За што ўдзячны выпускнікі Гомельскага абласнога ліцэя сваім настаўнікам

- 12:15Пресс-тур «Настаўніцкай»

Кім плануюць стаць таленавітыя выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя і за што яны ўдзячны роднай установе адукацыі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сіла слова 

Як расказаў дырэктар ліцэя Сяргей Рыдны, у мінулым навучальным годзе ўстанова адукацыі дала пуцёўку ў дарослае жыццё 212 выпускнікам. З іх 39 медалістаў, у 11 з якіх сярэбраны медаль, у 28 — залаты. Па выніках ЦЭ/ЦТ 41 ліцэіст атрымаў 100-бальны вынік, а сярэдні бал атэстата выпускнікоў склаў 9,6.

— Навучанне ў ліцэі ажыццяўляецца па фізіка-матэматычным, грамадазнаўчым, хіміка-біялагічным і філалагічным напрамках. Акрамя дадатковых вучэбных гадзін, ёсць яшчэ факультатыўныя заняткі, арганізавана сістэма вячэрніх падрыхтоўчых курсаў. Вядзецца работа з высокаматываванымі навучэнцамі — па падрыхтоўцы да алімпіяд рознага ўзроўню, навуковых канферэнцый, творчых конкурсаў. І такая шматгранная праца дае свой плён. Нашы таленавітыя юнакі і дзяўчаты ўпэўнена зрабілі крок насустрач сваёй будучыні ў самых розных сферах дзейнасці, — адзначыў дырэктар.

Класны кіраўнік аднаго з класаў філалагічнага напрамку па профілі “Гісторыя Беларусі — замежная мова” настаўніца англійскай мовы Ілона Берзінь са шчырай усмешкай расказвае, што поспехі навучэнцаў адчынілі для іх дзверы прэстыжных універсітэтаў. Так, Ягор Астафьеў паступіў на гістарычны факультэт БДУ, Яніна Мілеўская і Кацярына Яроцкая — на факультэт міжнародных бізнес-камунікацый БДЭУ, Яніна Цярэшчанка стала студэнткай Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта нафты і газу імя І.М.Губкіна ў Маскве.

— Два гады назад я паступіла ў ліцэй з балам 7,8, а выпусцілася з балам 9,5. Ліцэй даў мне ўпэўненасць у сваіх сілах, раскрыў мяне як асобу. Вельмі ўдзячна нашым выдатным выкладчыкам, увогуле людзям, якія мяне акружалі. Сама атмасфера ў ліцэі матывуе да таго, каб расці і развівацца, — падзялілася Яніна Мілеўская.

Справа лячэбная

Сярод выпускнікоў хіміка-біялагічнага напрамку самай папулярнай сферай самарэалізацыі стала медыцына.

Па словах класнага кіраўніка аднаго з хіміка-біялагічных класаў, настаўніцы беларускай мовы Вікторыі Карэлавай, з 24 навучэнцаў ва ўніверсітэты медыцынскага напрамку паступілі 22. У іх ліку Ягор Багдановіч, які стаў студэнтам лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— Да ЦЭ і ЦТ я рыхтаваўся без дапамогі рэпетытараў. Пасля ўрокаў хадзіў на факультатывы, наведваў на базе ліцэя вячэрнія курсы па беларускай мове, хіміі, біялогіі. Тых ведаў, што дае ліцэй, дастаткова, каб дасягнуць самых высокіх вынікаў. Дарэчы, на ЦЭ па беларускай мове я атрымаў 100 балаў. Лічу, сістэма навучання і падрыхтоўкі да выніковых іспытаў у ліцэі выбудавана вельмі эфектыўна, дзякуй за гэта кіраўніцтву і настаўнікам, — адзначыў хлопец.

Некаторыя выпускнікі хі­міка-біялагічных класаў спынілі выбар на навучанні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Так, Дар’я Баранава такім чынам стала студэнткай лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Настасся Кузьмянкова — стаматалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— Пры паступленні на вусным экзамене па біялогіі я атрымала 100 балаў. Лічу, у гэтым вялікая заслуга маёй настаўніцы біялогіі Алены Леанідаўны Мажанавай. Яна не толькі дала трывалыя веды па прадмеце, але і мэтанакіравана падрыхтавала нас да вуснага экзамену. Гэта вельмі дапамагло, — расказала Настасся Кузьмянкова.

Дакладны разлік

Фізіка-матэматычныя класы ліцэя пад­рыхтавалі годнае папаўненне шэрагаў будучых спецыялістаў сферы IT, электраэнергетыкі, іншых запатрабаваных напрамкаў, а таксама настаўнікаў матэматыкі, інфарматыкі і фізікі. Толькі на ЦЭ/ЦТ па матэматыцы выпускнікі гэтых класаў атрымалі 11 стабальных вынікаў. З іх два хлопцы — стабальнікі двойчы. У Арцёма Пацкова па 100 балаў па матэматыцы і рускай мове, у Паўла Калугіна — па матэматыцы і фізіцы.

— Я паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, хачу быць праграмістам. Заўсёды разумеў, што, каб стаць студэнтам гэтага факультэта, трэба вельмі пастарацца. Таму матывацыя да вучобы была высокая. Тое, што вучыцца пашанцавала ў такіх выдатных педагогаў, як настаўніца матэматыкі Наталля Віктараўна Цімашэнка і настаўнік фізікі Віталь Георгіевіч Барэцкі, дапамагло мне паступіць і, упэўнены, дапаможа ў далейшай вучобе ўжо ва ўніверсітэце, — адзначыў Арцём Пацкоў.

Дзевяць выпускнікоў грамадазнаўчага і іншых кірункаў ліцэя паступілі ва ўніверсітэты сілавога профілю. Так, Яраслаў Новікаў стаў студэнтам ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, Варвара Курловіч — факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Па словах кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Станіслава Нікіценкі, колькасць будучых абаронцаў Айчыны з ліку ліцэістаў расце. У 2022 годзе такіх было 2 чалавекі, у 2023 годзе — 5. Садзейнічае гэтаму ў тым ліку і ваенна-патрыятычнае выхаванне, якое вядзецца ў ліцэі. Падчас вучобы навучэнцы ўдзельніча­юць у тэматычных конкурсах, выставах, для іх арганізоўваюцца прагляды кінафільмаў патрыятычнага кірунку, іншыя мерапрыемствы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Гомельскім кадэцкім вучылішчам, з ваенна-­транспартным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Што і казаць, калі хлопцы і дзяўчаты выходзяць са сцен ліцэя не толькі высокаадукаванымі, але і з патрыятычным настроем, 100-бальную адзнаку можна смела ставіць самой установе адукацыі!..

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара