Дом, дзе ўтульна кожнаму. Пад такім дэвізам працуюць педагогі сярэдняй школы № 2 Беразіна, ствараючы для навучэнцаў спрыяльную атмасферу для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У свеце прафесій
Ва ўстанове адукацыі ўжо многа гадоў падтрымліваюць традыцыі, якія заснаваны на любові да дзяцей і пераемнасці педагагічнага вопыту. Так, з 57 настаўнікаў, якія сёння працуюць у школе, 22 — яе былыя выпускнікі.
— Усе яны прытрымліваюцца лепшых педагагічных падыходаў, закладзеных плеядай настаўнікаў, якія працавалі ў школе ў 1960—1980 гадах мінулага стагоддзя, — знаёміць з установай адукацыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Шаркулаўна Керына. — За апошнія пяць гадоў да нас прыйшлі шэсць маладых спецыялістаў.
Вопыт маладым спецыялістам перадаюць старэйшыя калегі-настаўнікі. З іх падтрымкай пачынаючыя педагогі становяцца прафесіяналамі і ведаюць, як зацікавіць школьнікаў сваім прадметам. Так, у мінулым навучальным годзе былая выпускніца школы, навучэнка педагагічнай групы, а сёння настаўніца геаграфіі і біялогіі Настасся Пятроўна Смелякова перамагла ў раённым конкурсе “Педагагічны дэбют”.
— У 2019 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 Беразіна я паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка, — расказвае пра сябе малады педагог. — Летась пасля заканчэння УВА вярнулася ў школу ў якасці настаўніцы геаграфіі і біялогіі. Нягледзячы на тое, што сама з’яўляюся педагогам, працягваю вучыцца ў тых настаўнікаў, якія калісьці вучылі мяне.
Калектыў сярэдняй школы № 2 Беразіна ўпэўнены, што паспяховасць установы адукацыі вырашаюць менавіта кадры, таму карпатлівая прафарыентацыйная работа — гэта важны аспект дзейнасці педагогаў.
— Прафарыентацыйная работа ў нашай установе адукацыі пабудавана так, што на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі дзеці атрымліваюць уяўленне аб свеце прафесій праз удзел у розных відах дзейнасці, — дапаўняе дырэктар сярэдняй школы № 2 Беразіна Святлана Абрамовіч. — У навучэнцаў 5—7 класаў педагогі развіваюць здольнасці, звязаныя з выбарам прафесіі. У 8—9 класах ідзе дапрофільная падрыхтоўка і адбываецца фарміраванне прафесійнай матывацыі, вядзецца профільнае навучанне па матэматыцы і рускай мове.
На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана прафесійная падрыхтоўка, праводзяцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. У школе з бягучага навучальнага года можна атрымаць дзве прафесіі — сталяра і швачкі. Каб распачаць навучанне дзяўчат па згаданым кірунку, ва ўстанове закупілі неабходнае абсталяванне — швейныя машынкі, авярлокі і інш.
Факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” праводзяцца ў школе з 2018 года, а навукова-метадычную дапамогу па іх арганізацыі пастаянна аказвае БДПУ. Так, за апошнія 5 гадоў 25 выпускнікоў установы сталі студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей, прычым сем з іх паступілі па мэтавым накіраванні. Аграрная група, якая дзейнічае ў школе, супрацоўнічае з такімі прадпрыемствамі раёна, як ААТ “Першамайскі”, СУП “АграМАЗ”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і інш.
— У нас заключаны дагаворы з БДПУ імя Максіма Танка, МДУ імя А.А.Куляшова, БДТУ, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй, — дадае Святлана Віктараўна. — Падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве і з Барысаўскім дзяржаўным каледжам, дзе нашы выпускнікі таксама атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці.
Разважаючы над тым, чаму карысна праводзіць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, дырэктар сярэдняй школы № 2 Беразіна сказала, што з дапамогай адпаведных проб вучні пачынаюць разумець, ці змогуць быць настаўнікамі.
— Выбраць прафесію — гэта вельмі цяжкая задача, — упэўнена Святлана Віктараўна. — Каб стаць настаўнікам, трэба многае ўмець. Здараецца, што, заканчваючы навучанне ў педгрупе, дзеці выбіраюць іншую прафесію. Але тыя, хто адчувае, што настаўніцтва — гэта яго, паступаюць у профільныя УВА.
