З улікам сучасных тэндэнцый

- 11:01Планерка, Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца

Ленінскі раён Магілёва з’яўляецца самым вялікім у горадзе. Тут функцыянуюць 117 устаноў адукацыі і пражывае звыш 44 тысяч дзяцей. Аб арганізацыі вучэбна­-выхаваўчага працэсу пры такіх маштабах пагаварылі з начальнікам мясцовага аддзела па адукацыі Інай Казловай.

— Іна Аляксандраўна, Ленінскі раён горада дынамічна развіваецца. За дастаткова кароткі тэрмін з’явіліся новыя мікрараёны, якія цяпер хутка прырастаюць аб’ектамі ў сферы адукацыі…

— У раёне сапраўды вядзецца інтэнсіўная жылая забудова. Назіраецца і ўстойлівы рост колькасці дзіцячага насельніцтва. Вядома, гарадскія ўлады гэта ўлічваюць. Вядзецца будаўніцтва новых навучальных устаноў, каб забяспечыць крокавую даступнасць адукацыі. За апошнія гады былі ўве­дзены ў эксплуатацыю два дзіцячыя садкі на 240 і 200 месцаў, а таксама пабудавана школа на 1020 месцаў.

Усе ўстановы ўзводзіліся з арыенцірам на самыя сучасныя падыходы. Так, дзіцячы сад № 118 — перадавы для ўсёй вобласці. Будынак установы аднапавярховы, уся прастора ў ім адкрытая і шматфункцыянальная, напоўненая тэхналагічнымі навінкамі. Галоўная асаблівасць у тым, што любое памяшканне можна лёгка трансфармаваць у залежнасці ад патрэб педагогаў і выхаванцаў.

Новыя ўстановы адукацыі абавязкова абсталяваны басейнамі. А ў самай маладой школе горада — 46-й, ёсць нават свое­асаблівы спартыўны комплекс. У асобнай прыбудове размяшчаецца басейн з зонай навучання плаванню, трэнажорная зала і зала для заняткаў фітнесам, сухі басейн, метадычныя класы. Непасрэдна сама школа таксама адметная. У першую чаргу сваёй тэхналагічнасцю. Яна цалкам інфарматызавана, многае зроблена і ў плане захавання бяспекі дзяцей. Хацелася б адзначыць таксама дызайн: школа незвычайная і яркая знешне, а ўнутры ўражвае ўваходным каменным барэльефам са славутасцямі Магілёва.

Наогул, умацаванне матэрыяльнай базы навучальных устаноў трымаем на пастаянным кантролі: рэгулярна право­дзяцца капітальныя рамонты, пастаўляецца неабходнае абсталяванне і тэхніка, вучэбныя дапаможнікі, гульнявы і спартыўны інвентар.

— Матэрыяльная база ўстаноў — важны фактар якаснай адукацыі. Але ключавыя ўсё ж кадры. Як ахарактарызуеце настаўніцтва раёна?

— Сёння ў нас працуе звыш 3 тысяч педагагічных работнікаў. Іх кваліфікацыйны ўзровень дастаткова высокі. Ёсць пяць настаўнікаў-метадыстаў. Больш за 94% педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 73% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Штогод установы папаўняюцца маладымі спецыялістамі. Сёлета да працоўнай дзейнасці прыступілі 79 пачынаючых педагогаў.

Настаўнікі раёна пастаянна ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства, павышаюць кваліфікацыю. Актыўна займаюцца таксама інавацыйнай дзейнасцю. Мы падтрымліваем педагогаў-наватараў. Гэта дае свой вынік. Зараз ва ўстановах рэалізуецца 27 інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Педагагічныя калектывы не стаяць на месцы: ажыццявіўшы адну інавацыю, заўсёды імкнуцца да ўвасаблення новых ідэй.

— Не проста даць веды, а падрыхтаваць да далейшага жыцця. Такія задачы стаяць перад сучаснай школай?

— Так, праз сістэму профільнай і дапрофільнай падрыхтоўкі. Усюды на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Працягваюць работу 9-я класы дапрофільнай падрыхтоўкі: транспартны на дагаворнай аснове з Магілёўскім мытным камітэтам, клас МНС. Усяго профільнае навучанне ажыццяўляецца ў 21 школе, у тым ліку ў класах прафесійнай накіраванасці: педагагічных, ваенна-патрыятычных, спартыўна-педагагічных, медыцынскім, фінансава-эканамічным. Акрамя таго, функцыянуюць спартыўныя класы і класы з вывучэннем спецыяльных прадметаў мастацкай і музычнай накіраванасці. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі арганізавана навучанне старшакласнікаў па шэрагу рабочых прафесій. Усё гэта садзейнічае своечасоваму самавызначэнню навучэнцаў, іх усвядомленаму выбару далейшага адукацыйнага шляху.

— Акрамя навучання, асаблівую актуальнасць у цяперашніх рэаліях набывае выхаванне. Якая ўвага ўдзяляецца ва ўстановах адукацыі выхаваўчай рабоце?

— Самая пільная. Прыярытэтнымі напрамкамі выхавання бачым фарміраванне ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму і нацыянальнай свядомасці. Калі гаварыць аб канкрэтных кроках, то мэтанакіравана працуем над арганізацыяй карыснай занятасці навучэнцаў. Усяго пазаўрочнымі відамі дзейнасці ахоплена каля 70% дзяцей. У радах грамадскіх дзіцячых і маладзёжных арганізацый аб’яднана каля 90% школьнікаў. Асаблівы ўпор робім на ахоп дзяцей занятасцю ў шосты школьны дзень. Кожная субота месяца з’яўляецца тэматычнай. Такія падыходы дазваляюць ведаць, дзе знаходзяцца і чым займаюцца навучэнцы, а таксама метадычна фарміраваць у дзіцячай асобе правільныя якасці і каштоўнасці.

— Чым сёння можа ганарыцца сістэма адукацыі раёна?

— Нашы школьнікі вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Летась вучні заваявалі 72 дыпломы на трэцім і 17 на заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дзеці стабільна паказваюць дастаткова высокую вучэбную паспяховасць. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём у 2022 годзе атрымаў 61 выпускнік, пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай — 132. Поспехі дэманструюць і педагогі, рэгулярна становяцца пераможцамі прафесійных конкурсаў, атрымліваюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды за плённую працу.

 

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега Ігнатовіча