З вуліцы — на спартыўную пляцоўку

- 11:13Навіны рэгіёнаў, Рознае

На галоўнай спартыўнай арэне Гродна — стадыёне “Нёман”, дзе не так даўно спаборнічалі за выхад на алімпійскія старты лепшыя атлеты Гродзеншчыны, сабраліся пераможцы раённых і занальных этапаў абласнога культурна-спартыўнага свята для непаўналетніх “Спорт, здароўе і закон”.

Такое мерапрыемства праводзіцца на Гродзеншчыне пяты раз. У ім прыняло ўдзел каля 400 падлеткаў з усіх раёнаў вобласці. У фінале спаборнічалі сто чалавек. Разам з імі ў падрыхтоўцы да спартыўнага свята ўдзельнічалі супрацоўнікі сілавых структур: участковыя інспектары, супрацоўнікі камісій па справах непаўналетніх і пракуратуры. Мерапрыемства “Спорт, здароўе і закон” задумвалася ў 2012 годзе галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, камісіяй па справах непаўналетніх і пракуратурай Гродзенскай вобласці менавіта як актыўнае супрацоўніцтва падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, з прадстаўнікамі міліцыі і пракуратуры праз заняткі спортам і актыўны адпачынак. Галоўная мэта такіх спаборніцтваў — прывабіць дзяцей з вуліцы на спартыўную пляцоўку.

Вітаючы ўдзельнікаў свята, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч сказаў, што ў вобласці, як і ва ўсёй краіне, створаны належныя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай, спортам, турызмам. Развіта сетка стадыёнаў, створана сістэма веладарожак. Усё гэта дазваляе моладзі весці здаровы лад жыцця. Пракурор Гродна Уладзімір Клішын падкрэсліў, што ў многіх дзяцей нялёгкі лёс. Заняткі спортам могуць стаць для іх той прыступкай у жыцці, якая выведзе іх на правільны шлях.

— У гэтым годзе ўпершыню ў свяце прынялі ўдзел дзяўчаты, — расказвае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама Людміла Ніцкая. — У гэтым і наступным годзе плануем арганізаваць раённыя этапы спаборніцтваў падчас асенніх, зімовых і вясновых канікул, каб дзеці трэніраваліся на працягу ўсяго навучальнага года.

Спаборніцтвы праходзілі па трох відах спорту: стрытболе, міні-футболе, валейболе. Дарэчы, апошні від спорту з’явіўся ў праграме ў гэтым годзе.

Разам са сваімі выхаванцамі выйшаў на футбольнае поле і старшы інспектар ІСН Ваўкавыскага РУУС А.Ч.Вікторка. Андрэй Часлававіч трэніруе падлеткавую каманду “Тытан” і ўжо трэці раз удзельнічае ў спаборніцтвах. Асабістым прыкладам ён агітуе за здаровы лад жыцця, з’яўляецца ўдзельнікам футбольнай каманды “Штурм”. Раней хлопцы з Ваўкавыска станавіліся пераможцамі турніру. І хоць на гэты раз перамагла каманда Шчучынскага раёна, баявога духу юнакі не страцілі.

Сярод дзяўчат лепшымі ў стрытболе былі лідчанкі, а ў спаборніцтвах па валейболе перамагла каманда Свіслацкага раёна. Пераможцы былі адзначаны кубкамі, медалямі і граматамі. Усе ўдзельнікі культурна-спартыўнага свята “Спорт, здароўе і закон” пабывалі ў Гродзенскім заапарку.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.