Загадка безназоўнага…

- 14:50Культура

У Мінску прайшлі ХІІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні “СЛОВА. КНІГА. ЛЁС. Творчая і грамадская дзейнасць Янкі Купалы ў кантэксце беларускай асветніцкай традыцыі”.

Міжнародныя Купалаўскія чытанні сёлета адбыліся ў знакавы для Янкі Купалы і нацыянальнай культуры год — 135-годдзя з дня яго нараджэння і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік наўпрост звязаў дзве гэтыя даты: “Кнігі Бібліі, выдрукаваныя доктарам Францыскам Скарынам у пачатку ХVІ стагоддзя, неслі ў Беларусь нязгаснае святло ведаў і слова, далучалі наш народ да магутнай хвалі еўрапейскага Адраджэння. А час Янкі Купалы, яго творчасці мы таксама называем адраджэннем — адраджэннем беларускай мовы, беларускай літаратуры, гістарычнай памяці і дзяржаўнасці. Гэты покліч абуджэння Беларусі мы адчуваем і сёння, а пачатак яго — у слове Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іх паплечнікаў. Янку Купалу мы папраўдзе маем права называць нашчадкам і прадаўжальнікам асветніцкай традыцыі, закладзенай Скарынам. Яго слова будзіла беларусаў, вяртала народ з бяспамяцтва, клікала наперад, выводзіла беларускую паэзію ў вялікі свет сусветнай літаратуры. На пачатку ХХ стагоддзя яно стварыла яскравы вобраз нашай краіны, якая заняла свой пачэсны пасад між народамі…”

Выстава “ў кантэксце” Купалаўскіх чытанняў

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы працуе выставачны праект-мемарыял “Страчаныя абліччы”, прысвечаны беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 1920—1950-я гады. Выстава прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, які, як вядома, сам моцна пацярпеў ад сталінскага рэжыму (пад уплывам ціску і допытаў з боку карных органаў восенню 1930 года паэт зрабіў нават спробу самагубства), 130-годдзя з дня нараджэння яго сябра паэта Цішкі Гартнага, лёс якога быў трагічна абарваны ў 1937 годзе, і 80-годдзя чорнай ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі былі расстраляны 22 майстры беларускага мастацкага слова. На выставе прадстаўлены рарытэты, звязаныя з сябрамі і знаёмымі Янкі Купалы, сярод якіх Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Адам Бабарэка, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Уладзімір Жылка, Валерый Маракоў, Алесь Звонак, Уладзіслаў Галубок і інш. Упершыню ў Беларусі можна пазнаёміцца з дакументамі з асабістага архіва Алеся Дудара. Таксама наведвальнікі выставы могуць убачыць знаходкі з месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій пад Мінскам — Курапатаў (абутак, грабеньчыкі, акуляры, зубныя шчоткі, гільзы рэвальвера сістэмы “Наган” і інш.). Непазбыўнае ўражанне пакідаюць не толькі асобныя экспанаты, але і само канцэптуальнае афармленне выставы: партрэты расстраляных беларускіх літаратараў, размешчаныя ў выглядзе крыжа, адліты ў бронзе Янка Купала за стылізаванымі кратамі, рабочы стол пісьменніка з раскіданымі падчас вобыску рукапісамі… Праект рэалізоўваецца сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Наведаць выставу “Страчаныя абліччы” можна да 2 лістапада 2017 года.

Спецыяльна запрошанаму на канферэнцыю Паслу Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі, доктару філасофскіх навук, пісьменніку і проста даўняму сябру Беларусі, беларускай культуры і Купалавага дома Мар’яну Серватку (дарэчы, гэта менавіта ён у 2012 годзе ўпершыню пераклаў верш Янкі Купалы “А хто там ідзе” на славацкую мову) Васіль Чэрнік уручыў ганаровую ўзнагароду — нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

У працяг гутаркі пра Купалу ў міжнародным кантэксце дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч падзялілася свежай шчаслівай навіной: літаральна напрыканцы верасня Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прымаў удзел у Міжнародным конкурсе на лепшы славянскі музей ŽIVA ў Славеніі, дзе наш музей у спаборніцтве з 23 музеямі з 11 славянскіх краін перамог у адной з 5 конкурсных намінацый — “За лідарства” (For Leadership). Старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, пісьменніца, галоўны рэдактар газеты “Медыцынскі веснік” Таццяна Сівец агучыла надзённыя задачы фонду, у тым ліку пераклад творчасці нашага класіка на іншыя мовы. Сярод апошніх дасягненняў у гэтым сэнсе — выхад зборніка твораў Купалы ў Славакіі ў перакладзе на славацкую мову (зноў жа пры непасрэднай падтрымцы Мар’яна Серваткі). А ў найбліжэйшых планах — пераклад паэзіі Янкі Купалы на карэйскую мову. Ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць з карэйскім бокам, што такі зборнік пабачыць свет на дзяржаўныя сродкі Паўднёвай Карэі.

