Захавальніцы адвечных каштоўнасцей

- 12:36Культура

Шмат у чым дзякуючы літаратуры і кіно складваецца ўражанне, што сапраўны творца — чалавек, абдзелены звычайнымі радасцямі, які абыякава ставіцца да знешняга выгляду, пазбаўлены асабістага шчасця і г.д. Гэтыя стэрэатыпы разбурае знаёмства з прыгажунямі мастачкамі, імёны якіх вядомы далёка за межамі Беларусі. Вольга Крупянкова і Таццяна Сіплевіч могуць быць узорам паспяховасці ва ўсім — абе­дзве адбыліся не толькі як творцы, чые дасягненні адзначаны ўзнагародамі шматлікіх конкурсаў, яны выдатныя жонкі, і кожная мае па двое дзяцей. Невыпадкова выстава “LITHO/grapfics. Exlibris” В.Крупянковай і Т.Сіплевіч урачыста адкрылася ў арт-гасцёўні “Высокае месца” ў Дзень маці. Да таго ж абедзве не шка­дуюць часу, каб беларускае мастацтва багацела на новыя імёны. Так, Таццяна дваццаць гадоў выкладала ў БДАМ, а Вольга — у БДУ, і яна працягвае гэтую дзейнасць у якасці старшага выкладчыка кафедры малюнка, акварэлі і скульптуры архітэктурнага факультэта БНТУ. (Яе студэнты таксама завіталі на адкрыццё выставы.)

Адпаведную атмасферу на выставе экслібрысаў В.Крупянковай і Т.Сіплевіч стварае і арт-гасцёўня “Высокае месца”, што пачала працаваць у верасні 2015 года ў гістарычным цэнтры беларускай сталіцы, на тэрыторыі Верхняга горада, у будынку — помніку архітэктуры XIX стагоддзя. Перахо­дзячы ад аднаго твора да другога, трэба аддаць належнае і вытанчанасці кожнай рыскі, і глыбіні сусвету, што закладзены мастачкамі ў кожную работу, і адчуць подых тых часоў, калі гэтае мастацтва нараджалася і кніга была вялікай каштоўнасцю.

Мастачкі сябруюць шмат гадоў, яшчэ з часоў вучобы ў слыннай Глебаўцы, абедзве скончылі БДАМ, у адзін год сталі членамі Саюза мастакоў Беларусі. Іх духоўная і культурная еднасць робіць выставу арганічнай, падкрэсліваючы індывідуальнасць кожнай з удзельніц і агульны кантэкст часу, у якім яны працуюць. Ім утульна ў свеце антычнай літаратуры і біблейскіх вобразаў, яны тонка адчуваюць адценні святла і памкненні душ тых, для каго ствараюць экслібрысы. А трэба адзначыць, што гэта асобы патрабавальныя — мастакі, музыканты, бібліяфілы. Нават алігархі і навучальныя ўстановы ёсць сярод тых, хто заказвае свой асабісты знак для ўласнага кнігазбору
Глыбокі сімвалізм і высокі мастацкі ўзровень твораў Вольгі Крупянковай і Таццяны Сіплевіч адзначылі іх калегі па творчай суполцы. Адкрываючы выставу, намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі Андрэй Басалыга падкрэсліў, што мастачкі шчыруюць на ніве адраджэння беларускага экслібрысу — неад’емнай часткі высокага кніжнага мастацтва.

Некаторыя з работ Вольгі Крупянковай наведвальнікам выставы ўжо знаёмы: іх можна сустрэць у сучасных беларускіх кнігах, дзе яны ўдала спалучаюцца з вершамі Лізаветы Палеес, Вольгі Норынай, прозай Алены Шахно. Сугучнасць думак, тонкае бачанне рухаў жаночага сэрца, супа­дзенне ў прасторы Мінска — вось сакрэт запатрабаванасці графікі.

Асобна трэба адзначыць, што Вольга паспяхова выступае і ў ролі куратара выстаў графікаў. Вольга і Таццяна ўдзельнічаюць і ў шматлікіх міжнародных праектах, пацвярджаючы высокі ўзровень беларускага мастацтва Графіка Таццяны Сіплевіч пакарае насычанасцю колерамі, глыбокім асэнсаваннем тэмы, пяшчотай і святлом жаночай душы. Дэкаратыўная сімволіка яе экслібрысаў — сучаснае пераасэнсаванне язычніцкай сімволікі матываў беларускага мастацтва. Кожная работа мастачкі напоўнена цяплом і ўнутраным святлом. Актыўна выкарыстоўваючы колер у літаграфіях, Таццяна стварае багатыя па каларыце творы, насычаныя дэкаратыўнымі элементамі, складаныя па кампазіцыі.

Творы Вольгі прывабліваюць вытанчанасцю ліній, лірызмам, глыбінёй. І такое спалучэнне ў адной выставачнай прасторы мастачак найвышэйшага ўзроўню не можа не выклікаць захаплення: у недасягальных нябёсах яны ўтульна пачуваюцца побач, не канкурыруючы за месца пад сонцам.

На адкрыццё выставы прыйшлі родныя, сябры, знаёмыя, калегі і вучні. Віноўніцы свята адкрылі сакрэт поспеху па ўсіх напрамках — гэта няспынная праца, нярэдка замест адпачынку. І пажадалі сваім вучням галоўнага: каб тыя адчулі такую ж асалоду ад працэсу творчасці, якая акупляе ўсе ахвяры.

Вольга ПАЛЮЧЭНКА.
Фота аўтара.