За верасень — снежань 2022 года больш за 100 тыс. навучэнцаў наведалі 152 музеі – Мінадукацыі

- 10:50Актуально

У 2022 годзе сістэма адукацыі працавала над выкананнем найважнейшых задач, галоўныя з якіх — выхаванне падрастаючага пакалення, работа па павышэнні якасці адукацыі і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў для рэальнага сектара эканомікі. 

У Міністэрстве адукацыі прайшло выніковае пасяджэнне калегіі, дзе была падсумавана дзейнасць адукацыйнай галіны за 2022 год і пастаўлены задачы на 2023-і. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, рэктары УВА, начальнікі ўпраўленняў па адукацыі ўсіх рэгіёнаў і горада Мінска, кіраўнікі падпарадкаваных арганізацый.

“Дзейнасць сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе была накіравана на абавязковае і няўхільнае выкананне галоўнага патрабавання — адпаведнасць нацыянальным інтарэсам дзяржавы і развіццё з улікам патрэб эканомікі і адукацыйных запытаў грамадзян, а таксама на развіццё патэнцыялу моладзі і яе далучэнне да грамадска карыснай дзейнасці”, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

 Найважнейшым напрамкам у сістэме адукацыі з’яўляецца выхаваўчая і ідэалагічная работа. У краіне сфарміравана мнагамерная выхаваўчая прастора ад дзіцячага сада да ўніверсітэта. Асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыя­тычнаму выхаванню, шанаванню дзяржаўных сімвалаў краіны. “Педагагічныя калектывы надаюць належнае значэнне фарміраванню светапогляду падрастаючага пакалення, яго грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню, падрыхтоўцы да далейшага самастойнага жыцця. Мерапрыемствы Года гістарычнай памяці адкрылі перад педагогамі дадатковыя выхаваўчыя магчымасці, разнастаілі формы і метады работы, паспрыялі фарміраванню беражлівых адносін да гісторыі і культуры, павышэнню адказнасці за будучыню краіны. Гэтая работа павінна і далей праводзіцца сістэмна: як падчас выхаваўчых мерапрыемстваў, так і на вучэбных занятках”, — падкрэсліў міністр.

Актыўна працуюць школьныя музеі. Ва ўстановах адукацыі функцыянуе 1420 музеяў, у тым ліку 209 — ваенна-гістарычнага профілю. З 2022 года ў школах арганізавана 2011 музейных экспазіцый, прысвечаных ахвярам генацыду беларускага народа. “Павышэнню эфектыўнасці патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі спрыяе падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры. Устаноўлены адзіны бясплатны дзень для наведвання музеяў навучэнцамі школ і каледжаў. За верасень — снежань 2022 года больш за 100 тысяч навучэнцаў наведалі 152 музеі”, — паведаміў кіраўнік ведамства.

Міністэрства адукацыі цесна супрацоўнічае з МУС і Міністэрствам абароны. На тэрыторыі воінскіх часцей арганізаваны і актыўна дзейнічаюць 39 ваенна-патрыятычных клубаў. Вывучэнне і даследаванне гісторыі малой ра­дзімы ваеннага перыяду на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыялу, пошук і ўвекавечанне імён загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на брацкіх магілах — вось далёка не ўвесь пералік спраў, якімі займаюцца школьнікі.

Дзейнасць кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні падмацавана арганізацыйна, метадычна і фінансава (Міністэрства адукацыі правяло адпаведную работу). Установамі адукацыі сумесна з ваенкаматамі працягваецца дзейнасць па падборы кадраў на гэтую пасаду. Разам з тым, як адзначыў міністр адукацыі, на месцах гэты працэс замаруджаны. Калі ў школах сярэдні паказчык забяспечанасці кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні складае  93%, то ў каледжах — толькі 51%. Акрамя таго, больш за 20% не адпавяда­юць кваліфікацыйным патрабаванням (наяў­насць вышэйшай педагагічнай адукацыі, кадравай ваеннай службы).

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі засцярог ад фармалізму ў гэтай дзейнасці і заклікаў больш усвядомлена падыходзіць да арганізацыі выхаваўчай работы на ўсіх узроўнях адукацыі. “З дзецьмі і падлеткамі трэба размаў­ляць і прыслухоўвацца да іх меркаванняў. У гэтым плане станоўчыя водгукі мае праект “Заліковая размова”, які актыўна праводзіцца ва ўстановах адукацыі”, — адзначыў Ігар Уладзіміравіч.

Запыт задаволены

У Беларусі амаль 90% дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў атрымліваюць дашкольную адукацыю. Міністр адзначыў, што павышэнне якасці адукацыі забяспечваецца на ўсіх яе ўзроўнях. “У краіне створаны ўмовы для атрымання дашкольнай адукацыі прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных груп. У 2022 годзе доля дзяцей, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю, дасягнула 89,5%. Упершыню прадастаўлена магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома дзецям, якія па медыцынскіх паказаннях пастаянна не могуць наведваць сад. Таксама ў нас распрацаваны алгарытм вызначэння дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі. Гэта дазволіць у бягучым годзе ажыццяўляць працэдуру пастаноўкі на ўлік у электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг.

Акрамя таго, распрацоўваецца навукова-метадычнае забеспячэнне псіхолага-педагагічнага суправаджэння таленавітых дзяцей у адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнай адукацыі. Вызначаны падыходы да выяўлення і дыягностыкі адораных і таленавітых дзяцей. У цэлым мы задавальняем запыт на атрыманне дашкольнай адукацыі. Паводле даных сацыялагічнага апытання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ў верасні мінулага года, каля 95% апытаных бацькоў без праблем атрымалі месца менавіта ў тым дзіцячым садзе, у якім хацелі”, — адзначыў Андрэй Іванец.

Варыятыўнасць адукацыі

“Нам удалося не проста захаваць, а вый­сці на прынцыпова новы ўзровень павышэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Істотным чынам змянілася сістэма выніковай атэстацыі. Правядзенне рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену паказала, што мы зможам убачыць абсалютна кожнага выпускніка агульнай сярэдняй школы. Гэта дазволіць нам атрымаць вельмі сур’ёзны інструментарый для работы ў кожнай школе і кожным класе. Настаўнікі яшчэ больш матываваны на тое, каб выпусціць менавіта пад­рыхтаванага маладога чалавека”, — сказаў Андрэй Іванец.

Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі пачала навучальны год з абноўленай нарматыўнай прававой базай. Распрацаваны і зацверджаны Дзяржаўны школьны стандарт, які рэгламентуе пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу і ўзаемаадносін яго ўдзельнікаў, і Правілы педагагічных работнікаў. З 1 верасня ўведзена дапрофільная падрыхтоўка ў 8—9-х класах. “Пашырана профільнае навучанне па педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, што ў сукупнасці з пашырэннем сферы прымянення мэтавага набору будзе садзейнічаць удасканаленню падрыхтоўкі спецыялістаў для развіцця эканомікі краіны”, — адзначыў міністр.

Андрэй Іванец падкрэсліў, што важнае дасягненне сучаснай сістэмы адукацыі — яе варыятыўнасць. Гэта датычыцца дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і з інваліднасцю. “Ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку з інваліднасцю, складае 99,9%. Больш за 70% дзяцей з АПФР, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай адукацыі, навучаюцца ва ўмовах інтэграцыі. Для гэтага рэалізуецца дарожная карта міжведамаснага ўзаемадзеяння Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства аховы здароўя”, — расказаў кіраўнік ведамства.

Міністр паведаміў, што прынята рашэнне аб правядзенні з гэтага года Нацыянальнага даследавання па функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў. Даследаванне бу­дзе праводзіцца ў форме комплекснай работы, якая ўключае заданні па чытацкай, матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай, фінансавай дасведчанасці. Плануецца, што ў ім прымуць ­удзел каля 20 тысяч навучэнцаў 10-х класаў з усіх рэгіёнаў. “Удзел у даследаванні дазволіць вызначыць шэраг задач, над якімі нам трэба будзе працаваць у найбліжэйшай перспектыве. У першую чаргу гэта ўдасканаленне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Заданні, накіраваныя на прымяненне навучэнцамі засвоеных ведаў, уменняў і навыкаў у розных жыццёвых сітуацыях, павінны знайсці адлюстраванне ў кампанентах вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах. Задача АПА, інстытутаў развіцця адукацыі і НІА — правесці семінары па ўдасканаленні методык выкладання вучэбных прадметаў з выкарыстаннем гэтых матэрыялаў”, — сказаў Андрэй Іванавіч.

Супрацоўніцтва з сям’ёй

У краіне амаль 90% дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў апякунскіх, прыёмных сем’ях ці дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Андрэй Іванец адзначыў, што ў Беларусі арганізавана мэтанакіраваная міжведамасная работа па стрымліванні сацыяльнага сіроцтва. “Вынікам прафілактычнай работы стала скарачэнне за апошнія 10 гадоў больш чым у 2 разы колькасці дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Дынаміка паказвае скарачэнне інтэрнатных і развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей. У 2022 годзе ў 12 дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах пражывалі 592 дзіцяці. У бягучым годзе ў апякунскіх, прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваюцца каля 88% дзяцей, якія маюць патрэбу ва ўладкаванні ў сям’ю”, — паведаміў кіраўнік галіновага ведамства.

Гэтаму спрыяе рэалізацыя сацыяльных гарантый дзяржавы па падтрымцы дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Яны ўключаюць штомесячныя выплаты, гарантыі права на захаванне жылля.

“Найважнейшай задачай для нас з’яўляецца наладжванне цеснага супрацоўніцтва з сям’ёй на аснове ўзаемнага даверу. А для гэтага патрабуюцца актывізацыя выхаваўчай дзейнасці сям’і, аказанне ёй неабходнай псіхолага-педагагічнай падтрымкі, наданне сямейнаму выхаванню мэтанакіраванага, грамадска значнага характару. Гэтую работу варта працягнуць у рамках рэалізацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, а таксама іншых ініцыятыў”, — падкрэсліў міністр адукацыі.

Стымуляваць прафарыентацыйныя падыходы

“Будзем стымуляваць прафарыентацыйныя падыходы менавіта па камплектаванні тых галін, дзе мы маем патрэбу ў кадрах”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка перад пачаткам выніковага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі.

“Усе прапановы міністэрства па ўдасканаленні і адаптацыі сістэмы адукацыі да цяперашніх рэалій, да тых выклікаў, з якімі мы сутыкнуліся, былі падтрыманы кіраўніком дзяржавы. І наша задача — якасна, эфектыўна рэалізаваць усе гэтыя напрамкі, пачынаючы ад дашкольнай адукацыі. У школе мы ўвялі зусім новыя атэстацыйныя элементы: з гэтага года нашы  выпускнікі, будучыя абітурыенты, бу­дуць здаваць цэнтралізаваны экзамен. Адпаведная падрыхтоўчая работа праведзена. Ёсць пэўныя шурпатасці, але мы будзем іх дапрацоўваць, каб упершыню ў гісторыі нашай краіны цэнтралізаваны экзамен прайшоў арганізавана і дакладна. Мы сапраўды зрабілі замер узроўню ведаў усіх нашых выпускнікоў. І тыя, хто таго варты, змогуць далей атрымлі­ваць ужо вышэйшую адукацыю. А да паслуг тых, хто менш падрыхтаваны, — нашы каледжы, рабочыя прафесіі. Мы ўдасканальваем гэты кірунак”, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Ён падкрэсліў, што важнымі элементамі з’яўляюцца актыўная прафарыентацыйная работа і мэтавая падрыхтоўка. “У прафесію павінны прыходзіць матываваныя маладыя людзі, якія разумеюць, што яны сапраўды хочуць быць спецыялістамі ў той ці іншай сферы: урачом або настаўнікам, інжынерам ці айцішнікам, як гэта модна цяпер. Але ёсць шэраг спецыяльнасцей, у якіх у першую чаргу мае патрэбу наша эканоміка, наша сацыяльная сфера. Таму мы будзем стымуляваць прафарыентацыйныя падыходы менавіта па камплектаванні тых галін, дзе ёсць неабход­насць у кадрах”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

У цэлым ён высока ацаніў дзейнасць адукацыйнай галіны ў 2022 годзе і падзякаваў за зладжаную працу.

P.S. Тэмы, якія прагучалі на выніковым пасяджэнні калегіі, будуць працягнуты на старонках “Настаўніцкай газеты” і на партале nastgaz.by. Прынамсі, у наступным нумары мы раскажам пра пераможцаў у сістэме адукацыі па выніках 2022 года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара