Для кагосьці забава — гэта гульня, пацеха ці жарт, а вось для кіраўніка дзіцячай узорнай эстраднай студыі “Забава” А.М.Барысюка — справа жыцця.
Радня ў Аляксандра Мікалаевіча спеўная. У дзяцінстве Аляксандр часта заслухоўваўся народнымі песнямі: беларускімі, украінскімі, рускімі… Хацелася самому спяваць, выступаць на сцэне.
У школьныя гады юнак з сябрамі арганізаваў на базе Хаціслаўскага сельскага дома культуры аматарскае аб’яднанне па інтарэсах. Вучобу ў сярэдняй школе сумяшчаў з заняткамі ў Хаціслаўскай дзіцячай музычнай школе па класе баяна. Паступіў у Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Падчас армейскай службы выступаў у вакальна-інструментальным ансамблі “Арсенал”. Адслужыўшы, уладкаваўся ў Маларыцкі гарадскі дом культуры, дзе спачатку працаваў хормайстрам і акампаніятарам студыі “Забава”, якую ўзначаліў у 2004 годзе.
Ад работы з дзецьмі А.М.Барысюк адчувае вялікую радасць, душэўны спакой і камфорт. У ёй чэрпае задавальненне і натхненне, ад чаго літаральна вырастаюць крылы.
Сёння студыю наведваюць 25 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў з устаноў адукацыі горада. У рэпертуары — песні беларускіх, рускіх, украінскіх і іншых аўтараў. У кожнага студыйца — уласны рэпертуар. Шмат песень выконваецца дуэтам, у складзе трыа, ансамблем. Вялікая ўвага ўдзяляецца харэаграфічнаму афармленню нумароў.
Геаграфія выступленняў вельмі шырокая. Творчая скарбонка дасягненняў калектыву пастаянна папаўняецца новымі ўзнагародамі, якіх ужо больш за 50.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.