Захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць

Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын наведала Міністэрства адукацыі нашай краіны.

— Мы адкрыты для дыялогу і гатовы абмяркоўваць любыя пытанні, якія нам будуць цікавыя і вырашэнне якіх будзе карысным абодвум бакам, — заявіў на сустрэчы міністр адукацыі І.В.Карпенка.

Андрэа Віктарын паведаміла, што яна па прафесіі настаўніца, таму адукацыйная галіна найбольш значная ў яе жыцці. Яна на працягу сваёй дыпламатычнай дзейнасці была і будзе зацікаўлена ў развіцці сувязей з Беларуссю, асабліва ў адукацыі.

— Я ўжо не першы раз наведваю Міністэрства адукацыі Беларусі, — адзначыла Андрэа Віктарын. — Апошнім разам тут было падпісана пагадненне аб фінансаванні сумеснай праграмы развіцця прафесійнай адукацыі і непасрэдна ўмацавання ўзаемадзеяння ў гэтым напрамку з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі.

— У Беларусі ўсталяваліся вельмі добрыя традыцыі і існуе высокая рэпутацыя ў сферы прафесійнай адукацыі, — падкрэсліла кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. — Вам удалося не толькі захаваць найлепшыя здабыткі прафесійнай школы мінулых гадоў, а выйсці на новы ўзровень развіцця, што паспрыяе развіццю эканомікі краіны.

Андрэа Віктарын пацвердзіла значнасць прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для нацыянальных эканомік усіх краін, яе адпаведнасць запатрабаванням заказчыкаў кадраў. Гэты баланс попыту і прапановы дазваляе забяспечыць эканамічны комплекс кваліфікаванымі кадрамі, а гэта значыць прадаставіць маладым людзям працоўныя месцы і абараніць іх сацыяльна. Вельмі важна, што ў Беларусі вядзецца апераджальная і практыка-арыентаваная падрыхтоўка кадраў, што адпавядае міжнародным тэндэнцыям.

Андрэа Віктарын выказала падзяку кіраўніку нашага міністэрства, непасрэдна Рэспубліканскаму інстытуту прафесійнай адукацыі за аператыўныя крокі па рэалізацыі сумеснай з Еўрапейскім саюзам праграмы па развіцці прафесійнай адукацыі і яе мадэрнізацыі. Яна заўважыла, што еўрапейскія краіны гатовы супрацоўнічаць з РІПА ў напрамку бесперапыннасці адукацыі, іх прадстаўнікі могуць выступіць у ролі экспертаў і падзяліцца сваім вопытам у гэтым. Нашай краіне прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у еўрапейскім праекце “Мост”, наведваць краіны Еўропы і наладжваць кантакты ў сферы адукацыі.

Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі выказала спадзяванне, што ў далейшым будзе працягнута работа з міністэрствамі эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, каб знаходзіць адзіныя падыходы ў рэалізацыі палітыкі кадравага забеспячэння нацыянальных эканомік.

— Цяпер мы праводзім тэндар, каб набыць абсталяванне для мультысектаральнага галіновага цэнтра па падрыхтоўцы рэсурсаў для экалогіі, энергетыкі і захавання энергіі, — паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва. — Я спадзяюся, што гэта стане яшчэ адным агульным праектам у нашым супрацоўніцтве.

Андрэа Віктарын расказала, што яна прымае ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў сістэме адукацыі нашай краіны ў рамках еўрапейскай адукацыйнай прасторы, непасрэдна ў навучальных установах, і адзначыла іх вялікую карысць.

— Мы таксама вітаем супрацоўніцтва нашых устаноў адукацыі, асабліва ўніверсітэтаў, якія наладжваюць сувязі з еўрапейскімі ўніверсітэтамі, рэалізоўваюць сумесныя праекты, вядуць абмен студэнтаў і выкладчыкаў, — падкрэсліў Ігар Васільевіч Карпенка. — Гэта толькі ўмацоўвае нашы адносіны, дае падставу для новых ідэй, ініцыятыў, скіраваных на развіццё нашых краін.

Міністр адукацыі адзначыў, што з мэтай удасканалення адукацыйнай галіны ў Беларусі вядзецца распрацоўка новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, ствараецца Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей і спецыялізацый. Гэтыя два асноўныя дакументы яшчэ больш паспрыяюць прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, якая б адпавядала патрэбнасцям нашай эканомікі, дазволяць выключыць дубліраванне на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. У сваю чаргу Андрэа Віктарын расказала, што мела магчымасць азнаёміцца з такім грунтоўным законапраектам, якім з’яўляецца Кодэкс аб адукацыі, на сайце Міністэрства адукацыі і ўхваліла ідэю міністэрства аб адкрытасці абмеркавання гэтага дакумента для ўсяго грамадства Беларусі, каб пачуць голас яе грамадзян.

— Безумоўна, нам цікавы вопыт Еўрапейскага саюза, еўрапейскай адукацыйнай прасторы, вядучых еўрапейскіх універсітэтаў, які мы гатовы выкарыстоўваць на карысць нашай краіны, — заявіў Ігар Васільевіч. — І гэта зразумела. Адукацыйная галіна любой краіны не можа існаваць у замкнёным асяроддзі. І гэта не столькі канкрэтныя адрасы супрацоўніцтва, колькі дакладна выбудаваны абмен інфармацыяй, як з пункту погляду арганізацыі адукацыйнага працэсу і навучання прафесійных кадраў, так і падрыхтоўкі маладых людзей да выхаду ў самастойнае жыццё. Ігар Васільевіч пацвердзіў значнасць выкарыстання здабыткаў краін Еўрапейскага саюза і выказаў упэўненасць, што такое прадукцыйнае ўзаемадзеянне з еўрапейскімі краінамі ў сферы адукацыі будзе працягвацца і далей. Але пры гэтым, заявіў міністр, вельмі важна заставацца часткай глабальных працэсаў і адначасова захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.