З улікам рэгіянальных сацыякультурных асаблівасцей

- 12:03Навіны рэгіёнаў

На базе ўстаноў адукацыі Брэсцкага раёна прайшоў абласны семінар начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, прысвечаны развіццю прыродаадпаведных якасцей асобы дзіцяці ва ўмовах сацыякультурнага асяроддзя рэгіёна. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў Чэрнінскай, Вістыцкай і Клейнікаўскай сярэдніх школах, Клейнікаўскім яслях-садзе і гісторыка-мемарыяльным музеі “Сядзіба Нямцэвічаў” у Скоках, дзе азнаёміліся з цікавымі напрацоўкамі педагогаў Прыбужжа.

— Семінар з’яўляецца школай вучобы кіраўнікоў, якая дазваляе паглядзець на дасягненні рэгіянальнай сістэмы адукацыі па розных напрамках работы для пераймання эфектыўнага вопыту і далейшага яго выкарыстання ў сваёй дзейнасці, — адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук.

— Прынцып прыродаадпаведнасці заключаецца ў тым, што вядучым звяном любых выхаваўчых адносін і педагагічных працэсаў з’яўляецца вучань з яго канкрэтнымі асаблівасцямі і ўзроўнем развіцця, — расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага райвыканкама В.В.Чарапенька. — Задача адукацыйнай галіны рэгіёна — стварыць належныя ўмовы для развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу ўсіх дзяцей ва ўмовах сацыякультурнага асяроддзя Прыбужжа.

Сёння ў раёне дзейнічаюць 20 школ, 17 дзіцячых садкоў, два ВПК “школа — сад”, дзве ўстановы дадатковай і адна спецыяльнай адукацыі. Колькасць дзяцей з году ў год павялічваецца, з-за чаго адчуваецца пэўны дэфіцыт месцаў у асобных установах. З улікам запытаў бацькоў актыўна ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі.

Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці школ — павышэнне якасці адукацыі, прафарыентацыя вучняў і работа з высокаматываванымі дзецьмі. Профільныя групы адкрыты ва ўсіх сярэдніх школах. У бягучым навучальным годзе з’явіліся класы правазнаўчага, пагранічнага і педагагічнага напрамкаў. У раённым банку даных адораных вучняў сёння знаходзяцца 311 дзяцей. Прадметныя алімпіяды пачынаюцца з 3 класа. Шмат увагі ўдзяляецца даследчай і турыстычнай дзейнасці школьнікаў, тэатральнай і тэхнічнай творчасці, арганізацыі карыснага адпачынку і карэкцыйна-педагагічнай дапамозе асаблівым дзецям.

У шэрагу ўстаноў адукацыі рэалізоўваюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсу навучання, выхавання і развіцця вучняў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі” (Вялікаматыкальская і Навалышчыцкая сярэднія школы), “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры сельскага насельніцтва ў рамках дзейнасці ўстановы адукацыі як цэнтра рухальнага і тэхналагічнага забеспячэння здаровага ладу жыцця” (Страдзецкая сярэдняя школа), “Укараненне праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі” (яслі-сад Тэльмы-1), “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” (Дамачаўская сярэдняя школа) і “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, накіраванага на прафілактыку дэвіянтных паводзін непаўналетніх і фарміраванне ў іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі” (Знаменкаўская сярэдняя школа). Наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з сацыяльна-культурнымі аб’ектамі, РАУС, раённым аддзелам МНС, грамадскімі арганізацыямі і інш.

Дырэктар Вялікаматыкальскай сярэдняй школы І.М.Трафімава падзялілася вопытам дыферэнцыраванага навучання ва ўмовах сельскай установы адукацыі, у якой вялікая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню педагагічнага майстэрства, распрацоўцы вучэбных, метадычных і дыдактычных матэрыялаў, выкарыстанню сучасных асобасна арыентаваных тэхналогій ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, эфектыўнаму ўзаемадзеянню з бацькамі, маніторынгу прафесійных кампетэнцый і дасягненняў настаўнікаў.

