З розных краёў сцежкі дамоў

- 19:26Год гістарычнай памяці

Францыск Скарына сцвярджаў: да тых месцаў, дзе нарадзіліся, мы ўсе вялікую ласку маем. Прытым большую частку жыцця свайго вялікі палачанін-­патрыёт, асветнік, першадрукар беларускі пражыў па­за межамі Беларусі.

 “…Ты — як здароўе ў нас, мая Айчына!..”

У кожнага ёсць свая Радзіма. Ды жыццёвыя шляхі-дарогі часам выводзяць людзей у далёкія далі — як і з Францыскам Скарынам было. Прычым аддаленасць, нават часовая, ад роднай зямлі абвастрае цёплыя, сыноўскія пачуцці да яе. І што цікава: удалечыні ад зямлі продкаў наро­джаныя беларусы (з расійскай Сібіры, Казахстана, Малдовы, Аргенціны, Уругвая…) не пакідаюць надзею на сустрэчы з ёю, з роднымі людзьмі: пад небам гістарычнай Бацькаўшчыны. І таму бытуе ў гаворцы многіх нашых супляменнікаў, рассеяных па розных прычынах па свеце, паняцце: зямля продкаў. Гістарычная Баць­каўшчына. Святое месца пад сонцам, адкуль твае радавыя карані. Чуў пра тое і я не раз, працуючы ў газеце “Голас Радзімы”. Шмат пісаў пра супляменнікаў з замежжа, далёкага і блізкага. Як мы ведаем, адзін з нашых землякоў — з-пад Наваградка — маючы тугу па Бацькаўшчыне, выдыхнуў на хвалях пачуццяў: “Літва! Ты — як здароўе ў нас, мая Айчына!.. // Што варта ты, ацэніць той належным чынам, // Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую // Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую”.

Так і пачынаецца эпічная паэма “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча. Твору амаль два стагоддзі: ён пісаўся па-польску ў 1832—1834 гадах у Парыжы, дзе жыў паэт у эміграцыі, пабачыў свет там жа ў 1834-м. У больш блізкім да нас часе, але ж таксама неспакойным, перастварыў паэму па-беларуску Браніслаў Тарашкевіч (сёлета — 130-годдзе навукоўца, выкладчыка, грамадскага дзеяча і аўтара першай агульнапрынятай “Беларускай граматыкі для школ” (1918). Потым зрабіў пераклад і Пятро Бітэль (сёлета 110-я ўгодкі настаўніка, паэта, перакладчыка, краязнаўцы). Настальгія ў “Пане Тадэвушы” — галоўны камертон для разумення ўсёй глыбіні, шматслойнасці твора. І абодва ж педагогі-перакладчыкі (тут узяты варыянт Бітэля) акунуліся ў настальжы-плынь твора беларуска-польскага класіка не проста так. Жыццё падштурхнула. Дакладней, крутыя павароты лёсаў, зняволенні, адарванасць ад родных мясцін і людзей.

Святкаванне Дня народнага адзінства садзейнічае таму, каб агульнымі намаганнямі па ўсім свеце ўмацоўваўся Беларускі Мацярык. Халодныя вятры, што дзьмуць з Заходняй Еўропы, загартоўваюць наш патрыятычны дух.

Ці заўважалі вы: жыццё ў камфорце мае прыхаваную небяспеку. Пра тое, дарэчы, разважаюць у сваіх кнігах і некаторыя хрысціянскія падзвіжнікі. А свяціцель-шматпакутнік Лука Крымскі (Война-Ясянецкі) неяк і ўвогуле напісаў парадаксальнае: “Я полюбил страдание”. Гэтак жа названа і аўтабіяграфія святога, у якога ў радаводзе былі моцныя сувязі з Беларуссю. Рэшткі радавой ся­дзібы продкаў яго, знакамітага хірурга Валянціна Феліксавіча Вой­ны-Ясянецкага, можна паба­чыць у вёсцы Ясянец Баранавіцкага раёна. Дык вось, знаўцы душ чалавечых заўважылі: даволі хутка мы прывыкаем да добрага — і расслабляемся духам. І пачынае ўжо некаму здавацца, нібыта ён, як кажуць у народзе, ухапіў бога за бараду. З вышыні добрай пасады, матэрыяльнага дабрабыту збіваюцца ў слабых духам лю­дзей маральныя, жыццёвыя арыенціры. Тое, можа, і на карысць нам, што некамфортнае надвор’е, вірусы, інфлюэнцыя ды інфляцыя, санкцыі ці якая іншая трасца час ад часу напружваюць нас, умацоўваюць імунітэт? У сэнсе, гартуюць дух, жыццёвую нашу сілу. Падказваюць, што жыццё наша не вечнае.

