З верасня пераход на новыя прынцыпы харчавання плануюць ажыццявіць звыш 100 навучальных устаноў Магілёўшчыны

- 9:30Главная, Образование

Стварэнне ўмоў для арганізацыі бяспекі ў навучальных установах, харчаванне навучэнцаў і ахова працы педагагічных работнікаў — гэтыя і шэраг іншых тэм абмеркавалі падчас чарговага пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Асаблівы акцэнт быў зроблены на якасці харчавання навучэнцаў. З улікам пераходу на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання гэты напрамак работы патрабуе павышанай увагі.

Як паведаміла кіраўнік абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская, у рэгіёне створана сістэма якаснага і збалансаванага харчавання навучэнцаў.

— Арганізацыя харчавання знахо­дзіцца на пастаянным кантролі. Недахопы здараюцца, але, дзякуючы рэгулярным маніторынгам, яны своечасова выпраўляюцца. Новыя магчымасці ва ўдасканаленні харчавання дзяцей адкрыў адпаведны эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі, — расказала Ганна Уладзіміраўна.

Па яе словах, удзел у эксперыменце прымалі тры навучальныя ўстановы — сярэднія школы №№ 39 і 45 Магілёва, а таксама Вяйнянская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Ва ўсіх гэтых школах вучні знаходзяцца менш за 10 гадзін, таму харчаванне было арганізавана два разы на дзень. Сярод адметнасцей — абноўленыя рацыёны з шэрагам страў, якія распрацоўваліся зыходзячы з пажаданняў дзяцей. А яшчэ — абавязковы дзень беларускай кухні. Яго плануецца право­дзіць па чацвяргах: у меню бу­дуць уключаны боршч з пампушкамі, бабка, бульба па-вясковаму і іншыя традыцыйныя нацыянальныя стравы. 

— Прамежкавыя вынікі эксперымента падведзены. Новаўвя­дзенні станоўча ўспрыняты як вучнямі, так і бацькамі, педагогамі. Але ёсць і заўвагі, якія ўжо адпраўлены ў Міністэрства адукацыі. Прапануецца скараціць час паміж пачаткам заняткаў і прыёмам ежы да 2—2,5 га­дзіны. Для вучняў, якія наведваюць групу прадоўжанага дня, зрабіць 3-разовае харчаванне, сфарміра­ваць адзіныя падыходы па рэгулярнасці прыёму ежы незалежна ад месца размяшчэння ўстановы адукацыі, — заўважыла Ганна Сіманоўская.

Дарэчы, з верасня пераход на новыя прынцыпы харчавання плануюць ажыццявіць звыш 100 навучальных устаноў па ўсёй вобласці. Зараз вядзецца істотнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школьных харчаблокаў і ствараецца даступны для ўсіх дапаможнік з тэхналагічных карт новых фірменных страў, распрацаваных у рамках рэалізацыі эксперымента.

Падчас пасяджэння ў фокусе ўвагі аказалася і тэма бяспекі. Як было адзначана, прымаюцца ўсе меры для недапушчэння надзвычайных сітуацый. Органамі кіравання адукацыяй право­дзіцца значная работа па выкананні заканадаўства аб ахове працы, прафілактыцы дзіцячага траўматызму. Паляпшаюцца ўмовы, якія забяспечваюць захаванне жыцця і здароўя работнікаў у працэсе работы. Толькі летась на тэхнічную мадэрнізацыю спартыўнага, гульнявога і іншага абсталявання было накіравана звыш 1,2 млн рублёў. Праведзена мноства вучэбных мерапрыемстваў. Аднак прэцэдэнты ўсё ж здараюцца. У мінулым годзе зарэгістраваны няшчасныя выпадкі як з педагогамі, так і з навучэнцамі. Прычыны розныя, але часцей за ўсё гэта невыкананне правіл бяспекі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, недастатковы кантроль за паводзінамі дзяцей.

— Ад няшчасных выпадкаў ніхто не застрахаваны. Іншая справа, калі яны здараюцца ў выніку халатнасці, невыканання сваіх службовых абавязкаў, недастатковай інфармаванасці аб нормах аховы працы. Кантроль за выкананнем усіх даведзеных інструкцый павінен быць першачарговым. Менавіта гэта дапаможа пазбегнуць магчымых трагедый, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

У ходзе пасядження калегіі абмяркоўваліся таксама далучэнне навучэнцаў да заняткаў спортам, тэндэнцыя да павелічэння выпадкаў насілля супраць дзяцей і спосабы прадухілення такіх злачынстваў. Для падтрымання добрых паказчыкаў трэба імкнуцца да ўдасканалення работы, і на гэта павінны быць накіраваны намаганні кожнага — ад кіраўніка да педагога.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара, а таксама з архіва рэдакцыі