— Работа школы будуецца на аснове штогадовага анкетавання бацькоў і вучняў, якое выяўляе іх задаволенасць адукацыйным працэсам, — расказала І.М.Трафімава. — Вывучаюцца запыты па арганізацыі факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах і профільнага навучання. У прыярытэце — работа з высокаматываванымі і слабапаспяваючымі вучнямі. Дзякуючы дыферэнцыраванаму і індывідуальнаму падыходу да іх, павышаецца паспяховасць дзяцей.

З мэтай павышэння якасці адукацыі ў школе рэалізоўваецца інавацыйны праект. З 8 класа арганізавана перадпрофільная падрыхтоўка вучняў, якая ўлічвае запыты бацькоў, інтарэсы і схільнасці дзяцей. На аснове гэтага фарміруюцца профільныя групы. Дзесяцікласнікі вучацца па 4 напрамках: “фізіка — матэматыка”, “хімія — біялогія”, “руская мова — гісторыя Беларусі”, “англійская мова — матэматыка”. Акрамя таго, на базе 10 класа адкрыта прававая група і створаны міжшкольны прававы факультатыў. Такая арганізацыя работы станоўча ўплывае на паступленне выпускнікоў ва ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі.

— Наша ўстанова цесна ўзаемадзейнічае з сем’ямі вучняў і соцыумам, — адзначыў дырэктар Яцкавіцкай базавай школы А.Р.Кірыковіч. — У сваёй рабоце педагогі ўлічваюць асаблівасці сацыяльнага асяроддзя. Школа з’яўляецца культурна-асветніцкім і адукацыйным цэнтрам не толькі для дзяцей і бацькоў, але і для ўсяго мясцовага насельніцтва. Вялікая ўвага ўдзяляецца дзейнасці рознаўзроставых аб’яднанняў вучняў і бацькоў, розным формам супрацоўніцтва з сем’ямі. Рэгулярна праводзяцца сумесныя спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. Усе праблемныя пытанні вырашаюцца ў спакойнай атмасферы. Школьныя ініцыятывы заўсёды падтрымліваюцца бацькамі. Іх меркаванні па арганізацыі адукацыйнага працэсу пастаянна вывучаюцца і аналізуюцца. Бацькоўскія сходы праходзяць у форме дзелавых гульняў, трэнінгаў і кансультацый. На тэматычных сходах прысутнічаюць прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў.

Школа цесна супрацоўнічае з сельскім Домам культуры. З улікам запытаў дзяцей дзейнічае аб’яднанне па навучанні музыцы, заняткі ў якім праводзіць прыватны прадпрымальнік. З мэтай прафарыентацыі, працоўнага выхавання і прафілактычнай работы наладжана ўзаемадзеянне з базавай гаспадаркай ААТ “Астрамечава”, Высокаўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным сельскагаспадарчым каледжам, паштовым аддзяленнем, лясніцтвам, медыцынскімі ўстановамі, РАУС, раённым аддзелам МНС, пагранічнай заставай, сельсаветам і інш.

Вучні актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні вёскі, на прышкольным участку вырошчваюць агародніну і кветкі, праводзяць доследы. Гэта выхоўвае павагу да працоўнай дзейнасці, гаспадарлівасць і прадпрымальнасць, эстэтычныя адносіны да навакольнага асяроддзя. Урокі працоўнага навучання маюць практычную накіраванасць. Важную ролю ў патрыятычным выхаванні і пошукавай рабоце адыгрывае атрад юных сяброў пагранічнікаў.

Дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна К.М.Ягніцына вяла гаворку пра ролю дадатковай адукацыі ў развіцці творчых здольнасцей школьнікаў і арганізацыі іх вольнага часу. Ва ўстанове створаны аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, спартыўна-тэхнічнага, ваенна-патрыятычнага, фізкультурна-спартыўнага, сацыяльна-педагагічнага і культурна-адпачынкавага профіляў. Найбольш папулярным з іх з’яўляецца мастацкі, які ўключае выяўленчую, дэкаратыўна-прыкладную, вакальную, харэаграфічную і тэатральную творчасць. Толькі 10% аб’яднанняў па інтарэсах дзейнічаюць на базе цэнтра, астатнія працуюць на базе школ. У адукацыйным працэсе задзейнічаны 85 педагогаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у конкурсным руху і праектна-даследчай дзейнасці. На рахунку выхаванцаў цэнтра шмат дыпломаў, атрыманых па выніках спаборніцтваў тэхнічнай творчасці, юных інспектараў дарожнага руху і інш. Гонарам установы з’яўляюцца 48 сёлетніх выпускнікоў аб’яднанняў па інтарэсах, якія працягваюць адукацыю ў ССНУ і УВА па выбраных профілях.

Штогод цэнтр арганізоўвае работу летняга аздараўленчага лагера “Вясёлка” ў пасёлку Мухаўцы. Сёлета ў рамках профільнай змены быў паспяхова рэалізаваны сацыяльна-педагагічны праект “Горад ПРОФІ”. У яго аснове — ролевая прафарыентацыйная гульня, якая дазволіла ўдзельнікам змены больш даведацца пра сучасныя сферы прафесійнай дзейнасці, сустрэцца з прадстаўнікамі розных прафесій і прайсці прафесійныя спробы.

У цэнтры ўвагі педагогаў — арганізацыя занятасці вучняў па суботах і на канікулах. З гэтай мэтай праводзяцца розныя мерапрыемствы творчага, інтэлектуальнага і патрыятычнага напрамку. Радуе, што колькасць іх удзельнікаў з году ў год павялічваецца.

Намаганні педагогаў арыентаваны на арганізацыю сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў. Мамы і таты актыўна ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе праз адкрытыя заняткі, творчыя майстэрні, прэзентацыі вопыту сямейнага выхавання, бацькоўскія гасцёўні, творчыя сямейныя вечарыны і інш.

У партнёрстве з БРПА і БРСМ рэалізоўваюцца сумесныя праекты, праграмы і конкурсы, накіраваныя на выхаванне сацыяльна актыўнай асобы: “Падзяліся сваёй дабрынёй!”, “Піянерскі арыенцір”, “Запалі агонь дабра”, “Лідар года”, “Будучыня — гэта мы!” і інш. У цэнтры дзейнічае праграма па выяўленні і падтрымцы таленавітых дзяцей “Шлях да поспеху”, якая дапамагае рэалізаваць творчы патэнцыял іх і дарослых.

У Чэрнінскай сярэдняй школе, размешчанай непадалёк Брэста, атрымліваюць веды 550 дзяцей з 10 вёсак. Па шэрагу напрамкаў работы сельская ўстанова адукацыі не мае роўных у горадзе. Другі год запар чэрнінскія вучні з’яўляюцца пераможцамі абласнога конкурсу робататэхнікі “Робафэст”. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі А.В.Пастаялкі дзеці займаюцца 3D-канструяваннем і праграмаваннем. На рахунку школьнікаў — перамогі ў рэспубліканскім этапе конкурсу JuniorSkills і Рэспубліканскім конкурсе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Hi-Tech.

Ва ўстанове, якую ўзначальвае А.А.Пастаялка, рэалізоўваецца праект “Электронная школа”. Усе прадметы выкладаюцца з выкарыстаннем ІКТ. Мінулагодняе ўкараненне электронных дзённікаў і журналаў у 5—11 класах цалкам сябе апраўдала. Наладжана плённае супрацоўніцтва з факультэтам электронна-інфармацыйных сістэм БрДТУ, выкладчыкі якога праводзяць з вучнямі заняткі. У планах — укараненне шматфункцыянальных пластыкавых картак для дзяцей, аўтаматызацыя работы бібліятэкі шляхам нанясення на кнігі штрыхкодаў, стварэнне сучасных інфармацыйных і паліграфічных цэнтраў. Кіраўнік школы імкнецца забяспечыць апераджальнае развіццё ўстановы адукацыі.

Дырэктар Дамачаўскай сярэдняй школы Г.У.Пойта і яе намеснік па выхаваўчай рабоце Т.В.Сіняўская падзяліліся напрацоўкамі па развіцці асобасных якасцей школьнікаў праз іх удзел у рэалізацыі сацыяльна значных праектаў. Для гэтага ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы.

