За натхненнем — у бібліятэку

- 10:27Культура

У Віцебскай вобласці падведзены вынікі першага этапу VI Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Заснавальнікам конкурсу бібліятэк нашай краіны любога віду і формы ўласнасці выступае Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату, суарганізатарамі — міністэрствы адукацыі і культуры, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

На конкурс прадстаўляецца вопыт дзейнасці бібліятэк, размешчаных у гарадской мясцовасці і сельскіх населеных пунктах, па адным з выбраных напрамкаў: папаўненне бібліятэчных фондаў літаратурай праваслаўнай накіраванасці, зацвяр­джэнне ў свядомасці грамадства станоўчага вобраза мнагадзетнай сям’і і неабходнасці абароны свяшчэннага дару жыцця, работа з дзецьмі і моладдзю па патрыятычным выхаванні на традыцыях праваслаўя, падтрымка гарманічнага духоўнага развіцця асобы, прывіццё падрастаючаму пакаленню асноўных прынцыпаў маралi, збор і сістэматызацыя матэрыялаў па гісторыі праваслаўя роднага краю, арганізацыя работы па аднаўленні і праслаўленні імёнаў праваслаўных служыцеляў краю. Пераможцы вызначаюцца ў намінацыях “Сям’я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцей”, “Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях”, “Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі”, “Гісторыя праваслаўя роднага краю”.

Першы (абласны) этап на Віцебшчыне адбыўся ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама з Віцебскай і Полацкай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2015—2020 гады ў мэтах садзейнічання фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі на аснове культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа і праваслаўя як іх гістарычнага падмурка з дапамогай бібліятэчнай дзейнасці. На разгляд журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, абласнога інстытута развіцця адукацыі, публічных бібліятэк і прадстаўнікі духавенства, паступіла 45 работ.

— Установы агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай i прафесiйна-тэхнічнай адукацыі Віцебшчыны заўсёды актыўна і вынікова выступаюць у конкурсе. З 2015 года пераважная большасць удзельнікаў заключнага этапу з нашага рэгіёна становяцца пераможцамі, сярод устаноў адукацыі мы ўтрымліваем лі­дзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы, — паведаміла метадыст інфармацыйна-аналітычнага аддзела Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Бабіч. — Асобна хочацца адзна­чыць бібліятэкі Полаччыны, якія варта прывесці ў прыклад мэтанакіраванай, эфектыўнай і сістэмнай работы па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі. Сёлета таксама парадавалі канкурсанты з Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Лепельскага, Расонскага, Талачынскага, Шаркаўшчынскага раёнаў і Наваполацка, Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага і Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжаў. Вялікую цікавасць у журы выклікалі работы ў намінацыі “Патрыя­тычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях”, дзе канкурэнцыя была надзвычай высокай. Выключны выпадак: з сямі заяўленых работ пяць адзначаны дыпломам І ступені! Былі прадстаўлены разнастайныя напрамкі і формы — ад сустрэч у літаратурнай гасцёўні, выстаў і аглядаў кніг да гучных чытанняў, тэматычных праектаў і пешых маршрутаў. Усе конкурсныя работы адрозніваліся сістэмнасцю і цэласнасцю падачы матэрыялаў, арыгінальнасцю і паўнатой інфармацыі пра дзейнасць у выбраным напрамку, лагічнасцю, эстэтыкай афармлення; у многіх знайшлі адлюстраванне праекты і пра­грамы па духоўна-маральным выхаванні. Нельга не сказаць, што кожны поспех у конкурсе — вынік вялікай сумеснай працы бібліятэкараў, педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, мясцовых прыходаў, раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, абласнога інстытута развіцця адукацыі, органаў кіравання адукацыяй, аддзе­ла рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі. Мы аналізуем, сістэматызуем і абагульняем конкурсныя матэрыялы, арганізуем трансляцыю лепшага вопыту. Штогод на абласным семінары-нарадзе бібліятэкараў і метадыстаў вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць работу бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, праводзіцца дэталёвы разгляд прадстаўленых на конкурс матэрыялаў, прапануюцца рэкамендацыі па падрыхтоўцы да ўдзелу ў прафесійных конкурсах, афармляецца выстава конкурсных работ. На павышэнні кваліфікацыі бібліятэчных кадраў, тэматычных семінарах прэзентуюцца работы пераможцаў конкурсу. У 2018 го­дзе “Бібліявеснік” — тэматычны дадатак інфармацыйна-метадычнага бюлетэня “Пошук” нашай установы — быў прысвечаны тэме “Школьная бібліятэка: фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей асобы”. У гэтым годзе ў дадатак уключым бібліятэчныя праекты пераможцаў конкурсу па духоўна-маральнай асвеце, агульная тэма — “Дзей­насць бібліятэкі ўстановы адукацыі па падтрымцы гарманічнага духоўнага развіцця асобы”.

Рашэннем журы дыпломамі І ступені ўзнагароджаны бібліятэкары сярэдняй школы № 2 Полацка Вольга Белазорчык, Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава Таццяна Войтава і Алена Матусова, сярэдняй школы № 10 імя У.М.Азіна Полацка Наталля Іванец, сярэдняй школы № 11 Наваполацка Жанна Ілья­нец, сярэдняй школы № 1 Полацка Людміла Ліўшыц, ясляў-сада — сярэдняй школы № 15 Полацка Таццяна Сафонава, сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка Ала Сахарава, Валынецкай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна Таццяна Крыўко, Велікасельскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна Людміла Хаданёнак, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Ірына Цяслова, бібліятэкар Зінаіда Савіцкая і выхавальніца Юлія Іванова з сярэдняй школы № 16 Полацка, загадчык бібліятэкі сярэдняй школы № 2 Талачына Наталля Дзямешка, бібліятэкар Ірына Мялешка і настаўніца працоўнага навучання, мастацтва Валянціна Мядзель з Фарынаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна. Работы пераможцаў накіраваны ў секцыю бібліятэкараў уста­ноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства для ўдзелу ў другім (рэспубліканскім) этапе конкурсу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.