Забяспечыць баланс паміж вышэйшай школай і эканомікай

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце разам з пасяджэннем Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі прайшло пасяджэнне рабочай групы, створанай для ажыццяўлення комплекснага аналізу стану нацыянальнай сістэмы адукацыі. У Баранавічах пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра А.А.Тозіка рабочая група разглядала пытанні развіцця вышэйшай школы, павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы.У нарадзе прыняў удзел міністр адукацыі С.А.Маскевіч.

— Нас вельмі хвалюе пытанне, як вышэйшая школа сёння ўпішацца ў рэаліі жыцця і сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны? — з гэтага пытання пачаў размову Анатоль Афанасьевіч Тозік. — Мы павінны вызначыць шляхі яе развіцця, выправіць існуючыя хібы, каб сістэма вышэйшай адукацыі функцыянавала зладжана і эфектыўна. Вышэйшая адукацыя павінна працаваць на апярэджанне, каб забяспечваць дынамічнае развіццё нашай краіны.
На жаль, сёння па-ранейшаму застаецца злабадзённым пытанне ўзаемадзеяння сістэмы вышэйшай адукацыі з работадаўцамі. Праблема разрыву сувязей з імі існуе па кожным узроўні прафесійнай адукацыі. Сёння на Міністэрства адукацыі ўскладзена функцыя не толькі рыхтаваць кадры, але і клапаціцца пра якасць падрыхтоўкі кадраў, пра адпаведны змест навучання і нават складаць прагноз, колькі кадраў рыхтаваць для той ці іншай галіны. Такая прыкрая практыка павінна быць нарэшце зжыта, і кожны павінен займацца толькі ўласцівымі для яго абавязкамі, падкрэсліў Анатоль Афанасьевіч.
С.І.Раманюк, начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі галіновага міністэрства, прадставіў пазіцыю міністэрства ў гэтым пытанні. Было адзначана, што сёння вельмі актуальна забеспячэнне практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і павышэнне яе эфектыўнасці. Таму сёння неабходна прыняць меры па паглыбленні сувязей з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і выключэнні фармалізму ў арганізацыі практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. У гэтым сэнсе неабходна забяспечыць удзел прадпрыемстваў і арганізацый у пашырэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў вышэйшай адукацыі, фарміраванні вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў, прадастаўленні месцаў для практыкі студэнтаў. Магчыма, было б мэтазгодным распрацаваць падатковыя прэферэнцыі тым арганізацыям, якія будуць ажыццяўляць гэтую дзейнасць. Сусветны вопыт паказвае, што якасць падрыхтоўкі кадраў залежыць ад зацікаўленасці прадпрыемстваў і арганізацый да супрацоўніцтва з вышэйшай школай. Напрыклад, у замежных краінах 80% кошту практычнай падрыхтоўкі студэнтаў аплачваюць прадпрыемствы, на тэрыторыі якіх ажыццяўляецца практычнае навучанне студэнтаў, за гэта яны маюць падатковыя льготы і прэферэнцыі.
Як было заўважана, плануецца распрацаваць меры для пераўтварэння вядучых устаноў вышэйшай адукацыі ў вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, якія будуць інтэграваць усе ўзроўні прафесійнай адукацыі. Адным з кірункаў практыка-арыентаванай падрыхтоўкі кадраў у вышэйшай школе з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў па навукаёмістых спецыяльнасцях. Калі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі такія рэсурсныя цэнтры функцыянуюць ужо даўно, то на ўзроўні вышэйшай адукацыі ВНУ да гэтага часу накіроўваюць свае сілы на фарміраванне ўласных матэрыяльных баз. Наяўнасць такіх цэнтраў істотна знізіць нагрузку на бюджэт, таму што забяспечыць канцэнтрацыю сучаснага абсталявання, новых тэхналогій, педагагічных дасягненняў і навуковых распрацовак у адным альбо некалькіх месцах, а не ў кожным універсітэце.

В.А.Гайсёнак, рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, падтрымаў асноўныя кірункі развіцця ўзаемадзеяння сістэмы адукацыі і заказчыкаў кадраў.