— Мы рэалізоўваем як унутрышкольныя, так і рэспубліканскія праекты, а таксама праекты, якія фінансуюцца ЕС у рамках праграмы развіцця ААН/ПРААН, — расказала Г.У.Пойта. — Так, у межах праектнай ініцыятывы “Школа Дамачава як экалагічны цэнтр” створаны інфармацыйна-экалагічны цэнтр, які рыхтуе экаваланцёраў зялёнага дазору і ўдзельнікаў агітбрыгады “Экалоджык”. Дзякуючы ранняй прафарыентацыі, двое выпускнікоў школы атрымліваюць сёння прафесію эколага.

Міні-праект па развіцці сельскіх рэгіёнаў “Запрашаем у Дамачава” дазволіў вучням, якія цікавяцца гісторыяй і культурай роднага краю, паўдзельнічаць у 8 пошукава-адукацыйных экспедыцыях у рамках праекта “Жывая гісторыя”. А ўдзел у Дамачаўскім кірмашы пашырыў інфармаванасць школьнікаў у пытаннях дробнага прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці.

Даволі цікавым атрымаўся праект “Школа самакіравання “Рэспубліка ШКІД”, падчас якога вучні набылі каштоўны вопыт кіравання на ўзроўні школы і навыкі камунікацыі ў супрацоўніцтве.

У рамках мясцовай ініцыятывы “Дамачаўскі ФізКультЦэнтр — здаровы адпачынак для ўсёй сям’і” педагогі ствараюць умовы для развіцця дзяцей, якія захапляюцца спортам і імкнуцца да здаровага ладу жыцця. Ініцыятыва прадугледжвае будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі, дзе ўсе жадаючыя змогуць займацца варкаўтам.

У школе рэалізоўваюцца таксама праекты “Здаровыя дзеці сёння — здаровая будучыня заўтра” і “Я беларус, ці Ад маленькага грамадзяніна — да вялікага патрыёта”, а таксама міні-праект па развіцці адукацыі Брэсцкага раёна “Спадчына зямлі маёй”.

Шмат робіцца па наладжванні сацыяльнага партнёрства з бацькамі вучняў і ў Вістыцкай сярэдняй школе. Для гэтага ў ёй рэгулярна арганізоўваюцца сумесныя спартыўна-турыстычныя мерапрыемствы. У 2015 годзе быў распрацаваны праект “Здароваму здароўю — здорава!”, які носіць прыкладны характар і прадугледжвае выпуск школьных тэлеперадач пра жыццё ўстановы, яе вучняў і настаўнікаў. У стварэнні тэлеперадач удзельнічаюць найбольш актыўныя і таленавітыя дзеці, якія з’яўляюцца прыкладам для равеснікаў. Дзякуючы падтрымцы раённага Савета дэпутатаў, райвыканкама, ААТ “Аграсад “Світанак” і галоўнага санітарнага ўрача Брэста і Брэсцкага раёна Г.І.Радчанкі, з 2014 года рэалізоўваецца праграма “Вістычы — здаровы пасёлак”, накіраваная на прапаганду спорту і здаровага ладу жыцця сярод моладзі. Школьнікі — актыўныя ўдзельнікі і прызёры розных спартыўных спаборніцтваў.

Цікавы вопыт работы па ўзаемадзеянні з гісторыка-мемарыяльным музеем “Сядзіба Нямцэвічаў” назапашаны ў Скокаўскай сярэдняй школе. Яе дырэктар В.А.Саявец лічыць, што музейнае адукацыйнае асяроддзе — эфектыўны сродак фарміравання культурнага вопыту асобы.

Надзвычай вынікова арганізавана ўзаемадзеянне Клейнікаўскіх ясляў-сада і сярэдняй школы з мясцовым сельсаветам і дзіцячай школай мастацтваў. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву, удаецца задаволіць запыты бацькоў па ўсебаковым развіцці дзяцей, рэалізацыі іх творчых інтарэсаў, паспяховай сацыялізацыі і арганізацыі карыснага вольнага часу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.