Рэспубліканская спартыўная акцыя “300 талентаў для каралевы”, якая пачалася ў красавіку мінулага года і закранула ўсе рэгіёны Беларусі, стала з’явай па-сапраўднаму беспрэцэдэнтнай. Ініцыятарам праекта выступіла Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, аднак, без сумненняў, ён не стаў бы настолькі паспяховым без падтрымкі Міністэрства адукацыі. Спартыўны патэнцыял будучых чэмпіёнаў выяўляўся прама на ўроках фізічнай культуры і здароўя!
Менавіта школьны ўрок стаў зыходным пунктам скаардынаванай работы спецыялістаў. У перыяд з мая па верасень 2015 года на першым этапе праекта настаўнікі пратэсціравалі больш за 200 тысяч навучэнцаў 1—3 класаў, усяго ў акцыі ўзялі ўдзел прыкладна 2500 агульнаадукацыйных устаноў краіны. У залік, па якім і вызначаліся лепшыя з лепшых, увайшлі 5 тэстаў: бег 30 м, чаўночны бег 4×9 м, скачок у даўжыню з месца, бег на вынослівасць і нахіл уперад.
Па выніках першага этапу былі вызначаны пераможцы, якія на другім этапе былі размеркаваны па спартыўных аб’ектах краіны. Усяго былі задзейнічаны аб’екты 20 гарадоў Беларусі.
Дзеці, якія прайшлі папярэдні адбор, павінны былі пацвердзіць свае здольнасці шляхам зноў жа 5 тэстаў — бег на 30 м, чаўночны бег 4×9 м, скачок у даўжыню з месца, кіданне мяча і 6-хвілінны бег.І вось пераможцы ўжо другога этапу падчас асенніх канікул трапілі на спецыяльна арганізаваныя вучэбна-трэніровачныя зборы ў абласцях. Усе 300 удзельнікаў трэцяга этапу і ёсць тыя самыя таленты для каралевы спорту — лёгкай атлетыкі.
У спорце вышэйшых дасягненняў вядома нямала імёнаў выхадцаў з глыбінкі. Аднак гэта людзі, якія дабіліся пэўнага поспеху хутчэй насуперак абставінам, чым дзякуючы ім. Новы праект дазволіць сотням таленавітых хлопцаў і дзяўчат рэалізаваць свае здольнасці, а дзяржаве — сфарміраваць моцны спартыўны рэзерв і ў далейшым запаліць нямала зорак на алімпійскім небасхіле.
Сёння прыклад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і яе партнёраў — Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў — называюць паказальным. Кіраўнік дзяржавы, які наведаў фінальны этап праекта, выказаў спадзяванне, што і іншыя спартыўныя федэрацыі змогуць пераняць падобны вопыт.Цікава, што многія з удзельнікаў праекта, яшчэ не дайшоўшы да фіналу, былі ўзяты на карандаш галоўным трэнерам зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Ігарам Сівадзедавым. Настаўнік адзначыў, што патэнцыял ёсць у пераважнай большасці і, калі некаму не ўдасца замацавацца ў гэтым відзе спорту, на іх павінны звярнуць увагу прадстаўнікі іншых федэрацый.
Акрамя непасрэдна працэсу тэсціравання і трэніровак, юныя спартыўныя таленты атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца са сваімі кумірамі: Аксанай Мяньковай, Андрэем Краўчанкам, Марынай Арзамасавай і нават знакамітым Сяргеем Бубкай.Праекту “300 талентаў для каралевы” менш за год. Аднак за гэтыя некалькі месяцаў яго ініцыятарам і арганізатарам удалося зрабіць для будучага краіны ці не болей чым за апошнія некалькі гадоў. Замест таго каб паўтараць скаргі пра засілле камп’ютараў, якія ўжо нагналі аскому, і іх негатыўны ўплыў на маладое пакаленне, функцыянеры ад спорту і адукацыі вырашылі дзейнічаць. Падводзячы вынікі акцыі, яе галоўны натхняльнік старшыня Беларускай асацыяцыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі ўспомніў, з якім скепсісам яшчэ не так даўно многія ўспрынялі яго ідэю. Таксама ён паведаміў, што праект набудзе працяг на якасна новым узроўні — у Брэсцкай вобласці (па некаторых звестках, у Белавежскай пушчы) плануецца стварэнне школы лёгкай атлетыкі, якая збярэ таленавітых дзяцей з розных куткоў краіны. Школа стане знаходкай для тых самародкаў, якія маюць спартыўны патэнцыял, але не маюць магчымасці трэніравацца ў сваіх населеных пунктах. Пакуль што плануецца, што дзеці будуць займацца ў такой школе да 7 класа, пасля чаго будуць перададзены ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.
Дарэчы, паралельна з развіццём праекта “300 талентаў для каралевы” набірала абароты і яшчэ адно спартыўнае пачынанне, якое ініцыіравана спецыялістамі сістэмы адукацыі, — спаборніцтвы для дзяцей і падлеткаў “Шкаліяда”. Адкрываючы яго, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што ўсе ўдзельнікі “Шкаліяды” ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларускай лёгкай атлетыкі, бо спаборніцтвы такога ўзроўню ў Беларусі былі праведзены ўпершыню.
Наталля АЛЁХІНА.