З замежнага вопыту для належнага клопату

- 12:09Актуально, Апошнія запісы

У аўторак адбылася першая сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з новым прадстаўніком ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Таняй Радачай. Тэмай для абмеркавання стала супрацоўніцтва паміж сістэмай адукацыі краіны і фондам, а таксама ўдаскальванне работы ў пэўных кірунках, дзе ўзаемадзеянне павінна быць больш цесным.

Ігар Карпенка адзначыў, што ў Беларусі сумесна з прадстаўнікамі ЮНІСЕФ вызначана шмат перспектыўных кірункаў, якія трэба і далей развіваць: “Мы ўдзячны Дзіцячаму фонду ААН за тое, што гэтыя пачынанні падтрыманы, фінансуюцца, ёсць спецыяльныя праграмы з канкрэтнымі ўстановамі адукацыі. У прыватнасці, харвацкая мадэль па прадухіленні гвалту “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, якая цяпер праходзіць адаптацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, каб затым яе ўкараняць ва ўстановах адукацыі краіны”.

Міністр акрэсліў і іншыя сумесныя праграмы, уключаючы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, а таксама тыя, якія тычацца інклюзіўнай і дашкольнай адукацыі, мала­дзёжнага парламентарызму. У прыватнасці, адзначыў, што ў работу актыўна ўключыўся маладзёжны парламент пры Савеце Рэспуб­лікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Бе­ларусь.

“Наша краіна блізкая вам па духу, як і для нас — ваша радзіма Харватыя. Я спадзяюся, што ваш вопыт супрацоўніцтва ў іншых краінах будзе карысны і ў Беларусі. Упэўнены, што ў нас і далей будуць заставацца цёплыя і сяброўскія адносіны, наша сумесная дзейнасць будзе накіравана на карысць дзяцей”, — выказаў надзею Ігар Карпенка.

Прадстаўнік ЮНІСЕФ Таня Радачай таксама пераканана, што дабрабыт дзяцей — прыярытэт усёй сістэмы адукацыі. І галоўная праграма, накіраваная на гэта, — краінавая праграма фонду для Беларусі на 2021—2025 гады. Яе асноўныя кірункі ўключаюць работу па развіцці інклюзіўнай адукацыі, школьнай медыяцыі, дэінстытуцыяналізацыі і ўмацаванні ролі сям’і, па пашырэнні магчымасцей удзелу падлеткаў у прыняцці рашэнняў, якія тычацца іх жыцця. Прадстаўнік ЮНІСЕФ прапанавала міністру агучыць сваё бачанне па развіцці праграмы ў будучыні і падзяліцца ідэямі, як удасканаліць яе рэалізацыю.

Кіраўнік ведамства пачаў з прапаноў па глабальных пытаннях: “У нас установы адукацыі займаюцца ў тым ліку і пытаннямі бяспечнай жыццядзейнасці, выхавання дзяцей, сямейнага дабрабыту. Таму ў нашых школах працуюць такія спецыялісты, як сацыяльныя педагогі, псіхолагі, педагогі-арганізатары, класныя кіраўнікі. Нельга школу разгля­даць выключна як пляцоўку для перадачы інфармацыі ад аднаго пакалення іншаму. Мы павінны стварыць усе ўмовы для паспяховай сацыялізацыі кожнага дзіцяці, незалежна ад яго фізічных або псіхалагічных праблем, сацыяльнага становішча. Дзіця павінна мець доступ да якаснай адукацыі, магчымасць рэалізавацца ў сваёй краіне, выйсці ў самастойнае жыццё падрыхтаваным да яго і адукаваным. Я думаю, што гэта глабальная ідэя, якую нам з вамі належыць прасоўваць”.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што ведамства актыўна займаецца і пытаннямі школьнай медыяцыі. Сёлета падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Саюзам юрыстаў і Міністэрствам адукацыі. Асноўнай мэтай пагаднення з’яўляецца ўмацаванне і развіццё супрацоўніцтва ў сферы прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, стварэнне бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя, укараненне новых форм і метадаў, аднаўленчых падыходаў у рабоце з непаўналетнімі.

Кіраўнік ведамства лічыць, што сёння неабходна развіваць псіхалагічнае су­праваджэнне адукацыйнага працэсу. Так, у 2019 годзе ў структуры Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка створаны Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, дзейнасць якога накіравана на спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, якія апынуліся ў крызісных і цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

“На сённяшні дзень гэты цэнтр вельмі запатрабаваны. Школьнікі актыўна тэлефануюць спецыялістам, дзеляцца праблемамі. І мы працягваем працаваць у гэтым кірунку, але нам цікавы вопыт і іншых краін, і я спа­дзяюся, што нам тут інфармацыйна дапаможа ЮНІСЕФ. Мы былі б удзячны за магчымасць прыняць у сябе ў Беларусі замежных спецыялістаў па крызіснай псіхалогіі з цыклам лекцый і практычных заняткаў. Акрамя таго, хацелася б, каб ЮНІСЕФ паспрыяў нашаму пераходу да карэкцыйна-развіццёвага стылю работы псіхолагаў, сацыяльных педагогаў ва ўстановах адукацыі, — зазначыў Ігар Карпенка і дадаў: — Не менш хвалюе нас і работа з дзецьмі-аўтыстамі. На жаль, пакуль у нас недастаткова вопыту ў рабоце з гэтай асаблівай катэгорыяй, і нам важна вярнуцца да тэмы спецыялізацыі спецыялістаў. Нам бы хацелася сістэматызаваць работу ў гэтым кірунку і выйсці на якасна новы ўзровень”.

Таня Радачай адказала, што шмат гадоў працуе ў сферы псіхалогіі, сама па адукацыі псіхолаг і таму добра разумее неабходнасць дадатковай прафесійнай падрыхтоўкі па крызіснай псіхалогіі, бо гэта спецыялізаваныя веды. Яна адзначыла, што ў ЮНІ СЕФ ёсць усе магчымасці арганізаваць абмен вопытам з іншымі краінамі і фонд зможа ў гэтым дапамагчы, папярэдне адаптаваўшы праграму да беларускіх рэалій. А падво­дзячы вынікі сустрэчы, яна дадала: “Я рада, што ў нас поўнае паразуменне па пытаннях дзяцінства і адукацыі ў цэлым. Вы можаце разлічваць на нас і нашу дапамогу на ка­рысць дзецям”.

Святлана НІКІФАРАВА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.