Захопленыя прыгажосцю і модай

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Юныя дызайнеры і мадэльеры Магілёўшчыны атрымалі шанс шырока заявіць пра сябе. Такую магчымасць дзецям, захопленым прыгажосцю і модай, прадаставіў абласны конкурс “Залатое вераценца”.

Як паведаміла метадыст абласнога цэнтра творчасці Аліна Клачкова, конкурс праводзіцца з мэтай падтрымкі дзіцячай ініцыятывы па развіцці маладзёжнай моды, а таксама для прапаганды нацыянальных традыцый і культуры ў маладзёжным асяроддзі.

— У сёлетніх модных спаборніцтвах прынялі ўдзел творчыя калектывы, аб’яднанні па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога профілю з 21 установы дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі Дрыбінскага, Глускага, Крычаўскага, Клічаўскага, Кіраўскага, Круглянскага, Мсціслаўскага, Шклоўскага, Чэрыкаўскага, Асіповіцкага, Хоцімскага раёнаў, Магілёва і Бабруйска. Праводзіўся конкурс у два этапы. Спачатку быў эскізны адбор, на якім аўтары прадстаўлялі распрацаваныя эскізы мадэляў. А потым лепшыя пачынаючыя дызайнеры публічна паказвалі свае калекцыі, — расказала Аліна Міхайлаўна.

Фіналісты дэманстравалі свае калекцыі ў некалькіх намінацыях. У групе “Этнастыль” канкурсанты прадставілі адзенне, у якім прысутнічалі элементы беларускага нацыянальнага касцюма і адначасова прасочваліся сучасныя модныя тэндэнцыі. Удзельнікі, якія выступалі ў намінацыі “Гарадскія матывы”, паказалі сваё бачанне адзення моднага гараджаніна. Самыя нечаканыя мадэлі распрацавалі дызайнеры групы “Авангардныя ідэі”. Мадэльеры здзіўлялі сваімі эксперыментамі ў стылі, колеры, кроі адзення, выкарыстанні незвычайных матэрыялаў для пашыву.

Кожная калекцыя заслугоўвала ўвагі. Але пераможцамі па выніках конкурсу ва ўсіх трох намінацыях сталі прадстаўнікі ўзорнай студыі юнага мадэльера “Жамчужына” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска. Пераможцы, а таксама шматлікія прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі абласнога цэнтра творчасці.

НА ЗДЫМКУ: адна з пераможных калекцый узорнай студыі юнага мадэльера “Жамчужына” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным цэнтрам творчасці.