З новымі падыходамі да якасці дашкольнай адукацыі

- 11:44Дашкольная адукацыя

Пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі па тэме “Сістэмны падыход да забеспячэння якасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі” прайшло днямі ў Мазыры на базе Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Сідзельнікі”, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і ясляў-сада № 34 Мазыра. У цэнтры ўвагі савета былі пытанні распрацоўкі нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі, удасканалення норм яе прававога рэгулявання, развіцця сістэмы метадычнай работы з кадрамі, а таксама міжведамаснага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва бацькоў і педагогаў. 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў пасяджэння звярнулася намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Анатольеўна Ждановіч: “У нашай вобласці функцыянуе 668 устаноў дашкольнай адукацыі. Ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 6 гадоў з кожным годам павялічваецца і складае сёння больш за 74 працэнты (у сельскай мясцовасці — 50,8 працэнта) ад агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Адпаведна ахоп дашкольнай адукацыяй выхаванцаў, якім больш за тры гады, перавышае 95 працэнтаў (у сельскай мясцовасці 92 працэнты). За апошнія 5 гадоў у рэгіёне пабудавана і рэканструявана 15 устаноў дашкольнай адукацыі, для выхаванцаў створана больш за 6,5 тысячы месцаў. Арганізаваны падвоз да ясляў-садоў 1664 дзяцей з аддаленых сельскіх населеных пунктаў.

Пастаянна павялічваецца ва ўстановах колькасць груп кароткачасовага знаходжання (іх ужо больш за 800). Найбольш запатрабаваны сёння мацярынскія школы, адаптацыйныя групы, групы вячэрняга знаходжання і выхаднога дня. Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі педагогаў-дашкольнікаў. 56 працэнтаў спецыялістаў маюць вышэйшую адукацыю, амаль 70 працэнтаў атрымалі адукацыю ў кірунку “Педагогіка дзяцінства”. Яшчэ 119 педагогаў праходзяць перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Дашкольныя ўстановы вобласці актыўныя ўдзельнікі інавацыйных і эксперыментальных праектаў.

Надзвычай актуальная для Гомельшчыны тэма здароўезберажэння. Колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе ў год, складае ў сярэднім 5,4 дня. Штогод каля 2,5 тысячы дашкольнікаў накіроўваецца для ўмацавання здароўя ў аздараўленчыя цэнтры “Сідзельнікі” Мазырскага раёна і “Пралеска” Жлобінскага раёна”.

Новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі прапанавала абмеркаваць Альбіна Леанідаўна Давідовіч, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі: “Па-ранейшаму застаецца шэраг пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, у тым ліку праз удасканаленне нарматыўна-прававой базы сістэмы. Адно з іх — забеспячэнне крокавай даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі для дзяцей. У мінулым годзе па краіне больш за 7 тысяч з іх не атрымалі месца ў садзе пры першым звароце бацькоў па накіраванне ў аддзелы адукацыі. Сёлета колькасць такіх малышоў складае 5,5 тысячы. Актуальная і праблема перавышэння норм напаўняльнасці груп у дзіцячых садах.

Пытанне даступнасці дашкольнай адукацыі плануем вырашаць праз развіццё прыватна-дзяржаўнага партнёрства. На заканадаўчым узроўні будзе прадугледжана магчымасць фінансавання дзяржавай часткі расходаў прыватных дзіцячых садоў у адпаведнасці з бюджэтнымі нормамі на кожнага выхаванца. Паступова мы пераходзім да нарматыўнага фінансавання і пачынаем у гэтым кірунку эксперымент, у якім будуць удзельнічаць установы дашкольнай адукацыі Магілёва. Асаблівую ўвагу акцэнтуем на прадастаўленні садам на заканадаўчым узроўні права аказваць платныя паслугі, у тым ліку і па рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Кодэкс будзе ўтрымліваць дапаўненні, якія пасадзейнічаюць развіццю эканамічнай самастойнасці дашкольных устаноў. У прыватнасці, у іх з’явіцца магчымасць арганізоўваць платныя групы для тых дзяцей, бацькі якіх пажадаюць стапрацэнтна іх аплачваць.

У новым заканадаўчым дакуменце прадугледжваецца магчымасць адкрыцця ва ўстановах вышэйшай, агульнай сярэдняй адукацыі і ў іншых арганізацыях і ведамствах структурных падраздзяленняў “яслі-сад” і “санаторны яслі-сад”. Установы вышэйшай адукацыі, напрыклад, атрымліваюць права рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі, калі яны рыхтуюць спецыялістаў педагагічнага профілю.

У новым кодэксе адлюстраваны дапаўненні, якія адкрываюць магчымасць арганізацыі ў дашкольных установах гурткоў і іншых форм работы для развіцця здольнасцей дзяцей у рамках рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Зараз праходзіць эксперыментальную праверку і новая вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, у якой ужо не прадугледжаны базавы і звышбазавы кампанент. Распрацоўваюцца тыпавыя праграмы дашкольнай адукацыі па самых розных кірунках іх дзейнасці, на аснове якіх кожная ўстанова можа распрацоўваць свае праграмы базавага (узгадняецца з заснавальнікам) і павышанага ўзроўню (зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі).

