Зачараваныя Крапівой

- 15:59Культура

Учора ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў гарадской выставы-конкурсу “Пяюць жаваранкі”, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта-байкапісца, драматурга, пісьменніка і навуковага дзеяча Кандрата Крапівы.

Падзея стала сапраўдным святам для ўсіх, хто сабраўся ў мармуровай зале МДПДіМ і стаў сведкам ці непасрэдным удзельнікам урачыстасцей. Спецыяльна на мерапрыемства ў сталіцу са сваім творчым падарункам прыехалі навучэнцы ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы, якія выступілі з інсцэніроўкамі па творах знакамітага земляка. Са словамі ўдзячнасці і павагі да дзяцей, якія прынялі ўдзел у выставе-конкурсе “Пяюць жаваранкі”, звярнуліся кандыдат мастацтвазнаўства загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Зіменка, малодшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі беларускай літаратуры Алёна Канапацкая, унучка Кандрата Крапівы Алена Атраховіч, з рук якой пераможцы выставы-конкурсу атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені.

У фінальным этапе выставы-конкурсу было прадстаўлена 137 твораў навучэнцаў устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі сталіцы ва ўзроставай катэгорыі ад 6 да 18 гадоў. Выбіралі лепшыя з лепшых работ у розных намінацыях сябры кампетэнтнага журы: загадчык аддзела выяўленчага мастацтва сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Залатыя ўзоры” Аліна Кажанец-Мурашова, кіраўнік народнага калектыву “Творчая скарбонка” сярэдняй школы № 200 Мінска Галіна Удодава, кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Уладзімір Шчаўкун, кіраўнік народнага калектыву “Беларуская народная вышыўка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Алена Каралёва і майстар народных промыслаў Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Клімчанка. Усе яны ў адзін голас гаварылі, што нават не чакалі такога маштабнага і сур’ёзнага мастацкага водгуку на творчасць класіка-байкапісца ад сталічных дзяцей.

Адзін з арганізатараў выставы-конкурсу супрацоўнік аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва МДПДіМ Таццяна Важнік таксама прызнаецца: “Мы, шчыра кажучы, баяліся, што экспазіцыя не атрымаецца, што конкурс праваліцца. Тэма ўсё-такі нетрывіяльная, няпростая. Паводле свайго азначэння, байка, як правіла, неад’емная ад маралі. Тым не менш дзецям удалося ўвасобіць свайго Крапіву і ў саломцы, і ў кераміцы, і ў выцінанцы, і ў тэкстылі, і ў выяўленчым мастацтве… Былі прадстаўлены і цестапластыка, і надзвычай працаёмкае валенне, і нават вышыўка самога тэксту баек Крапівы. А яшчэ, на нашу радасць, мы ўбачылі конкурсныя работы не толькі з ганарыстымі парсюкамі, дыпламаванымі баранамі, асламі ды свіннямі — героямі самых вядомых баек класіка, але і творы, навеяныя, напрыклад, п’есай “Пяюць жаваранкі”, па назве якой мы і назвалі нашу выставу-конкурс, аўтабіяграфічным вершам “Еш, дурань, бо то з макам”, адмысловым крапівінскім “калгасным дзедам” і інш. Многія работы ўдзельнікаў суправаджаюцца ў літаральным сэнсе ўплеценымі ў іх цытатамі пісьменніка. На гэтай выставе-конкурсе на самай справе ўсё зусім няпроста і ў плане прадстаўленых тут мастацкіх тэхнік, і ў сэнсе мастацка-філасофскага асэнсавання спадчыны Кандрата Крапівы дзецьмі.

Дарэчы, для арганізатараў выставы быў сапраўды важны гэты агульнакультурны кантэкст. Для педагогаў і навучэнцаў сталіцы супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры арганізавалі лекторый па біяграфіі і літаратурнай дзейнасці Кандрата Крапівы. Асаблівай гордасцю экспазіцыі сталі экспанаты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — рарытэтныя кнігі пісьменніка, пачынаючы з 30-х гадоў выдання, некаторыя дакументы, архіўныя фотаздымкі. Нядзіўна, што выстава прыцягнула ўвагу нават некаторых высокіх гасцей. Цікавы факт: 2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, выставу наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў. Падоўгу ўглядаўся ў работы навучэнцаў, спыняўся і чытаў тэксты нашага класіка — аднолькава захапляўся як талентам беларускага Крылова, так і майстэрствам ды фантазіяй удзельнікаў выставы “Пяюць жаваранкі”.

Учора героі твораў Кандрата Крапівы ў творчым увасабленні сталічных навучэнцаў развіталіся са сценамі галерэі “Палац” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Сыходзілі адтуль неахвотна. Упіраліся як маглі. Бляялі, мычалі, раўлі, шыпелі, каркалі, квакалі, мяўкалі, гаўкалі — кожны на свой лад.

Цяпер кожны з іх будзе абжываць сваё новае месца. Хто — куток, прысвечаны Кандрату Крапіве, у кабінеце роднай літаратуры ці ў школьнай бібліятэцы. Хто — школьную мастацкую галерэю. А хто — проста палічку ў доме свайго гаспадара. Як напамін пра ўд зел у выставе-конкурсе “Пяюць жаваранкі”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.