З навуковым падыходам да работы

- 14:33Дашкольная адукацыя

Кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 273 Мінска Наталля Эдуардаўна Уласенка паспяхова сумяшчае свае прафесійныя абавязкі з выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю. Яна выкладае ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры (ІППК БДУФК): чытае лекцыі, праводзіць практычныя заняткі і майстар-класы для слухачоў курсаў па дысцыпліне “Тэорыя і методыка фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту”. Наталля Эдуардаўна — кандыдат навук, дацэнт, аўтар больш як 150 публікацый. Яе навукова-практычныя артыкулы ўвайшлі ў 8 метадычных дапаможнікаў, у матэрыялы канферэнцый, а даследчыя высновы — у праграмы павышэння кваліфікацыі.

— Наталля Эдуардаўна, што прадвызначыла ваш прафесійны выбар? Дзе вы атрымалі свой першы педагагічны вопыт і навыкі?

— Пасля заканчэння БДУФК па спецыяльнасці “Выкладчык-трэнер па лёгкай атлетыцы” я вярнулася дадому ў Полацк. Але работу мне прапанавалі ў Наваполацку — у дзіцячым садзе № 35, дзе быў патрэбны інструктар-метадыст па фізічнай культуры і спорце. Год адпрацавала, выйшла замуж і пераехала ў Мінск. На той момант я ўжо не магла ўявіць сябе без сваіх дашкалят, вельмі прыкіпела да іх. І вось прайшло ўжо 25 гадоў, як я працую кіраўніком фізічнага выхавання, з іх 19 гадоў — у яслях-садзе № 273 Мінска.

Ва ўніверсітэце нам добра выкладалі методыку работы са школьнікамі і мы праходзілі педагагічную практыку. Але на тым, як працаваць з дзецьмі менавіта дашкольнага ўзросту, выкладчыкі ўвагу не акцэнтавалі. Таму адразу, як уладкавалася ў дзіцячы сад, пачала штудзіраваць адпаведную метадычную літаратуру, рыхтаваць тэматычныя планы, пісаць падрабязныя планы-канспекты заняткаў. Але найбольш карысную для сябе інфармацыю атрымала на занятках сваіх калег з іншых дашкольных устаноў. Навучылася падбіраць для малышоў цікавыя гульні і практыкаванні, зразумела псіхалагічныя аспекты ўзаемадзеяння з імі. Асаблівасць работы кіраўніка фізвыхавання дзіцячага сада ў тым, што ён працуе з чатырма ўзроставымі групамі: першай малодшай групай, у якой малышы 2—3 гадоў, другой малодшай (3—4 гады), сярэдняй групай (4—5 гадоў) і старшай групай, у якую ўваходзяць дашкольнікі ва ўзросце 5—7 гадоў. Кіраўнік фізвыхавання павінен улічваць спецыфіку кожнага ўзросту. У адрозненне ад школьнікаў, з садаўскімі дзецьмі трэба працаваць праз гульню і імітацыю рухаў. Дашкольнікам трэба ўсё паказваць наглядна і разам з імі выконваць фізічныя практыкаванні. Свае дзеянні педагог павінен прагаворваць, прычым размаўляць з маленькімі фантазёрамі на іх мове, напрыклад: “Зараз мы паляцім, як самалёты, паскачам, як зайчыкі, і дацягнемся да хмаркі і сонейка”. Заняткі павінны быць дынамічнымі, без доўгіх паўз і перапынкаў.

— Кім вы сябе больш адчуваеце — вучоным або практыкам? Ці не складана сумяшчаць работу ў дзіцячым садзе і ва ўніверсітэце?