— Сапраўды, сёння мы не бачым вялікай зацікаўленасці нашых работадаўцаў як у планаванні падрыхтоўкі, так і ў самой падрыхтоўцы спецыялістаў у ВНУ. Але без гэтага нельга. Выпрацаваць аптымальную схему ўзаемадзеяння з рэальным сектарам эканомікі можна толькі праз дыялог усіх зацікаўленых, і РІВШ гатоў унесці адпаведныя прапановы, — заявіў Віктар Анатольевіч.
Адной з задач РІВШ з’яўляецца вядзенне класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый. Наспела патрэбнасць прывядзення яго ў адпаведнасць з патрэбамі галін эканомікі і новага класіфікатара відаў эканамічнай дзейнасці. Змены ў класіфікатары павінны адлюстроўваць і змены ў міжнароднай сістэме класіфікацыі галін адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі. У выніку новы класіфікатар будзе арыентаваны на канкрэтныя віды эканамічнай дзейнасці, зразумелы для замежных абітурыентаў і спецыялістаў, а таксама дасць магчымасць установам вышэйшай адукацыі фарміраваць гнуткія адукацыйныя праграмы, аператыўна рэагуючы на зменлівы рынак працы і патрэбы абітурыентаў.
Як вядома, сёння наша эканоміка пакутуе ад таго, што ў многіх яе галінах не хапае рабочых кадраў, а на рынку працы існуе істотны перабор выпускнікоў з вышэйшай адукацыяй. І не інжынераў, а ў асноўным юрыстаў і эканамістаў, якімі нашы галіны перанасычаны. Прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы фарміруюць прыём у асноўным па рэшткавым прынцыпе, бо асноўная маса выпускнікоў школ па-ранейшаму накіроўваецца толькі ў ВНУ, і не важна, ці маюць яны здольнасці да вучобы, ці ўсвядомлена яны выбралі сваю будучую спецыяльнасць. Мода на вышэйшую адукацыю па-ранейшаму магічна ўздзейнічае на наша грамадства. Безумоўна, гэта добра, што моладзь імкнецца да самага высокага ўзроўню адукацыі, але ж трэба лічыцца не толькі з жаданнямі нашых маладых людзей, але і ўлічваць здаровы сэнс, а гэта значыць, патрэбнасці нашай эканомікі і сацыяльнай сферы ў тых ці іншых кадрах. Таму трэба больш эфектыўна імкнуцца размяркоўваць патокі выпускнікоў школ не па адным з іх, які скіроўвае ў бок вышэйшай школы, а па розных каналах жыццеўладкавання. Сёння па-ранейшаму ў паказчыках дзейнасці агульнай сярэдняй установы прэваліруе норма, колькі выпускнікоў гэтай школы паступіла ў ВНУ. Цяпер гэтая норма не актуальная, а важна адзначаць, наколькі паспяхова кожны выпускнік уладкаваўся ў жыцці, як ён будуе сваю прафесійную кар’еру.
Сапраўды, пры ўсім устойлівым імкненні нашага грамадства да вышэйшай адукацыі паступаць у ВНУ павінны толькі тыя, хто мае на гэта здольнасці і жаданне вучыцца. Магчыма, такое ранжыраванне ўдасца зрабіць пры ўвядзенні профільнага навучання ў 10—11 класах. За кошт увядзення профільных класаў можна будзе павысіць узровень падрыхтоўкі абітурыентаў. Трэба далей удасканальваць і сістэму цэнтралізаванага тэсціравання.
У.М.Шымаў, рэктар БДЭУ, старшыня прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, звязвае праблему якасці падрыхтоўкі спецыялістаў таксама з залішняй масавасцю вышэйшай адукацыі, калі ў ВНУ паступаюць людзі, якія не маюць неабходнага аб’ёму ведаў, а кіруюцца толькі адным жаданнем атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Але гэтага мала. Для эфектыўнага засваення праграм вышэйшай адукацыі патрэбны добрыя веды па праграме сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і, безумоўна, пэўныя здольнасці. З улікам гэтага многія краіны рэгулююць колькасць месцаў ва ўніверсітэтах для грамадзян сваіх краін на ўзроўні не больш за 80% ад выпуску школы. Гэта вырашае праблему якаснага адбору абітурыентаў і забяспечвае камплектаванне сярэдніх спецыяльных і прафесійных школ. Прыйшоў час для ўвядзення дакладнай рэгламентацыі колькаснага набору студэнтаў на першы курс і ўстанаўлення аптымальнай прапорцыі ў размеркаванні студэнтаў па канкрэтных галінах навучання: гуманітарныя, тэхнічныя навукі і г.д. Гэтая работа ў краіне сёння праводзіцца, аднак патрэбна распрацоўка навукова абгрунтаваных падыходаў да вызначэння тэмпаў росту падрыхтоўкі спецыялістаў па тэхнічных і прыродазнаўчанавуковых напрамках і профілях і скарачэння кантынгенту студэнтаў па гуманітарных, грамадскіх і юрыдычных спецыяльнасцях. (У еўрапейскіх краінах падрыхтоўка па тэхнічных навуках вагаецца ад 9 да 20%, у нас — 30%.)
— Сёння трэба максімальна зменшыць аб’ёмы няпрофільнай падрыхтоўкі ў ВНУ, — адзначыў А.А.Тозік. — Практычна ўсе нашы ўніверсітэты адкрываюць сёння спецыяльнасці, якія не адпавядаюць профілю ўстановы, але папулярныя сярод моладзі. Але трэба ўсё ж улічваць, наколькі гэтая спецыяльнасць патрэбна эканоміцы, сацыяльнай сферы альбо патрэбна толькі гэтаму маладому чалавеку.

Па словах У.М.Шымава, трэба інвентарызаваць падрыхтоўку спецыялістаў па некаторых масавых спецыяльнасцях у рэгіёнах і непасрэдна ў ВНУ, паклаўшы ў аснову ўзровень прафесарска-выкладчыцкага складу ў канкрэтнай ВНУ, матэрыяльна-тэхнічнай і метадычнай базы, структуру рэгіянальных эканомік, і такім чынам вызначыць патрэбнасць у падрыхтоўцы спецыялістаў па тых ці іншых спецыяльнасцях. На падставе гэтага аналізу трэба пачынаць працэс спецыялізацыі рэгіянальных ВНУ па падрыхтоўцы студэнтаў па канкрэтных спецыяльнасцях.
Па меркаванні А.А.Тозіка, сёння актуальнай застаецца задача павышэння канкурэнтаздольнасці вышэйшай адукацыі, прыцягнення да навучання ў айчынныя ВНУ замежных студэнтаў, каб у поўным аб’ёме выконваць пастаўленыя задачы аб нарошчванні экспарту адукацыйных паслуг.
Як адзначыў С.І.Раманюк, вырашэнне гэтай задачы ў першую чаргу звязана з забеспячэннем якасці вышэйшай адукацыі, пашырэннем папулярнасці нашых ВНУ ў іншых краінах. Для выканання гэтых задач неабходна распрацаваць інтэгральныя індыкатары развіцця нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, узгодненыя з аналагічнымі індыкатарамі ў іншых краінах. У іх неабходна ўнесці пазіцыі беларускіх ВНУ ў сусветных адукацыйных рэйтынгах. Акрамя таго, уступленне ў Балонскі працэс павысіць прывабнасць вышэйшай адукацыі Беларусі для замежных грамадзян і дасць магчымасць нарасціць экспарт адукацыйных паслуг.
Ёсць праблемы ў навукова-метадычным забеспячэнні вышэйшай адукацыі. Было прызнана, што несвоечасова адбываецца абнаўленне зместу адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі эканомікі і сацыяльнай сферы, а таксама з улікам замежнага вопыту. Таму ў нарматыўную прававую базу плануецца ўнесці неабходныя змены, якія дазволяць пашырыць магчымасці саміх устаноў вышэйшай адукацыі пры распрацоўцы і карэкціроўцы навукова-метадычнага забеспячэння, а таксама больш цеснага ўзаемадзеяння іх з адпаведнымі метадычнымі службамі. У сістэме вышэйшай адукацыі Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы выконвае функцыю навукова-метадычнага цэнтра, задачамі якога з’яўляюцца вызначэнне перспектыў равіцця вышэйшай адукацыі, распрацоўка праектаў нарматыўных прававых актаў, каардынацыя дзейнасці вучэбна-метадычных аб’яднанняў. У кантэксце пастаўленых задач РІВШ плануе актывізаваць аналітычную, маніторынгавую і прагнастычную дзейнасць, без чаго нельга будзе аб’ектыўна адсочваць дынаміку развіцця вышэйшай адукацыі з улікам патрабаванняў эканомікі нашай краіны.
Турбуе і пытанне ўзроўню прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў. На жаль, сёння выкладчыкі мала займаюцца навуковай дзейнасцю. Колькасць абароненых кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый з кожным годам памяншаецца. У выніку гэтага ў складзе калектыву ўніверсітэтаў непазбежна змяншаецца колькасць выкладчыкаў, якія маюць вучоную ступень. І такая сітуацыя насцярожвае. Хто ж у далейшым будзе працаваць у нашых універсітэтах?
С.І.Раманюк адзначыў, што сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі назіраюцца сур’ёзныя цяжкасці, звязаныя з прыцягненнем і замацаваннем работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу. Асабліва востра стаіць праблема камплектавання кадрамі пры падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне IT-сферы, па іншых спецыяльнасцях тэхнічнага профілю. Маладым спецыялістам, якія вырашылі заняцца навукай, не заўсёды ўдаецца абараніць дысертацыю. У выніку ў ВНУ назіраецца тэндэнцыя старэння прафесарска-выкладчыцкага складу.

С.У.Абламейка, рэктар БДУ, пацвердзіў, што сітуацыя з прафесарска-выкладчыцкім складам ва ўніверсітэтах даволі цяжкая. Катастрафічна падае колькасць абароненых дысертацый. Напрыклад, раней у год па краіне абаранялася каля ста доктарскіх дысертацый, а ў мінулым годзе толькі 39. І гэта вельмі мала, каб у дастатковай меры ўкамплектаваць калектывы ўніверсітэтаў маладымі навукоўцамі. Магчыма, трэба павысіць адказнасць за якасць дысертацый з боку кіраўнікоў навуковых работ, матэрыяльна стымуляваць іх, браць тэмы найбольш актуальныя. А.А.Тозік дадаў, што трэба дасканала, удумліва падыходзіць да падбору тэм дысертацый. Напэўна, трэба браць такую тэму для дысертацыі, каб у далейшым яна прынесла сапраўдную карысць сістэме адукацыі, а не пылілася на паліцы.
— Мы шмат гаворым аб новых формах выкладання з падключэннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, дыстанцыйнай адукацыі, — паведаміў В.А.Гайсёнак. — Аднак у большасці выпадкаў навучанне ў нашых ВНУ ідзе па-старому і прэваліруе традыцыйная лекцыя. Сёння многія выкладчыкі не імкнуцца пераглядаць сваю ролю ў вучэбным працэсе ў бок дыялогу паміж выкладчыкам і навучэнцам. Таму трэба думаць пра сур’ёзныя меры па павышэнні кваліфікацыі выкладчыцкага корпуса.
В.А.Гайсёнак паведаміў, што інстытут гатоў выпрацаваць рэкамендацыі па павышэнні кваліфікацыі выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў, стварыць свабоду выбару для кожнага выкладчыка. У гэтым працэсе павінны актыўна ўдзельнічаць усе ВНУ. Сёння ў РІВШ праходзіць навучанне ў год больш за 4 тысячы чалавек з розных узроўняў адукацыі — ад школы да ВНУ. Частка работы ў гэтым кірунку праводзіцца на выездзе па заяўцы рэгіянальных універсітэтаў. У самы бліжэйшы час плануецца ўкараняць іншыя формы і метады павышэння кваліфікацыі кадравага складу ВНУ.
Важным пытаннем з’яўляецца вызначэнне статусу магістра на рынку працы. А.А.Тозік заўважыў, што сёння па-ранейшаму невядома, кім павінен працаваць выпускнік ВНУ пасля заканчэння магістратуры, якую пасаду яму можа даверыць работадаўца.