Па замерзлым Енісеі

Адарванасць ад Радзімы, пакуты цялесныя і душэўныя свае ці блізкіх — якраз той час на жыццёвай дарозе і той стан свядомасці, калі бліжэйшым для кожнага становіцца Неба. Чытаем у аўтабіяграфіі Лукі Крымскага пра пару выпрабаванняў, рэпрэсій, высылкі ў Краснаярскі край: “Путь по замерзшему Енисею в сильные морозы был очень тяжел для меня. Однако именно в то трудное время я очень ясно, почти реально ощущал, что рядом со мною Сам Господь Бог
Иисус Христос, поддерживающий и укрепляющий меня”. Гэта пра першую высылку ў 20-я гады, і потым у будучага праваслаўнага святога (кананізаваны ў 1995 го­дзе) іх было яшчэ дзве: усяго ж каля 11 гадоў ён правёў у зняволенні, у лагерах.

Адарванасць ад Радзімы, ад родных — выпрабаванне духу. Калі адладжаны побыт, ва ўсім камфорт, мы слабеем духам, а па-за ім вастрэй усведамляем: часовая адсутнасць доступу ў інтэрнэт, невысокі заробак, чарга ў паліклініцы — зусім не канец свету. Сёння побач з Беларуссю, на поўдзень, дыхае болем суровая плынь ваеннага жыцця… Словы “бежанцы”, “мігранты”, “жыццё без Радзімы” не ў мінулым: зноў рэальнасць. І якім жа безабаронным становіцца чалавек, ад Радзімы адарваны! Назіраем праз інтэрнэт, СМІ за перыпетыямі велізарнай украінскай бежанскай драмы — і на генетычным узроўні баліць нам. Спачуваем людзям, што бягуць ад вайны, — як сваім. Бо гэта ж і мільёны (!) нашых продкаў перажылі бежанскія ды высяленчыя трагедыі Першай сусветнай, час сталінскіх рэпрэсій, Вялікай Айчыннай вайны… А колькі “сыходаў” адсюль, з Бацькаўшчыны, было раней: і вольных, і паднявольных. Як вынік міграцый — больш за 3 з паловай мільёны родных нам па крыві людзей жывуць за межамі Айчыны. І ці кожны з іх ацэньвае яе належным чынам? Што для іх Беларусь? Як для каго…

“…вялікую ласку маюць”

Напэўна, туга па Радзіме ў душах творцаў “выспельваецца”, крышталізуецца, набывае абрысы ў нейкую “пагранічную” для самапазнання пару. Калі ўжо ёсць у мігранта магчымасць перавесці дух, спыніцца ды азірнуцца, засяродзіцца на галоўным. Вось жа і Францыск Скарына знакаміты свой белы верш (пра падобнасць птушак, рыб, пчол і людзей у памкненні да родных месцаў) ствараў, напэўна, што ў Празе… 

Сёння побач з Беларуссю, на поўдзень, дыхае болем суровая плынь ваеннага жыцця… Словы “бежанцы”, “мігранты”, “жыццё без Радзімы” не ў мінулым: зноў рэальнасць. І якім жа безабаронным становіцца чалавек, ад Радзімы адарваны! Назіраем праз інтэрнэт, СМІ за перыпетыямі велізарнай украінскай бежанскай драмы — і на генетычным узроўні баліць нам. Спачуваем людзям, што бягуць ад вайны, — як сваім.