— Для мяне адно без другога немагчыма. Калі выйшлі ў свет мае першыя чатыры кнігі (“Картатэка рухавых гульняў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”, “Фітнес для дашкольнікаў”, “Комплексы агульнаразвіццёвых практыкаванняў для дзяцей ранняга і малодшага дашкольнага ўзросту”, “Комплексы агульнаразвіццёвых практыкаванняў для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту”) і былі надрукаваны 10 артыкулаў, то адчула, што, калі не напішу кандыдацкую дысертацыю, спынюся ў далейшым развіцці. Усе мае кнігі — гэта даследаванні. Але для таго, каб цябе прызналі вучоным-даследчыкам, трэба абараніць дысертацыю. У якасці саіскальніка закончыла аспірантуру ў БДПУ імя Максіма Танка ў 2013 годзе і падала дакументы на абарону дысертацыі ў БДУФК (бо савета па абароне дысертацый у БДПУ няма). Мне лёгка было выбіраць актуальныя для сваіх даследаванняў тэмы, таму што я сама працавала як практык, трансліравала свой вопыт калегам на курсах павышэння кваліфікацыі. На аснове праблем і запытаў, якія агучвалі практыкі, я распрацоўвала метадычныя дапаможнікі, пісала праграмы павышэння кваліфікацыі для калег.

Тэма маёй дысертацыі — “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў фізвыхавання ўстаноў дашкольнай адукацыі (на аснове выкарыстання сістэмы індыкатараў)”. Навуковым кіраўніком выступіла наш вядомы вучоны, прафесар, доктар педагагічных навук Ларыса Дзмітрыеўна Глазырына. Мая навуковая работа мела інавацыйны характар, таму што закранала дзейнасць спецыялістаў, кіраўнікоў фізвыхавання, чыя пасада з’явілася ў дзіцячых садках краіны толькі ў 1998 годзе. На момант абароны дысертацыі (было гэта ў 2013 годзе) даследаванняў, звязаных з развіццём прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў фізвыхавання, не было. Статус вучонага дазволіў мне атрымаць навуковую аснову, неабходную для таго, каб працаваць з дзецьмі, абгрунтоўваць уласныя аўтарскія методыкі і, зразумела, перадаваць свой вопыт калегам.

— Пра што вы расказваеце слухачам курсаў павышэння кваліфікацыі, што ім раіце, якім вопытам дзеліцеся?

— Больш за ўсё ў спецыялістаў узнікае пытанняў па рабоце з дзецьмі ранняга і малодшага дашкольнага ўзросту. Педагогу неабходна прадумваць сюжэт кожных заняткаў з імі, увасабляць яго ў дакладных рухах (напрыклад, “мы ідзём у госці да зайчыка, да мішкі”). Малышам нецікава проста бегчы, ім трэба ехаць на паравозіку, ляцець, як птушка, плыць на караблі. Любое практыкаванне павінна мець назву і свой сюжэт. Скажам, практыкаванне “Верталёт”. Мы то “ўзлятаем” з дзецьмі, то “прызямляемся” і адпачываем. Азы класічнай методыкі павінен ведаць і ў абавязковым парадку прымяняць кожны педагог. Структура заняткаў ва ўсіх будзе аднолькавай. Але метадычныя прыёмы, вядома ж, будуць адрознівацца. Некаторыя вучоныя, напрыклад, лічаць, што на занятках фізкультурай у дзіцячым садзе выхаванцаў можна навучыць толькі аднаму новаму руху, а 1—2 рухі, якія засвойвалі на папярэдніх занятках, можна замацаваць. На практыцы ж мы бачым зусім іншае: з дзецьмі можна і па 5—7 рухаў развучваць, калі прапаноўваць ім розныя цікавыя рухальныя заданні.

Галоўны прынцып, якога я прытрымліваюся ў сваёй практычнай рабоце, — варыятыўнасць на занятках. Дзеці не любяць манатоннасці. Таму педагогу варта валодаць методыкай разнастайнай рухальнай дзейнасці. Калі малышы гуляюць з мячом, то ім трэба папераменна адбіваць яго ад падлогі, падкідваць уверх, адбіваць ад сцяны, катаць па ўяўным мосціку або лавіць з горачкі. Кожныя 1,5—2 хвіліны неабходна мяняць змест рухальнай дзейнасці, прычым так, каб пасля інтэнсіўнай нагрузкі ў дзіцяці была менш інтэнсіўная, тады яно будзе адчуваць менш стомленасці. Зрабіць заняткі разнастайнымі педагогу дапаможа спартыўны інвентар, розныя атрыбуты — кубікі, колцы, сцяжкі, стужачкі. Напрыклад, рознакаляровыя колцы могуць быць і домікамі, і лодачкамі, і рулямі машынкі або проста выкарыстоўвацца для выканання агульнаразвіццёвых практыкаванняў.

У той жа час мы павінны разумець, што фізкультура — гэта не проста захапляльныя практыкаванні, гэта і аздараўленне арганізма. Для таго каб развіваліся яго функцыянальныя сістэмы, дзіця павінна атрымліваць пэўную аздараўленчую нагрузку. Але рабіць гэта не намотваннем кругоў па стадыёне, а праз разнастайнасць рухальнай дзейнасці, розную інтэнсіўнасць фізічных практыкаванняў. Лепш за ўсё для гэтага падыдуць рухавыя гульні. Тыя з іх, што рэкамендаваны вучэбнай праграмай, кожны педагог можа трансфармаваць і вар’іраваць іх змест. Аб гэтым можна прачытаць у маіх кнігах “Рухавыя гульні і гульнявыя практыкаванні для дзяцей ранняга і малодшага дашкольнага ўзросту” і “Рухавыя гульні і гульнявыя практыкаванні для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту”. У маю кнігу “300 рухавых гульняў” увайшлі аўтарскія гульні, якія я заўсёды прыдумваю ў працэсе работы з малышамі, таму што назіраю за імі вельмі ўважліва. Адны дзеці ў самастойнай дзейнасці проста паўтараюць усё за мной, некаторыя ж на аснове прапанаваных рухаў прыдумваюць свае. Многія практыкаванні, якія я апісала ў сваіх кнігах, прыдуманы сумесна з выхаванцамі, асабліва шмат гульняў з мячом. Аднойчы мае выхаванцы гулялі ў “Мой вясёлы звонкі мяч”. Раптам я ўбачыла, што яны яго не кідаюць, а поўзаюць з ім і пракочваюць галавой. Так нарадзілася новая гульня “Цыркавыя сабачкі”. Некаторыя гульні дзеці трансфармуюць у новыя. Напрыклад, класічную “Вудачку”, калі педагог знаходзіцца ў цэнтры круга, а скакалка круціцца па ім і праз яе малышам неабходна пераскокваць. Раптам падчас заняткаў на фітболах дзеці сказалі: “А давайце пагуляем у вудачку на фітболах! Мы будзем сядзець на іх, вы будзеце круціць, а мы паспрабуем скакаць”. Фантазіі, як кажуць, няма межаў!

— Ці наладжана ў вас супрацоўніцтва з медыкамі з мэтай вызначэння дзецям паказанняў і супрацьпаказанняў да заняткаў фізкультурай?

— У лістках здароўя, якія медработнікі выпісваюць дзецям, занатаваны толькі іх група здароўя (1—4) і група па фізкультуры — асноўная, падрыхтоўчая, спецыяльная і ЛФК. На жаль, урачы не гавораць нам аб дыягназах дзяцей і не даюць педагогам канкрэтных рэкамендацый па абмежаваннях і супрацьпаказаннях адносна заняткаў фізкультурай. Часам нам даводзіцца тэлефанаваць урачам паліклінікі, каб удакладніць для сябе гэтую інфармацыю. Таму што кожнаму дзіцяці з праблемамі ў здароўі павінна вызначацца індывідуальная нагрузка. Напрыклад, дзецям з парушэннямі зроку нельга куляцца, ім супрацьпаказаны рэзкія змены зыходных становішчаў. У той жа час некаторыя практыкаванні, якія “не ідуць” ім, паказаны дзецям з парушэннямі развіцця сардэчна-сасудзістай сістэмы. У сваю чаргу “сардэчнікам” трэба абмяжоўваць бег.

У апошні час павялічылася колькасць дзяцей з парушэннямі ў развіцці ступні. Мая задача не толькі прапанаваць такім дзецям карэгіруючую гімнастыку, а перш за ўсё нагадаць усім бацькам (з мэтай не толькі выпраўлення, але і папярэджання такога парушэння) аб неабходнасці набыць правільны абутак для дзяцей — як штодзённы, так і для заняткаў фізкультурай. У дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, як правіла, павышаны мышачны тонус і дрэнная каардынацыя. Такім дзецям я прапаноўваю рухавыя гульні з прагаворваннем тэкстаў, а таксама спецыяльныя рухальныя дзеянні з мячом, практыкаванні на каардынацыю, на хуткасць, на спрытнасць, на гібкасць.