Як было адзначана, сапраўды, у кваліфікацыйных патрабаваннях да пасад спецыялістаў і служачых не ўлічваецца ступень магістра, а размеркаванне магістраў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кваліфікацыяй, набытай на першай ступені вышэйшай адукацыі. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадаставіла наймальнікам права працаўладкоўваць выпускнікоў магістратуры на больш высокія пасады без наяўнасці пэўнага стажу, прысваення пазачарговай кваліфікацыйнай катэгорыі з адпаведным змяненнем умоў аплаты працы. Аднак праблема з працаўладкаваннем магістраў па сутнасці не вырашана. Для гэтага павінны быць распрацаваны кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад служачых з дыферэнцыяцыяй па ўзроўнях адукацыі (сярэдняя спецыяльная, вышэйшая, пасляўніверсітэцкая), па ступенях вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят, магістратура) і пасляўніверсітэцкай адукацыі (аспірантура, дактарантура).

У вырашэнні пытання рацыянальнага выкарыстання фінансавых сродкаў Міністэрства адукацыі прапаноўвае ўдасканаліць сістэму планавання вышэйшай адукацыі (у тым ліку заказу, кантрольных лічбаў прыёму, мэтавай падрыхтоўкі), механізм фінансавання ўстаноў вышэйшай адукацыі і аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу.
Ва ўдасканаленні сістэмы планавання вышэйшай адукацыі перш-наперш прадугледжваецца распрацоўка новых падыходаў да сістэмы заказу ў рамках доўгатэрміновага і бягучага планавання, а гэта ўвядзенне дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў, які фарміруецца органамі дзяржаўнага кіравання і мясцовай улады. Акрамя таго, прадугледжваецца распрацоўка крытэрыяў фарміравання кантрольных лічбаў прыёму на бюджэтную форму атрымання адукацыі і плана прыёму на платную форму атрымання адукацыі; фарміраванне мэтавага набору падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, які ўстанаўлівае абавязкі і падатковыя прэферэнцыі для арганізацый, якія ажыццяўляюць мэтавы набор. (У 2014 годзе, нягледзячы на ўсе прынятыя намаганні, план прыёму на мэтавую падрыхтоўку не быў выкананы. Прынята толькі 83% ад заяўленага плана.)
Удасканаленне механізма фінансавання ўстаноў вышэйшай адукацыі і аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу ў першую чаргу звязана з замацаваннем нормы, дзе прадугледжаны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў у разліку на аднаго навучэнца.
Што тычыцца нарматыўнага фінансавання, то плануецца правесці пілотны праект з мэтай апрабацыі яго механізма. Дзеючая сістэма каштарыснага фінансавання, якое прадугледжвае фінансаванне па выдатках ці ад дасягнутага ўзроўню, не забяспечвае празрыстага размеркавання сродкаў паміж установамі адукацыі ў залежнасці ад падрыхтоўкі кадраў па канкрэтнай спецыяльнасці і не спрыяе павышэнню зацікаўленасці кіраўнікоў устаноў у выніках сваёй дзейнасці.
На пасяджэнні рабочай групы свае прапановы і заўвагі выказвалі рэктар МДЛУ Н.П.Баранава, рэктар БДУІР М.П.Батура, рэктар БНТУ Б.М.Хрусталёў і іншыя. Аб умовах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання паведаміў дырэктар РІКВ М.С.Фяськоў.
Напрыканцы размовы міністр адукацыі С.А.Маскевіч прадставіў статыстычную карціну таго, як будзе развівацца ў далейшым дэмаграфічная сітуацыя ў краіне. Згодна з прыведзенымі лічбамі, яна несуцяшальная. Па-ранейшаму колькасць выпускнікоў школ будзе змяншацца, а гэта значыць, што ажыццявіць прыём у ВНУ будзе цяжэй. Важна пры гэтым не згубіць найбольш якасны, матываваны кантынгент абітурыентаў, каб падрыхтаваць высокапрафесійных спецыялістаў для эканомікі. З улікам гэтага кожнай установе неабходна больш прадумана ажыццяўляць адукацыйную палітыку, выкарыстоўваць новыя падыходы ў павышэнні якасці адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.