З улікам традыцый і запытаў часу

- 16:07Апошнія запісы, Рознае

Шмат гасцей сабралася ў мінулую пятніцу ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, дзе адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды яго 50-годдзя. Павіншаваць калектыў з юбілеем установы прыехалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі М.У.Мясніковіч, міністр адукацыі Беларусі М.А.Жураўкоў, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” А.М.Радзькоў, прадстаўнікі органаў абласной і гарадской выканаўчай улады.

Міністр адукацыі М.А.Жураўкоў зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі, адрасаванае калектыву БрДТУ: “Сёння ваш універсітэт забяспечвае высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў цэлага шэрага запатрабаваных спецыяльнасцей, а яго выпускнікі працуюць у многіх сферах беларускай эканомікі. Вялікае значэнне ва ўстанове адукацыі надаецца інавацыйнай дзейнасці, вынікі фундаментальных і прыкладных даследаванняў навукоўцаў універсітэта атрымалі прызнанне айчыннай і сусветнай навуковай грамадскасці. Шмат тут робіцца для захавання лепшых традыцый нацыянальнай адукацыі, патрыятычнага выхавання моладзі, развіцця яе творчых здольнасцей”. А.Р.Лукашэнка выказаў упэўненасць, што дзякуючы плённай рабоце калектыву БрДТУ будзе расці інтэлектуальны, эканамічны і вытворчы патэнцыял краіны.

Ад сябе М.А.Жураўкоў дадаў, што ўніверсітэт займае годнае месца сярод УВА Беларусі, уручыў рэктару сертыфікат на 300 млн рублёў на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, а лепшым выкладчыкам — ганаровыя граматы, граматы, падзячныя пісьмы і нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Беларусі” ад Савета Міністраў і Міністэрства адукацыі.

— 50 гадоў для ўстановы вышэйшай адукацыі — нязначны часавы адрэзак, — адзначыў рэктар БрДТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар П.С.Пойта, які з’яўляецца выпускніком універсітэта. — За гэты час адбылося станаўленне ўстановы, якая прайшла шлях ад інжынерна-будаўнічага і політэхнічнага інстытута да тэхнічнага ўніверсітэта, падрыхтавала каля 42 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне будаўніцтва, архітэктуры, машынабудавання, электронікі, эканомікі і экалогіі. Сёння БрДТУ цалкам адпавядае запытам часу і з’яўляецца адным з найбуйнейшых навукова-тэхнічных цэнтраў у заходнім рэгіёне Беларусі. Адна з галоўных задач універсітэта — спалучэнне лепшых традыцый з актуальнай навуковай дзейнасцю, актыўнае ўкараненне распрацовак у вытворчасць.

У сваім выступленні П.С.Пойта паказаў, што фізікі таксама могуць быць лірыкамі. У вершаванай форме рэктар расказаў пра этапы станаўлення ўніверсітэта, яго дасягненні і выкладчыкаў, падзякаваў ветэранам установы за доўгую добрасумленную працу.

Сярод выпускнікоў БрДТУ — шмат вядомых людзей, якія прыносяць карысць у розных сферах жыцця краіны. Адным з іх з’яўляецца Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі М.У.Мясніковіч.

— Ва ўніверсітэце даюць добрыя веды, вядуцца сур’ёзныя навуковыя даследаванні, студэнты актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, — сказаў выпускнік 1972 года М.У.Мясніковіч. — Ніколі не шкадаваў і не шкадую, што скончыў тагачасны Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут.

М.У.Мясніковіч падарыў альма-матар мультымедыйны комплекс і адзначыў дзейнасць універсітэта Ганаровай граматай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
 Фота аўтара.