Цаніў Айчыну як вялікую каштоўнасць ды выказаў свае глыбокія пачуцці ў час развітання з ёй у паланэзе ля-мінор (шырока вядомы як “Развітанне з Ра­дзімай”, “Паланэз Агінскага”) Міхал Клеафас Агінскі. А быў наш суайчыннік не толькі кампазітарам — пра тое пад загалоўкам “Палітык. Дыпламат. Дзяржаўнік” пісаў прафесар Адам Мальдзіс. У той год адзначалася 250-годдзе творцы. Кранальная мелодыя (лічыцца, што запісаў яе М.-К.Агінскі ў 1794 го­дзе, пакідаючы Рэч Паспалітую, якая ўжо знікала з палітычнай карты свету) паказвае ўзруша­насць моманту адрыву, сыходу. Гукі перадаюць і прыхаваную надзею на вяртанне — якое, дарэчы, потым адбылося. А вось у творы “Путь домой” беларускага гітарыста і кампазітара Валерыя Дзі­дзю­лі (родам з Гродна, жыве ў Расіі, лідар гурта “ДиДюЛя”) асаблівага запалу няма. Пэўна, што для музыканта шлях дадому сёння — проста лёгкая, рамантычная вандроўка. Як і для многіх іншых творчых людзей з беларускімі радавымі каранямі, хто рэалізуе таленты ў Расіі. Бо сёння іншы час, іншы кантэкст, іншы настрой…

“Ёсць міг такі, калі не страх памерці…”

Любоў да Радзімы для тых, хто ў замежжы, ёсць яскравы паказчык духоўнага здароўя. І веліч, каштоўнасць Баць­каўшчыны бачыцца найлепш — “на расстояньи”, з адлегласці, калі перафразаваць знакаміты ясенінскі выраз. Але будзем шчырымі: беларусам замежжа ніяк не выпадае біць сябе ў грудзі ды казаць, што больш за ўсіх, найбольш абвострана яны любяць Беларусь… Любоў такую, як вядома, трэба і пацвяр­джаць добрымі справамі на карысць Бацькаўшчыны. У меру сіл спрыяць росквіту яе, дзе б мы ні былі, — гэта і ёсць сапраўдны патрыя­тызм. І амаль дзве сотні беларускіх суполак у замежжы якраз на такім “эмацыянальным фоне” працягваюць сваю дзейнасць. Даніну павагі аддае ім Беларусь, прымаючы актывістаў суполак на “вечы дыяспары” — пасяджэннях Кансультатыўнага савета пры МЗС. І Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур двойчы на год ладзіць тыднёвую творчую стажыроўку для кіраўнікоў беларускіх мастацкіх калектываў замежжа: штораз каля 30 удзельнікаў. Гэтай восенню ў ліку гасцей будзе і кіраўнік суполкі “Нёман” з Тальяці Людміла Дзёміна, яна ж і спявачка, кіраўнік гурта “Купалінка”. Дарэчы, дзякуючы ініцыятыве, намаганням Людмілы Іванаўны, Тальяці ды яе родны Бабруйск сёлета сталі гарадамі-пабрацімамі, а гурт “Купалінка” чарговы раз паспяхова выступіў на міжнародным фестывалі “Вянок дружбы” ў Бабруйску.

“…Ты — як здароўе ў нас, мая Айчына!..” У пару жорсткай гібрыднай вайны, санкцыйных абмежаванняў нашу “здароўе-Айчыну” асабліва пільна даводзіцца ўсім берагчы: па той і па гэты бок дзяржаўнай граніцы Беларусі. Цяпер і святкаванне Дня народнага адзінства садзейнічае таму, каб агульнымі намаганнямі па ўсім свеце ўмацоўваўся Беларускі Мацярык. Халодныя вятры, што дзьмуць з Заходняй Еўропы, загартоўваюць наш патрыятычны дух. А між тым вецер можа надаваць сілы, прыносіць натхненне — калі гэта вецер з Радзімы. Вось як, пажыўшы за межамі Беларусі (у Чэхаславакіі) пісала пра тое Яўгенія Янішчыц (верш “Бацькаўшчыне”): “Радзімы вецер! Ён з усіх вятроў // Мне як натхненне, // Як шчаслівы подых. // Ёсць доўгі шлях, // Дзе мы, // Як параходы, // Вяртаемся //  Да родных берагоў. // Ўдалечыні // Прыйшлося столькі жыць // I слаць сябрам // Паклоны у канверце… // Ёсць міг такі, // Калі не страх памерці, //  А страх — // Цябе сабой не засланіць”. 

Іван ЖДАНОВІЧ.