З новым харчаблокам і не толькі сустрэне вучняў 1 верасня сярэдняя школа № 28 Брэста

- 11:10Новости

Да пачатку новага навучальнага года ва ўстанове, пабудаванай у 1988-м, плануецца выканаць вялікі аб’ём работ, паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» дырэктар школы Аляксандр Лазарук.

— Самыя маштабныя з іх праходзяць у сталовай, дзе да 25 жніўня трэба рэканструяваць харчаблок і абедзенную залу з поўнай заменай тэхналагічнага абсталявання. У цяперашні час у сталовай актыўна вядуцца дэмантажныя работы, — расказаў А. Лазарук. 

З ходам іх выканання азнаёміліся кіраўнік Брэста Сяргей Лабадзінскі і старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Філановіч. Выконваючы абавязкі галоўнага інжынера дзяржаўнага аб’яднання «Брэстаблсельбуд» Сяргей Казак, які, дарэчы, з’яўляецца выпускніком названай школы, запэўніў, што праблем з фінансаваннем аб’екта і закупкай неабходнага абсталявання няма і ён будзе здадзены ў тэрмін. На рэканструкцыю выдзелена больш за 1,6 млн рублёў з абласнога бюджэту.

У пачатку года за кошт гарадскіх сродкаў была цалкам заменена тратуарная плітка ў школьным двары. Цяпер ажыццяўляецца бягучы рамонт даху, а старыя драўляныя шыбы замяняюцца на шклопакеты. Да канца лета завершыцца касметычны рамонт галоўнага фасада ўстановы і падлогі ў спартыўнай зале.

— Астатнія работы выконваюцца ўласнымі сіламі за кошт спонсарскіх сродкаў і фонду пазабюджэтнай дзейнасці, — заўважыў А. Лазарук. — Актыўны ўдзел у бягучым рамонце вучэбных кабінетаў і калідораў, акрамя тэхнічных работнікаў і педагогаў, прымаюць бацькі вучняў, за што ім вялікі дзякуй, як і кіраўніцтву КУП «Брэстжылбуд», якое рэгулярна дапамагае паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу школы. У планах — замена пакрыцця на прылеглых дарожках і спартыўных пляцоўках, а таксама далейшы рамонт і мадэрнізацыя фасада будынка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара