Захапіць занятасцю кожнага навучэнца

- 15:04Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны планы работы па суботах будуюцца такім чынам, каб ахапіць занятасцю як мага больш дзяцей.

Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка, для дасягнення гэтай мэты ўлічваюць інтарэсы навучэнцаў. Раўназначны ўпор робіцца на грамадзянска-патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, прафарыентацыйную і прафілактычную работу, удасканаленне здольнасцей школьнікаў.

— Дзейнасць навучальных устаноў плануецца, зыходзячы з патэнцыялу сацыякультурнай сферы пэўнага горада ці раёна, а таксама задавальнення запатрабаванняў вучняў. Уся работа грунтуецца на міжведамасным узаемадзеянні. Да ахопу дзяцей пазаўрочнай занятасцю, акрамя непасрэдна ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, прыцягнуты ўстановы спорту, культуры, турызму, аховы здароўя, праваахоўныя органы, грамадскія аб’яднанні. Зладжаная дзейнасць усіх зацікаўленых дае адпаведны эфект. Сёння ў шосты школьны дзень карыснай занятасцю ахоплена звыш 70% магілёўскіх школьнікаў, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Нягледзячы на адзіную канцэпцыю арганізацыі шостага школьнага дня, у кожнай навучальнай установе вобласці ў гэтым плане ёсць свае адметнасці. Педагогі стараюцца зрабіць выхаваўчыя мерапрыемствы максімальна разнастайнымі, сапраўды захапіць дзяцей. Так, педагагічны калектыў сярэдняй школы № 34 Магілёва фарміруе суботні дзень, зыходзячы з запытаў сваіх вучняў. Тут удзяляюць увагу ўсім напрамкам адукацыйнай дзейнасці: фізкультурна-аздараўленчаму, спартыўна-масаваму, турысцка-краязнаўчаму, грамадзянска-патрыятычнаму, прафарыентацыйнаму, прафілактычнаму, вучэбнаму.

Па суботах установа нагадвае вулей, бо колькасць вучняў, якія жадаюць лішні раз прыйсці ў школу, вельмі вялікая, а ўсё таму, што кожнае дзіця знаходзіць сабе занятак па душы. Творчыя асобы могуць наведваць шматлікія гурткі дэкаратыўна-прыкладнога характару. Для тых, хто любіць спорт, ладзяцца масавыя фізкультурныя мерапрыемствы, дзейнічаюць розныя секцыі, у тым ліку і адзіны ў рэспубліцы школьны бейсбольны клуб. Значны ўпор педагогі робяць і на вучэбную дзейнасць: факультатывы, стымулюючыя заняткі дапамогуць вучням, якія маюць патрэбу ў дадатковых ведах. Адметна, што ў шосты школьны дзень у 34-й школе праводзяцца і прафесійныя спробы. Старшакласнікі спрабуюць свае сілы ў выбранай прафесіі ў спецыяльным тэматычна аформленым кабінеце прафарыентацыі. А для вучняў педагагічнага класа магчымасцей праверыць сваю прыдатнасць да будучай прафесіі яшчэ больш: яны могуць правесці фрагменты ўрокаў.

Усяляк падтрымліваюць ва ўстанове і грамадзянскую актыўнасць дзяцей. Па ініцыятыве маладзёжных лідараў пярвічак БРСМ і БРПА ў школе штогод рэалізоўваюцца патрэбныя сацыяльныя праекты. Мясцовыя дзеці шмат зрабілі па павышэнні экалагічнай свядомасці аднагодкаў, навучыліся самі вырабляць флікеры. А ў мінулым годзе школьны праект “Ідэя, воля, сябры”, накіраваны на самарэалізацыю і падтрымку маладзёжных ідэй, быў прызнаны лепшым на адпаведным рэспубліканскім конкурсе.

У сельскіх навучальных установах суботнія дні праходзяць не менш насычана. Там таксама робяць упор на ўсебаковае развіццё асобы вучняў. А яшчэ — на актывізацыю форм узаемадзеяння з сем’ямі, прыцягненне бацькоў да выхавання дзяцей.

Так, у Гарадзецкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Шклоўскага раёна асаблівую ўвагу ў шосты школьны дзень удзяляюць прафарыентацыі вучняў. У вучэбна-педагагічным комплексе перыядычна праводзяцца экскурсіі на мясцовыя прадпрыемствы, індывідуальныя кансультацыі педагога-псіхолага, сустрэчы з ветэранамі працы, выезды на дні адкрытых дзвярэй ва ўстановы ПТА, ССА, УВА, што дазваляе падлеткам свядома вызначыцца з будучай прафесіяй. Адметна, што ў гэтым ВПК наладжана плённае супрацоўніцтва педагагічнага калектыву з бацькамі. Законныя прадстаўнікі прымаюць непасрэдны ўдзел у працэсе навучання і выхавання дзяцей, рэгулярна наведваюць усе школьныя мерапрыемствы. Цеснае ўзаемадзеянне настаўнікаў і бацькоў вельмі спрыяе якаснаму выхаванню навучэнцаў.

Увогуле, ва ўсіх установах адукацыі вобласці імкнуцца да адной мэты: ахапіць карыснай занятасцю кожнага вучня. Пакуль яна дасягнута не ў поўнай меры, але агульнымі намаганнямі ажыццявіць пастаўленыя задачы цалкам магчыма.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.