З мэтай скарачэння колькасці відаў устаноў дашкольнай адукацыі прапаноўваюцца наступныя віды: “санаторны дзіцячы сад”, “дзіцячы сад” (для асобных устаноў) і “дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”. Знікне з кодэкса і фармулёўка “вучэбна-педагагічны комплекс”. А дзейнасць ДЦРД будзе арыентавана пераважна на работу са здольнымі, творчымі дзецьмі. У такіх цэнтрах у абавязковым парадку павінна рэалізоўвацца праграма дадатковай адукацыі па некалькіх профілях з вывучэннем адукацыйных галін на павышаным узроўні. У кодэксе з’явіліся і іншыя новыя паняцці, якія тычацца дашкольнай сістэмы, напрыклад, такія як “санаторная рознаўзроставая група”, “эксперыментальная вучэбная праграма” і г.д.”.

Аб выніках навукова-даследчай работы па распрацоўцы нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі, якая была пачата ў 2016 годзе, расказала першы прарэктар АПА Людміла Георгіеўна Тарусава. Гэты праект разлічаны на 5 гадоў. Пры яго рэалізацыі спецыялісты прааналізуюць нацыянальны і міжнародны вопыт ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі, вызначаць навуковыя падыходы і прынцыпы, якія павінны існаваць пры гэтым у нашай краіне, а таксама належны ход і структуру працэсу ацэньвання якасці на розных узроўнях.

“Мы аналізуем розныя навуковыя падыходы, якія накіраваны перш за ўсё на тое, каб вызначыць саму сутнасць паняцця “якасць дашкольнай адукацыі” і вызначыцца з крытэрыямі яе ацэнкі, — адзначыла Алена Георгіеўна. — Нельга разглядаць як норму тое, калі педагогі будуць проста падцягваць дзяцей да паказчыкаў, якія неабходны для навучання ў пачатковай школе. Такія метады не вядуць да якасці. Дашкольная адукацыя павінна спалучацца з асобасным развіццём дзіцяці. Толькі такое навучанне можна лічыць паўнацэнным”.

Вылучаецца некалькі падыходаў, якія выкарыстоўваюцца пры тлумачэнні сутнасці якасці адукацыі. Адзін з іх — прадукцыйны, які прадстаўлены дзвюма асноўнымі пазіцыямі. Першая з іх звязана з прамой ацэнкай якасці на аснове паказчыкаў дзіцячага развіцця, якія адпавядаюць або не адпавядаюць неабходным крытэрыям. Пры другой прымяняюцца правілы ўскоснай ацэнкі, якая грунтуецца на дынаміцы гэтых паказчыкаў: якім дзіця было і якім яно стала.

Ёсць і новыя тлумачэнні, звязаныя з распрацоўкай зместу і тэхналогіі дашкольнай адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу, пры якім не веды, уменні і навыкі, а атрыманы дзецьмі вопыт і іх сацыяльна значная дзейнасць забяспечвае якасць развіцця асобы. У такім выпадку пры вызначэнні якасці прымяняецца інструментарый ацэнкі канкрэтнай адукацыйнай сітуацыі, у якой дзіця праяўляе свае здольнасці. Ацэньваецца і пэўнае адукацыйнае асяроддзе, якое садзейнічае або не садзейнічае атрыманню дзіцем жыццёвага вопыту, самастойнасці пры вырашэнні тых або іншых задач. Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA, у якой наша краіна будзе ўдзельнічаць у 2018 годзе, заснавана на кампетэнтнасным падыходзе.

Асноўнае непаразуменне, якое ўзнікае ў сувязі з тэмай, што абмяркоўваецца, тычыцца тэхналагічнасці працэсу ацэньвання, выкарыстання працэдур менавіта незалежнай ацэнкі. Калі той, хто забяспечвае яе якасць і ацэньвае, то ўзнікае пытанне, наколькі гэтая ацэнка аб’ектыўная і незалежная. Таму распрацоўка адпаведных механізмаў пры ацэньванні мае вельмі важнае значэнне.

Аб традыцыйных і новых формах арганізацыі метадычнай работы ў дашкольнай установе, актыўных метадах падрыхтоўкі педагогаў паведаміла загадчык ясляў-сада № 360 Мінска Святлана Іванаўна Наркевіч. У першую чаргу яна расказала аб правядзенні аўтарскіх выстаў дасягненняў педагогаў, майстар-класаў, метадычных майстэрань, кансультацый у форме дыялогаў, трэнінгаў з прымяненнем мультымедыя і відэа, а таксама аб стварэнні творчых саюзаў, або мікрагруп, з мэтай прафесійных зносін і абмену вопытам. Напрыклад, распрацаваная па запыце настаўніка-дэфектолага кансультацыя “Гукавая прышчэпка” знайшла сваё далейшае развіццё ў самаадукацыі педагога, якая стварыла гульнятэку з фетру. Гэтая работа была прадстаўлена ў інавацыйным адукацыйным праекце “Гульнятэка з фетру як сродак пераадолення маўленчых парушэнняў у дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі” і ўдастоена ў 2016 годзе гранта Мінгарвыканкама.

