Работы юных мастакаў сустракаюць ужо пры ўваходзе ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Гродна. Сцены старажытнага будынка з высокімі столямі быццам створаны для размяшчэння экспазіцый. Узорная студыя выяўленчага мастацтва “Чароўная палітра” працуе тут 15 гадоў. І ўвесь гэты час яе ўзначальвае Ала Віктараўна Філіповіч, якая бачыць у кожным дзіцяці творчую асобу і рэалізуе ў сваёй дзейнасці асобасна арыентаваны падыход і метад праектнай дзейнасці.
— Як гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце цэнтра “Прамень” Ганна Гарковіч, такі падыход дае свае вынікі. Работы студыйцаў неаднаразова займалі першыя і прызавыя месцы на конкурсах і фестывалях. За апошнія тры гады яны адзначаны 60 дыпломамі, 17 з іх — міжнароднага ўзроўню.
У студыі займаюцца дзеці ад 8 гадоў, таму свой творчы шлях яны пачынаюць з гульні.
— Першы час дазваляю дзецям гуляць у маляванне, каб ім было цікава, каб выявіць іх творчыя схільнасці. Потым пачынаецца сур’ёзная адукацыйная работа, — расказвае Ала Віктараўна. — Выкарыстоўваю праектны метад навучання, які дазваляе кожнаму навучэнцу стварыць індывідуальны творчы прадукт.
За апошнія гады было рэалізавана некалькі творчых праектаў. Творчы шлях развіцця маленькага чалавека да юнага мастака адлюстраваў праект “Каляровы праменьчык”, які аб’яднаў 28 работ у розных тэхніках выяўленчага мастацтва. “Кветкі Сусвету” — гэта не толькі выява кветак, а складаныя філасофскія сюжэты, якія запрашаюць да роздуму. Пры рэалізацыі праекта “Музыка Гародні” навучэнцы малявалі пейзажы роднага горада і выказвалі свае адчуванні і ўражанні ад яго.
— Пры рэалізацыі кожнага праекта ставіла задачу дапамагчы юным мастакам на аснове лепшых узораў нацыянальнай і сусветнай культуры перайсці на больш высокую ступень творчага развіцця, сфарміраваць уласнае бачанне, філасофію, якую потым з дапамогай фарбаў дзеці змогуць выявіць у сваіх работах, — гаворыць А.В.Філіповіч. — І няхай не кожнае з іх стане прафесійным мастаком, галоўнае — выхаваць гарманічную асобу.
Але і прафесійны шлях для многіх выхаванцаў студыі адкрываецца пасля вучобы ў “Чароўнай палітры”. Сярод выпускнікоў — мастакі, архітэктары, выкладчыкі выяўленчага мастацтва, ёсць мультыплікатар.
— Умоўна структура студыі дзеліцца на некалькі ўзроўняў, — расказвае кіраўнік. — Першая ступень “Усходы” для дзяцей малодшага школьнага ўзросту разлічана на два гады навучання, за час якога дзеці асвойваюць асновы выяўленчага мастацтва. Група “Усходы” для сярэдняга школьнага ўзросту — гэта час паглыблення ведаў, удасканалення тэхналагічных прыёмаў. Група “Майстэрня” для старэйшага школьнага ўзросту прадугледжвае сур’ёзную прафесійную падрыхтоўку, удасканаленне майстэрства мастака. У адукацыйную праграму ўключана мая аўтарская распрацоўка “Асацыятыўная творчасць”, дзякуючы якой дзеці вучацца свабодна мысліць і выконваць работы, якія маюць сваю сюжэтную лінію.
Планаў у “Чароўнай палітры” заўсёды шмат. Адзін з іх — працяг праекта “Сяброўскае кола”, які прадугледжвае арганізацыю сумесных выстаў удзельнікаў студыі і выпускнікоў, конкурсаў, сустрэч і майстар-класаў з вядомымі мастакамі Гродна. Правядзенне выставы ў галерэі “Тызенгаўз” плануецца летам 2018 года.
— Метад праекта дазваляе індывідуалізаваць адукацыйны працэс і зрабіць яго больш інтэнсіўным і пры гэтым даваць навучэнцам магчымасць выбраць свой тэмп прасоўвання да канчатковых вынікаў навучання, вучэбная дзейнасць набывае пошукавы і творчы характар, — акрэслівае сваё педагагічнае крэда кіраўнік узорнай студыі “Чароўная палітра”.
А.В.Філіповіч за развіццё творчых здольнасцей дзяцей і выхаваўчую работу з імі адзначана падзячным лістом галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Сярод адзнак ёсць і падзячны ліст Пасольства Японіі ў Беларусі за мастацкае выхаванне дзяцей і развіццё сувязей паміж дзвюма краінамі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.