З вялікай цікавасцю было заслухана выступленне аднаго з найстарэйшых айчынных купалазнаўцаў, доктара філалагічных навук, прафесара кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Вячаслава Рагойшы “Раман Лубкіўскі як крэатыўны рэцыпіент творчасці Янкі Купалы”. Шаноўны прафесар распавёў пра велічэзны ўклад Рамана Лубкіўскага ў справу папулярызацыі беларускай літаратуры. Ён быў першым, хто адкрыў украінцам у поўнай красе і велічы Максіма Багдановіча (выдаў у перакладзе на ўкраінскую фактычна поўны збор яго твораў), пераклаў звыш шасцідзесяці твораў Янкі Купалы, выдаўшы адпаведную кнігу ў 1982 годзе да 100-годдзя Івана Дамінікавіча, і марыў выдаць новы том твораў Янкі Купалы. На Х Міжнародных Купалаўскіх чытаннях Раман Лубкіўскі нават выступаў у Мінску з дакладам “Канон Купалы”, у якім выклаў канцэпцыю задуманага выдання, у якім “паўнацэнны, сапраўдны, вялікі і бессмяротны Купала мусіў паўстаць перад сваім народам і яго гістарычнымі суседзямі, перад еўрапейскай і сусветнай супольнасцю”. Тры “вымогі” для здзяйснення канцэптуальнага выдання Янкі Купалы на ўкраінскай мове, на думку Р.Лубкіўскага, палягалі ў тым, каб: па-першае, былі ліквідаваны анамаліі не толькі знешняга, але і ўнутранага характару, якія выводзяць духоўнае жыццё еўрапейскай нацыі за межы цывілізаванага кантэксту і пазбаўляюць яе аптымістычнай гістарычнай перспектывы; па-другое, быў здзейснены глыбокі навуковы аналіз усёй творчай спадчыны Янкі Купалы, вернуты ў навуковы ўжытак яго найважнейшыя паэтычныя, эпічныя, драматычныя, публіцыстычныя творы і спадарожныя дакументы і матэрыялы; па-трэцяе, быў высветлены ўвесь спектр узаемаадносін Купалы са сваімі папярэднікамі, яго ўплыў на развіццё сучаснай беларускай літаратуры, у тым ліку створанай беларускімі творцамі ў замежжы. І тады ж, на Х Міжнародных Купалаўскіх чытаннях, Раман Лубкіўскі пераканаўча даводзіў, што тэма “Янка Купала і Украіна” вымагае новай якаснай перазагрузкі з канчатковым адкіданнем ідэалагічных штампаў і клішэ, накладзеных савецкай ідэалогіяй, і рашучым адмаўленнем трактоўкі творчасці паэта толькі як песняра сялянскай нядолі. Пры гэтым сацыяльны прыгнёт ён бачыў як вынік нацыянальнага духоўнага рабства. На вялікі жаль, здзейсніць новае выданне Янкі Купалы на ўкраінскай мове паводле задуманай канцэпцыі Раман Лубкіўскі не паспеў, ён памёр два гады назад. Але гонарам і абавязкам для беларусаў цяпер было б паспрыяць ажыццяўленню такога выдання і — у асобнай кнізе — прасачыць “дарогу ў Беларусь” самога гэтага апантанага прапагандыста беларускай культуры ў суседняй краіне.

У рэчышчы вялікай дыскусіі ХІІ Міжнародных Купалаўскіх чытанняў, якую ўмоўна можна было б абазначыць як “Янка Купала і свет”, было заяўлена нямала і іншых адметных тэм: “Янка Купала ў лістах Вінцэнта Станкевіча да Мацея Канапацкага” (доктар філалагічнах навук прафесар Універсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы, Польшча, Гелена Глагоўская), “Новыя звесткі пра віленскі перыяд жыцця і творчасці Янкі Купалы” (старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў), “Творы Янкі Купалы ў перакладах на славацкую мову: гісторыя і сучаснасць” (кандыдат філалагічных навук, дацэнт, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Мікалай Трус), “Янка Купала пра Хібіны” (вядучы бібліёграф Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Кіраўска Мурманскай вобласці Расіі Яўген Шталь), “Грузінскі паэт, натхнёны Купалавым словам” (старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Эліна Свірыдовіч). Дарэчы, даследаванне Э.Свірыдовіч можна лічыць яркім прыкладам пошукавай актыўнасці музейных супрацоўнікаў. Менавіта дзякуючы іх намаганням удалося выйсці на сучаснага грузінскага паэта Татаоза Рухелі (сапр. Гія Шалвавіч Путкарадзэ), які яшчэ ў далёкім 1988 годзе ў 28-гадовым узросце напісаў адмысловы паэтычны маніфест сваіх эстэтычных і грамадзянскіх поглядаў, а ў ім сярод імён сваіх куміраў, выбітных постацей сусветнай культуры, напрыклад, класіка персідскай паэзіі Нізамі, называе і імя нашага Янкі Купалы. Старшыня суполкі “Беларускія сябры” ў Тбілісі Вольга Градзінар нядаўна пераклала гэты верш Рухелі “Чалавеча!” з грузінскай на беларускую мову. Там ёсць такі радок: “Купала зноў на жыццё натхніў…”