— Ці можна ў дашкольным узросце разгледзець у дзіцяці спартыўны талент?

— Дзяцей, якія вылучаюцца добрай фізічнай падрыхтоўкай, бачна адразу. Аб гэтым мае разважанні ў артыкуле “Прыкметы псіхаматорнай адоранасці да спартыўных гульняў”. Зараз у ІППК БДУФК праходзяць курсы, якія мне даверылі весці, па методыцы навучання дзяцей дашкольнага ўзросту элементам спартыўных гульняў (футбола, хакея, баскетбола, бадмінтона, тэніса, валейбола). Я запрашаю слухачоў ва ўстановы дашкольнай адукацыі да сваіх калег-практыкаў, якія выкладаюць дзецям элементы спартыўных гульняў. Напрыклад, ёсць добры спецыяліст у яслях-садзе № 220 Мінска Тамара Аляксееўна Райчук, якая выдатна навучае элементам футбола і хакея дашкольнікаў. У яслях-садзе № 406 Мінска працуе Наталля Аляксандраўна Альцывановіч, якая вучыць малышоў элементам баскетбола, прычым яе выхаванцы ўмеюць гуляць менавіта ў камандзе. Запрашаю спецыялістаў і на заняткі ў наш сад № 273, дзе дзейнічае фітнес-клуб “Непаседа”, які я вяду як педагог дадатковай адукацыі. Наведваюць яго 100 чалавек. Выкладаю дзецям фітбол-гімнастыку, даю практыкаванні на трэнажорах, праводжу аздараўленчую аэробіку. Падрабязней з работай у гэтым кірунку можна пазнаёміцца ў маёй кнізе “Фітбол-гімнастыка ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Праводзячы заняткі, заўважаю ў многіх дзяцей здольнасці да розных відаў гімнастыкі — спартыўнай, акрабатыкі, аэробікі. Адзін з маіх былых выхаванцаў Дзіма Бабак, якому зараз 15 гадоў, займаецца спартыўнай аэробікай, стаў неаднаразовым пераможцам чэмпіянатаў Беларусі і прызёрам чэмпіянатаў Еўропы, удзельнічаў у ІІ чэмпіянаце свету па спартыўнай аэробіцы. Яго талент педагогі заўважылі ў раннім узросце.

— Якія змяненні ўвойдуць у новы варыянт вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі (адукацыйная галіна “Дзіця і фізічная культура”), які зараз рыхтуецца?

— Як аўтар адукацыйнай галіны “Дзіця і фізічная культура” новага варыянта вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі я зараз выконваю заданне Міністэрства адукацыі па рэцэнзаванні і карэкціроўцы праграмы. За аснову ў новым варыянце праграмы будзе ўзяты кампетэнтнасны падыход. Што тычыцца раздзела, над якім я працую, то ўношу ў яго разнастайнасць фізічных практыкаванняў, якой не хапала ў папярэднім варыянце вучэбнай праграмы, уключаю сюды і абавязковае аснашчэнне заняткаў фізічнай культурай сучасным абсталяваннем, якое раней не прапаноўвалася ў праграме (фітболы, велатрэнажор, трэнажор-грэбля, міні-батут і г.д.). Калі ў садах такое абсталяванне ёсць, калі яно сертыфікаванае, не бачу прычын, каб яго не выкарыстоўваць. Удзяляю таксама вялікую ўвагу раздзелу “Плаванне”, яго змест пашыраю да такога ўзроўню, каб любы педагог ведаў, чаму канкрэтна трэба вучыць дзяцей у басейне пачынаючы з 3—4 гадоў. Для гэтага звярталася да адпаведных спецыялістаў, якія дапамаглі мне распрацаваць структуру і змест раздзела. Самы галоўны пасыл, які будзе дадзены ў дачыненні да плавання, у тым, што ў дзіцячым садзе яго нельга разглядаць як простае плюханне ў вадзе, варта вучыць дзяцей навыкам плавання.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.