З Сербіі — з трыумфам

- 11:06Актуально, Апошнія запісы

З ХХІХ Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі, што сёлета праходзіла з 2 па 7 жніўня ў Бялградзе, усе прадстаўнікі нашай каманды вярнуліся з узнагародамі. У скарбонцы беларусаў — 4 медалі. Навучэнец гімназіі № 3 Магілёва Павел Стульнікаў заваяваў залаты медаль, выпускнік гімназіі № 61 Мінска Іван Наркевіч, навучэнец гімназіі № 1 Брэста Антон Засімук і выпускнік гімназіі № 1 Віцебска Ягор Гафараў удастоены бронзавых медалёў. Гэта працяг пераможнага выступлення беларусаў на IV Міжнароднай алімпіядзе краін Балтыйскага рэгіёна (BalticiGeo) у Літве.

Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo, International Geography Olympiad) — прадметнае спаборніцтва сярод навучэнцаў ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў з розных куткоў свету. Кожную краіну прадстаўляюць чатыры ўдзельнікі. Сёлета канкурэнцыю нашай зборнай склалі 160 школьнікаў з 41 краіны свету. Удзельнікі спаборніцтваў павінны былі прадэманстраваць не толькі валоданне прадметам, але і добрае веданне англійскай мовы — афіцыйнай мовы алімпіяды.

Кіраўнікі нашай каманды — загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Генадзь Зянонавіч Озем і дацэнт кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат геаграфічных навук Людміла Уладзіміраўна Факеева.

— Гэтая міжнародная алімпіяда была самай удалай. Наша каманда ўвайшла ў дзясятку наймацнейшых каманд свету (7 месца), абышоўшы па колькасці заваяваных медалёў Вялікабрытанію, Новую Зеландыю, Бельгію, — адзначыў Г.З.Озем. — Мы пацвердзілі высокі статус падрыхтоўкі навучэнцаў і развіцця геаграфіі як навукі ў нашай краіне. Упершыню навучэнцы заваявалі 4 медалі, упершыню на рахунку беларусаў “золата”. Юнакі сапраўды пастараліся. У іх перамозе — агульная праца і бацькоў, якія не забаранялі займацца “нямоднай” геаграфіяй, і школьных настаўнікаў, якія заклалі тэарэтычную базу, і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якія выступалі трэнерамі, і Міністэрства адукацыі, якое стварае спрыяльныя ўмовы для работы. Алімпіяда прайшла на высокім арганізацыйным узроўні. Прымаючым бокам былі створаны цудоўныя ўмовы для пражывання, харчавання, работы і вольнага часу ўдзельнікаў алімпіяды, а насычаная экскурсійная праграма дазволіла акунуцца ў сербскую атмасферу.

Традыцыйна алімпіяда праходзіла ў тры туры: тэарэтычны, які ўключаў 6 блочных тэматычных заданняў, што насілі кампетэнтнасны характар і былі накіраваны на прымяненне тэарэтычных ведаў на практыцы, практычны і мультымедыйны. На практычным туры вучням давялося даследаваць мясцовасць — узвышанасць у цэнтры Бялграда, аналізаваць матэрыялы палявых назіранняў і статыстычныя даныя, думаць над прыкладнымі пытаннямі. Практычны тур складаўся з двух этапаў. На першым этапе неабходна было скласці карту прылеглай мясцовасці, вызначыць формы рэльефу, правесці палявую ацэнку магчымасці стварэння лыжаролернай трасы, якая б адпавядала прынцыпам устойлівага развіцця, а таксама вырашыць шэраг заданняў, звязаных з даследаваннем гэтага ўчастка ў турыстычных мэтах (стварыць картасхему выкарыстання аб’ектаў). Традыцыйна практычны этап па суме балаў і значнасці быў роўны тэарэтычнаму. Беларускія школьнікі ўвайшлі ў топ-10 вучняў, якія паспяхова выканалі практычны тур. Так, у Паўла Стульнікава 2-е рэйтынгавае месца, у Ягора Гафарава — 4-е месца. Мультымедыйны тур быў дастаткова складаным, але цікавым. Асноўны акцэнт рабіўся на ўменне чытаць інфармацыю з графічных носьбітаў (чытаць карты, схемы, супастаўляць і г.д.).

Уладальнік залатога медаля дзесяцікласнік Павел Стульнікаў вельмі задаволены сваім выступленнем. Гэта не першы вопыт удзелу юнака ў міжнародных спаборніцтвах. Своеасаблівая генеральная рэпетыцыя адбылася на пачатку ліпеня, калі хлопец прыняў удзел у ІV Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе краін Балтыйскага рэгіёна, фармат якой быў максімальна набліжаны да iGeo, і атрымаў там “серабро”.

— На алімпіядзе панавала адкрытая, нязмушаная атмасфера, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Павел. — Для мяне галоўнае не атрыманы медаль, а новыя знаёмствы, сувязі, зносіны. Спадабалася тое, што алімпіядныя заданні гучалі проста, не патрабавалі глыбокіх ведаў, фактаў, а былі накіраваны на праверку навыкаў, якія рэальна запатрабаваны ў прафесіі географа: збор, аналіз матэрыялаў, складанне карт, адсочванне прычынна-выніковых сувязей, устанаўленне логікі працэсаў і з’яў.

