З творчым падыходам

- 10:40Навіны рэгіёнаў, Рознае

Настаўніца геаграфіі і біялогіі С.М.Дарашук са Старасельскай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна ўпэўнена, што развіваць творчыя здольнасці вучняў можна не толькі на ўроках філалагічнага цыкла. Гэта вельмі важна, бо творчая актыўнасць сучасных дзяцей даволі нізкая.

— Дыягностыка вучняў паказвае нізкі ўзровень развіцця іх уяўлення, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Дзеці амаль не ўмеюць ці баяцца фантазіраваць. Таму ўзнікла неабходнасць выбудоўваць урокі такім чынам, каб кожны вучань адчуў сябе здольным і змог рэалізавацца як творчая асоба.

Для гэтага С.М.Дарашук прытрымліваецца шэрага правіл. Так, настаўніца лічыць, што педагог павінен быць прыкладам для пераймання.

— Творчыя здольнасці развіваюцца не тады, калі гавару дзецям пра неабходнасць іх развіцця, а тады, калі ўмею развіваць іх сама і паказваю гэта праз зносіны, — гаворыць Святлана Мікалаеўна.

Педагог заахвочвае сумненні вучняў, бо творчым асобам уласціва сумнявацца ў рашэннях, якія прымаюць іншыя людзі. Канечне, дзеці не павінны сумнявацца ва ўсім. Кожны вучань павінен знаходзіць аб’ект, варты сумнення.

— Дазваляю дзецям рабіць памылкі, — працягвае настаўніца. — Калі дзяцей папракаюць за памылкі, то яны ў выніку баяцца іх рабіць, рызыкаваць і думаць незалежна, не ствараюць новае, сваё. У рабоце пазбягаю крытыкі і рэзкіх выказванняў, якія падаўляюць творчую актыўнасць вучняў.

С.М.Дарашук заахвочвае разумны пошук дзяцей. “Крэатыўнасць часцей сустракаецца ў малодшых школьнікаў, чым у старшакласнікаў, — тлумачыць педагог. — З узростам крэатыўнасць не страчваецца, а падаўляецца равеснікамі ці настаўнікамі. Дазваляючы вучням рызыкаваць і нават заахвочваючы іх да гэтага, дапамагаю раскрыць іх творчы патэнцыял”.

— Уключаю ў праграму навучання раздзелы, якія дазволілі б вучням паказаць іх творчыя здольнасці, — адзначае Святлана Мікалаеўна. — Прапаноўваю дзецям уявіць сябе ў ролі пэўнага персанажа, расказаць пра сябе, напісаць іншую канцоўку апавядання і г.д. Пытанні і заданні ўтрымліваюць такія фармулёўкі: “Уявіце, што…”, “Прыдумайце…”, “Вынайдзіце…”, “Прапануйце гіпотэзу…”, “Паразважайце…”.

Творчасць — гэта не толькі ўменне творча мысліць, але і здольнасць не здавацца, сустрэўшы перашкоду, адстойваць сваё меркаванне. Таму педагог настройвае дзяцей на пастаяннае пераадоленне розных перашкод.
— У рабоце выкарыстоўваю метады і прыёмы, якія дазваляюць прывесці вучняў ад цікаўнасці да творчасці, — гаворыць С.М.Дарашук. — Так, выкарыстоўваю апорныя схемы. Лічу адным з самых важных уменняў вучняў — уменне кадзіраваць вялікі аб’ём інфармацыі, выбудоўваць лагічныя ланцужкі для разважанняў. Гэта дапамагае асвойваць новыя спосабы дзейнасці.

Святлана Мікалаеўна стварае на ўроках праблемныя сітуацыі. “Прапаноўваю любыя заданні, дзе вучні ўсведамляюць мэту, але не ведаюць спосабаў яе дасягнення, — тлумачыць педагог. — Дзеці аказваюцца ў ролі даследчыкаў, выпрацоўваюць нешаблоннае мысленне, шукаюць новыя тлумачэнні, дзеляцца ўласнымі разважаннямі, здагадкамі і гіпотэзамі, творча падыходзяць да пазнання рэчаіснасці. Напрыклад: “Якія кліматаўтваральныя фактары вызначаюць клімат Еўропы? Пакажыце схематычна”.

С.М.Дарашук звяртаецца да дыдактычных гульняў (“Знайдзі палавінку”, “Складзі слова”, “Трэці лішні”, “Завочнае падарожжа”, “Геаграфічныя і біялагічныя дыктоўкі”, “Турыстычнае агенцтва “Па краінах і кантынентах”, “Здагадайся”) і творчых работ (складанне загадак і крыжаванак, выраб макетаў вулканаў з пластыліну, падрыхтоўка паведамленняў, дакладаў і прэзентацый).

— Актыўна выкарыстоўваю на ўроках вусную народную творчасць: вершы, загадкі і прымаўкі, — расказвае педагог. — Так, пры тлумачэнні тэмы “Вецер” у 7 класе зачытваю дзецям урывак з “Казкі пра мёртвую царэўну і 7 волатаў”, пасля чаго пытаюся: “Што называецца ветрам, як узнікае вецер і чаму паэт называе вецер магутным?”

С.М.Дарашук практыкуе работу з картай, бо яна з’яўляецца адным з асноўных сродкаў навучання на ўроках геаграфіі. Сістэма рознаўзроўневых заданняў, якія прадугледжваюць зварот да карты, дазваляе стварыць умовы для фарміравання творчай дзейнасці вучняў.

Не абыходзіць увагай настаўніца рэбусы і малюнкі. Вучні 6—7 класаў з задавальненнем працуюць з рэбусамі. Іх можна выкарыстоўваць для праверкі ведаў дзяцей як адну з форм дамашняга задання ці работы на ўроку ў групах.

— Вучням падабаецца складаць сінквейны — вершы, якія патрабуюць выкладу вялікага аб’ёму вучэбнай інфармацыі ў кароткіх выразах, — адзначае С.М.Дарашук. Напрыклад: “Фотасінтэз // неабходны, глабальны // паглынае, назапашвае, сілкуе // утварэнне цукру ў хларапластах лісця на святле // працэс”.

Святлана Мікалаеўна заахвочвае творчы падыход вучняў пры падрыхтоўцы паведамленняў, развівае навыкі публічных выступленняў і ўменні правільна фармуляваць пытанні.

— Дыягностыка паказвае, што дзякуючы выкарыстанню розных метадаў і прыёмаў у вучняў істотна павышаецца ўзровень развіцця творчых здольнасцей, — адзначае С.М.Дарашук. — Павялічылася колькасць удзельнікаў экалагічнага гуртка. Дзеці больш актыўна ўдзельнічаюць у даследчай дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.