Развіваюцца ва ўстанове і нефармальныя формы метадычнай работы. Арганізавана цьютарства. Па самых розных праблемах педагогі-навічкі могуць звярнуцца да вопытных спецыялістаў. Створаны інфаклуб “Дыялог” і група “Дзіцячы сад № 360” у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Педагогі ясляў-сада № 360 Мінска праходзяць мэтавае навучанне па стварэнні сайтаў і выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі ў працэсе навучання. Супрацоўнікі з вялікім працоўным стажам праводзяць адкрытыя заняткі, майстар-класы, навічкі — заняткі-знаёмствы. Праходзяць і традыцыйныя агляды-конкурсы. У 2016 годзе ўстанове прысвоены статус гарадскога рэсурснага цэнтра па кіраўніцкай дзейнасці. З 2002 года ў калектыве былі рэалізаваны тры інавацыйныя адукацыйныя праекты, і яшчэ тры, адзначаныя грантамі Мінгарвыканкама ў 2015 і 2016 гадах, знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі.

Аб найважнейшых рэсурсах забеспячэння якасці адукацыі расказаў загадчык ясляў-сада № 8 Смаргоні Віктар Пятровіч Кеда. Як кіраўнік ён вылучыў галоўныя крытэрыі гэтага: прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, прыцягненне маладых спецыялістаў, павышэнне сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, укараненне ў іх дзейнасць сучасных адукацыйных тэхналогій, у тым ліку ІКТ, папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, забеспячэнне даступнасці адукацыі, задавальненне запытаў бацькоў і г.д.

У сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Любоў Сцяпанаўна Клепчукова адзначыла, што ў іх раёне ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей з 3 да 6 гадоў у 2016/2017 навучальным годзе складае 89,5 працэнта (у горадзе 88 працэнтаў, у сельскай мясцовасці — 100 працэнтаў). У цэлым па раёне ў сферы дашкольнай адукацыі выконваюцца тры дзяржаўныя сацыяльныя стандарты. Прымаюцца меры па забеспячэнні даступнасці ясляў-садоў, па ўдасканаленні ў іх якасці адукацыі, па аздараўленні дзяцей, па пашырэнні спектра адукацыйных паслуг. Дзве дашкольныя ўстановы ў раёне працуюць у інавацыйным рэжыме — ДЦРД Мазыра і Козенскі ДЦРД. Яслі-сад № 13 Мазыра ўключаны ў пералік устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць па праекце “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу па фізічнай культуры ў санаторным дзіцячым садзе”. Больш за 7 гадоў на базе дашкольнай установы № 36 функцыянавала апорная школа па вывучэнні роднай мовы.

Загадчык ДЦРД Мазыра Наталля Аляксандраўна Майсеенка падкрэсліла, што ўзаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўстановы. Прымяняюцца такія формы і метады работы, як анлайн-сустрэчы, анлайн-кансультацыі, абмен паведамленнямі ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай Skype. У тым ліку і зносіны праз электронную пошту. У інфармацыйна-метадычным кабінеце ёсць медыятэка, якую актыўна выкарыстоўваюць бацькі. Разам з імі выхавальнікі афармляюць буклеты, брашуры, зборнікі, аўдыядыскі з запісамі калыханак, мультыплікацыйных фільмаў, песень.

Набыты вопыт дазволіў калектыву выйсці на новы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і шматпакаленнай сям’і, накіраванай на фарміраванне маральных каштоўнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту”. Праект завершаны, аднак формы работы з сям’ёй, якія былі пачаты падчас яго рэалізацыі, запатрабаваны да гэтага часу. Працягваюць функцыянаваць клубы бабуль, бацькоў, мнагадзетных сем’яў, вучэбны гурток для бацькоў, чые дзеці не наведваюць установы дашкольнай адукацыі. Сем’і нашых выхаванцаў прызвычаіліся да складання радаводаў, сямейных альбомаў і часопісаў. Такая дзейнасць падштурхнула калектыў да новага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дзіцяча-дарослай супольнасці як механізма фарміравання новых сацыяльных практык у адукацыйнай прасторы рэгіёна”.

“Шэфам, партнёрам, спонсарам і актыўным удзельнікам педагагічнага працэсу ў шматлікіх установах адукацыі раёна, у тым ліку і ў яслях-садзе № 34 Мазыра, з’яўляецца ААТ “Мазырсоль”, — расказала намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі і сацыяльным развіцці Анжэла Анатольеўна Крысця. — Прадпрыемства ўдзельнічае больш чым у 120 адукацыйных мерапрыемствах і праектах у год. Асноўныя кірункі дзейнасці, якую яно вядзе сумесна з установамі адукацыі, тычацца правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, работы з бацькамі па павышэнні іміджу сем’яў, фарміравання павагі да культуры і традыцый беларусаў, беражлівых адносін да прыроды. Акрамя таго, супрацоўнікі прадпрыемства ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, звязаных з патрыятычным выхаваннем, прафарыентацыяй, замацаваннем асноў здаровага ладу жыцця, а таксама ў дабрачыннай, спонсарскай і валанцёрскай дзейнасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.