Яшчэ ў дзяцінстве Павел захапіўся навукай аб зямлі. У пакоі хлопчыка на сцяне віселі палітычная і эканамічная карты свету, і ён гадзінамі мог глядзець на іх, уяўляючы сябе то мараплаўцам, то вынаходнікам. Умацавала любоў да геаграфіі настаўніца Таццяна Паўлаўна Амялькова, з дапамогай якой хлопец пачаў удзельнічаць у алімпіядным руху і ўжо ў 9 класе заняў 1-е месца на алімпіядзе ў горадзе. Яшчэ больш захапіў прадметам настаўнік геаграфіі ліцэя № 1 Дзмітрый Уладзіміравіч Паджыгераў. Дзякуючы добраму веданню англійскай мовы, якую хлопец вывучае з 4 гадоў, стаў магчымым яго ўдзел у міжнароднай алімпіядзе. Праўда, у мінулым годзе Павел не ўвайшоў у зборную па ўзросце.

Павел скончыў мастацкую школу і да цяперашняга часу захапляецца маляваннем. У будучыні плануе стаць архітэктарам, а веданне геаграфіі, навыкі прасторавага мыслення яму абавязкова спатрэбяцца.
— Гэтая алімпіяда для нас вельмі значная. Канкурэнцыя была сур’ёзная, — расказаў Антон Засімук, — але для мяне асабіста былі важнымі не столькі самі спаборніцтвы, колькі дух маладзёжнага адзінства, які панаваў падчас алімпіядных дзён. А гэта збліжае людзей з розных краін свету, пашырае кругагляд, дазваляе абменьвацца думкамі, вопытам і наладжваць сувязі. Самым цікавым і самым геаграфічным для мяне быў менавіта практычны тур, на якім трэба было выкарыстаць веды, якія меліся, у патрэбнай плоскасці. Тут правяраўся не столькі кампанент ведаў, колькі ўменне прымяніць іх на практыцы ў нестандартнай сітуацыі.

Да медаля Антону дапамагла прыйсці яго настаўніца Алена Арнольдаўна Сакалоўская, у якой хлопец пачаў займацца з 8 класа. У гэты ж год удзел у рэспубліканскай алімпіядзе прынёс першы дыплом і натхніў да далейшай работы. Акрамя любімага прадмета, хлопец з задавальненнем вывучаў замежную мову, гісторыю, біялогію, хімію, бо без іх у геаграфіі не абысціся. Пасля школы Антон хоча звязаць сваё жыццё менавіта з геаграфіяй.

Выпускнік гімназіі № 61 Мінска Іван Наркевіч з 5 класа прымаў удзел у алімпіядным руху. Хлопец спрабаваў свае сілы ў спаборніцтвах па матэматыцы, фізіцы, хіміі. Сустрэча ў 9 класе з настаўніцай геаграфіі Тамарай Лявонцьеўнай Новікавай прымусіла Івана змяніць прыярытэты, і ўжо ў 10 класе ён атрымаў дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе.

“Мэтанакіраваны, упарты, працавіты навучэнец, які ведае, чаго хоча, і дабіваецца гэтага” — так характарызуюць Івана ў гімназіі.

Іван скончыў установу з залатым медалём. Акрамя геаграфіі, захапляецца вялікім тэнісам, бо перакананы, што спорт дазваляе адпачыць мозгу. Неаднойчы юнак станавіўся пераможцам спаборніцтваў па тэнісе ў раёне. Падчас вучобы гуляў у інтэлектуальнай камандзе “Што? Дзе? Калі?”. З 1 верасня хлопец будзе вучыцца на адным з факультэтаў БДУІР, дзе, як сам мяркуе, геаграфічныя веды і навыкі вельмі спатрэбяцца.

Адным з самых вопытных алімпіяднікаў з’яўляецца навучэнец гімназіі № 1 Віцебска Ягор Гафараў. У яго скарбонцы — дыпломы І ступені рэспубліканскіх спаборніцтваў і медалі міжнародных алімпіяд. Як прызнаецца Ягор, ён хадзіў у мастацкую школу, займаўся гімнастыкай і іншымі відамі спорту, але так і не навучыўся ні прыгожа маляваць, ні дасканала выконваць гімнастычныя практыкаванні, але затое можа намаляваць карту свету з заплюшчанымі вачыма. У многім гэта заслуга яго педагога настаўніцы геаграфіі Людмілы Ціханаўны Карнеенка, якая прывіла любоў да геаграфіі, рыхтавала яго да спаборніцтваў.

На думку Г.З.Озема, сёлетні поспех на алімпіядзе стаў магчымым яшчэ і дзякуючы змяненню падыходаў да складання заданняў да рэспубліканскай алімпіяды. “Нашы педагогі яшчэ арыентаваны на факталагічныя задачы. А мы на працягу трох гадоў паступова пераходзім да заданняў кампетэнтнаснага характару, заданняў, накіраваных на ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязей, развіццё лагічнага мыслення і г.д. Без кампанента ведаў, безумоўна, абысціся немагчыма, і гэта работа настаўніка, а адпрацоўка атрыманых ведаў на практыцы — гэта ўжо работа трэнера. І вось цеснае ўзаемадзеянне і дало плён”, — лічыць Генадзь Зянонавіч.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.