На школьнай планеце
Разам з педагагічным і аграрным кірункамі ў сярэдняй школе № 2 Беразіна развіваюць яшчэ адзін (яго таксама лічаць прафарыентацыйным) — выпускаюць газету “Школьная планета”.
— Выпускаючы школьную газету, мы цесна супрацоўнічаем з журналістамі нашай раёнкі “Бярэзінская панарама”, — працягвае знаёміць з жыццём установы адукацыі яе кіраўнік. — Газета нам патрэбна, бо адлюстроўвае ўсё, што адбываецца ва ўстанове адукацыі. Акрамя гэтага, выпуск школьнага перыядычнага выдання дапамагае вучням азнаёміцца з яшчэ адной прафесіяй — журналіста.
На старонках школьнай газеты расказваецца і пра іншыя прафесіі, якія можна атрымаць у шматлікіх установах адукацыі краіны. Па словах Святланы Абрамовіч, работа вучняў над напаўненнем школьнага перыядычнага выдання развівае ў іх інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, вучыць камунікацыі, прыгожаму маўленню і самапрэзентацыі. Але і гэта яшчэ далёка не ўсё. Разам са сваім асноўным абавязкам — зборам інфармацыі і яе падачай — юныя журналісты 2-й школы Беразіна пішуць даследчыя работы, вывучаюць гісторыю роднага краю.
Паўтара года назад у межах прафарыентацыйнай работы ва ўстанове адукацыі з’явіўся ваенна-патрыятычны клуб “Фенікс”. Яго кіраўнік — настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ілья Савіч. Цікава, што пасля службы ў арміі маладому чалавеку прапаноўвалі застацца ў сілавых структурах, але ён адмовіўся і вярнуўся працаваць у школу.
— Ваенна-патрыятычны клуб “Фенікс” быў адкрыты 23 лютага 2023 года ва ўзаемадзеянні з 2288-м асобным радыётэхнічным батальёнам і 49-й радыётэхнічнай брыгадай, — расказвае пра аб’яднанне Ілья Пятровіч. — Клуб быў створаны з мэтай фарміравання ў падлеткаў грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. За час работы клуба два выпускнікі сталі студэнтамі УВА сілавога блока. Мы працягваем актыўна супрацоўнічаць з адпаведнымі ўніверсітэтамі, развіваем клуб, бо лічым, што гэта таксама важная частка прафарыентацыі.
Урок спорту
Любушанская сярэдняя школа Бярэзінскага раёна стала першым працоўным месцам для настаўніцы фізічнай культуры і спорту Дзіяны Паддубскай.
У той час, калі журналісты наведвалі ўстанову адукацыі з прэс-турам, Дзіяна Юр’еўна вяла ўрок. Малады педагог не стаяла ўбаку, а разам з дзецьмі гуляла ў валейбол.
— Сёлета я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і была размеркавана ў Любушаны, — расказвае пра сябе дзяўчына. — Мне вельмі падабалася вучыцца, а сёння я з задавальненнем выкладаю дзецям. Фізкультура — гэта таксама сур’ёзны ўрок. Лічу, што школьнікі павінны яго ўспрымаць гэтак жа, як і іншыя прадметы.
На сваіх занятках педагог стараецца зацікавіць кожнае дзіця, нават таго, хто не вельмі сябруе са спортам.
— Фізкультура і спорт — гэта цікава і карысна, — гаворыць маладая настаўніца. — Мне хочацца, каб дзеці любілі іх гэтак жа, як люблю я.
За тры месяцы, пакуль працуе ў школе, малады спецыяліст зарэкамендавала сябе як адказны, зацікаўлены педагог. І дырэктар Любушанскай сярэдняй школы Алена Яўгеньеўна Абазовік гэта пацвярджае.
— На ўроках у Дзіяны Юр’еўны працуе ўвесь клас, — адзначае дырэктар установы адукацыі. — Мы рады, што наш калектыў папоўніўся яшчэ адным маладым спецыялістам.
Што тычыцца адаптацыі на першым працоўным месцы, то ў гэтым Дзіяне Паддубскай дапамагаюць старэйшыя калегі.
— Наша школа не вельмі вялікая. Мы цэнім кожнага свайго педагога, — дадае Алена Яўгеньеўна. — Каб маладым спецыялістам было ў нас камфортна, падтрымліваем іх, аказваем метадычную дапамогу, бо ведаем, што ў многім ад нас залежыць, як яны будуць успрымаць настаўніцтва.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА