Прэзентацыя сайта “Дзяцінства бай сяміколернае” і незвычайны сігнал сувязі — і на сцэне Палаца творчасці дзяцей і моладзі заззяла вясёлка талентаў дзяцей Гродзенскай вобласці, абвясціўшы пра пачатак абласнога гала-канцэрта навучэнцаў Гродзенскай вобласці ў рамках IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
Звыш 800 юных выканаўцаў выйшлі на сцэну і прадставілі 67 нумароў у інструментальным, вакальным, харэаграфічным, размоўным жанрах. А ўсяго ў адборачным этапе прынялі ўдзел звыш 1500 чалавек.
Творчы эмацыянальны настрой стварыла ўжо самае першае выступленне. Ансамбль “Туці” з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна сыграў джазавую мелодыю, а адразу за ім выступіла адна з самых юных удзельніц: навучэнка сярэдняй школы № 8 Слоніма Ліза Каспяровіч прачытала верш “Паважная дама”.
Праграма канцэрта складалася з некалькіх частак — дзіцячы эстрадны блок, беларускі блок і эстрадны блок. Дзеці прадстаўлялі нумары ў класічным, народным і сучасным стылі. Усе яны вылучаліся прафесіяналізмам, артыстызмам і ў той жа час дзіцячай непасрэднасцю і гарэзлівасцю.
— Па выніках абласнога этапу вызначыліся пераможцы агляду-конкурсу. Лепшымі прызнаны аддзел адукацыі, спорту і турызму і навучальныя ўстановы Слонімскага раёна, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская. — Другое месца занялі Лідскі і Гродзенскі раёны, на трэцім — Шчучынскі і Смаргонскі раёны.
У завяршэнне абласнога гала-канцэрта з дзіцячай непасрэднасцю прагучалі словы-пажаданні аб тым, каб конкурс творчасці заставаўся самым лепшым… секстыльён гадоў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.