзентацыйная кампетэнцыя).

На працягу ўсіх конкурсных дзён працавала школа ключавых кампетэнцый JuniorSoftSkills, у рамках якой прайшла ролевая гульня “Лабараторыя прафесійнага поспеху”.

Нашу краіну на спаборніцтвах у Расіі прадстаўляла каманда Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, у складзе якой выступілі Вікторыя Казырыцкая і Вольга Клімановіч, выхаванкі кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Прататыпаванне” педагога дадатковай адукацыі Алены Пятроўны Кулаковай. У кампетэнцыі “Прататыпаванне” нашы дзяўчынкі ў камандным заліку занялі 4 месца, што, мяркуючы па колькасці ўдзельнікаў, з’яўляецца добрым вынікам. Акрамя таго, у намінацыі “Школа ключавых кампетэнцый JuniorSoftSkills” Вікторыя Казырыцкая заняла 2-е месца.

Мерапрыемства ў Краснагорску было арганізавана такім чынам, што можна было выйсці за межы конкурсу, стаць удзельнікам дзелавой праграмы.

У рамках гэтай праграмы шмат увагі было ўдзелена арганізацыі і правядзенню прафарыентацыйнай работы, укараненню яе новых форм і метадаў. Ала Сцяпанаўна адзначыла, што галоўным пытаннем, якое абмяркоўвалі ўдзельнікі міжнароднай дзелавой праграмы, стала развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне ранняй прафарыентацыі навучэнцаў. Аказалася, што гэтае пытанне з’яўляецца вельмі актуальным для многіх краін. Удзельнікі сустрэчы не толькі падзяліліся сваімі здабыткамі ў гэтай сферы, але і абмеркавалі, як зрабіць прафарыентацыйную работу больш эфектыўнай.

У прыватнасці, вялася размова аб фарміраванні зместу ранняй практычнай прафарыентацыі, умацаванні ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі, павышэнні эфектыўнасці ранняй практычнай прафарыентацыі з пункту гледжання адукацыі, рынку працы, эканомікі.

Падчас круглага стала, прысвечанага прафарыентацыйнай рабоце, прадстаўнікі краін расказалі пра сістэму конкурсных мерапрыемстваў і спаборніцтваў, у якіх дзеці могуць паспрабаваць сябе ў розных прафесіях, асвоіць розныя кампетэнцыі, а таксама падзяліліся сваім вопытам у ранняй прафарыентацыі дзяцей і ў павышэнні прафесіяналізму педагогаў. Абмяркоўвалася тэма ўкаранення ў прафарыентацыйную работу найбольш эфектыўных методык WorldSkills. У мерапрыемствах дзелавой праграмы, акрамя Расіі і Беларусі, прынялі ўдзел прадстаўнікі Фінляндыі, Швейцарыі, Даніі і Галандыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.