На вельмі спецыфічную тэму “Інклюзіўная культурна-адукацыйная праграма для дзяцей з аўтызмам “Побач і разам”. Ад распрацоўкі да рэалізацыі” выступіла загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Пархімовіч. Купалаўскі музей — першы і пакуль адзіны з беларускіх музеяў — распрацаваў і паспяхова ажыццяўляе такую праграму для маленькіх аўтыстаў. Для параўнання: у Злучаных Штатах сёння з такімі дзецьмі працуе каля 30 музеяў.

У большасці ж даследаванняў было прадстаўлена ўласна літаратуразнаўчае купалазнаўства ў самых розных яго праяўленнях: “Ад “Сну на кургане” да “Мне сняцца сны аб Беларусі”: мастацкая канцэптуалізацыя будучыні ў творчасці Янкі Купалы” дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ І.Багдановіч, “Асаблівасці спалучэння рыс розных плыняў у творчасці Янкі Купалы” дацэнта кафедры беларускай філалогіі і сусветнай культуры БДУКіМ С.Тычыны, “Верш Янкі Купалы “Казка аб песні” прафесара кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь В.Мароз, “Паэтыка замовы ў творах Янкі Купалы” старшага выкладчыка кафедры філалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ж.Косцінай, “Канцэпт “дуб” у аднайменным вершы Янкі Купалы” старшага выкладчыка кафедры моў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі А.Назарко, “Вершаваная арганізацыя і паэтыка савецкіх паэм Янкі Купалы” аспіранта БДУ супрацоўніка часопіса “Полымя” Ю.Алейчанка і інш. У прыватнасці, маладая даследчыца Юлія Алейчанка спрабавала адказаць на дастаткова казытлівыя пытанні, накшталт: наколькі арганічнай была творчасць Купалы ў гады прыходу савецкай улады? Наколькі творца дазваляў сабе кампраміснае мысленне? Як пераасэнсоўваў няпростую грамадскую сітуацыю, у якой апынуліся яго сучаснікі? Сярод высноў Ю.Алечайнка: сутыкнуўшыся з усталяваннем новых парадкаў, Янка Купала прымаў Кастрычніцкую рэвалюцыю з дэмакратычных пазіцый, але балюча ўспрымаў бяздумнае разбурэнне і паступовую дэвальвацыю нацыянальных, адраджэнскіх ідэй; разглядаючы паэмы Янкі Купалы савецкага часу з пазіцыі сучаснасці, можна адзначыць іх некаторую спрошчанасць і абстрактнасць іх вобразнай сістэмы, аднак да трафарэтнасці і клішэ паэт ніколі не зніжаўся; савецкія паэмы Янкі Купалы раскрываюць шырокі гістарычны кантэкст, дэманструюць добрае веданне паэтам фальклору беларускага народа; савецкія паэмы Купалы — удалы прыклад рытма-метрычнай семантызацыі, яны ўнікальныя па разнастайнасці рытмічнага малюнка ў межах аднаго твора.

Між іншым, даклад Юліі Алейчанка выклікаў пэўную дыскусію сярод удзельнікаў Купалаўскіх чытанняў. Мадэратар пленарнага пасяджэння вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава заўважыла, што адносна назвы паэмы Янкі Купалы 1924 года “Безназоўнае” існуе распаўсюджаная сярод літаратуразнаўцаў версія, маўляў, паэт хацеў проста механічна замяніць слова “Адраджэнне” і, не знайшоўшы адпаведніка, вырашыў назваць паэму “Безназоўнае”. Не адмаўляючы і не прымаючы гэтай версіі, Юлія Алейчанка агучыла і іншую: так сваю першую савецкую паэму паэт мог назваць проста таму, што безназоўнай была сама тая сіла, якая штурхнула народ да глабальных сацыяльных змен. “А як вы лічыце, ці не магло быць так, што Купала ў той час яшчэ сам не вызначыў уласную пазіцыю наконт гэтых змен і таму так назваў паэму?” “Магчыма…”, — адказала дакладчыца.

Зрэшты, тое купалаўскае безназоўнае, здаецца, і сёння застаецца безназоўным…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.