Закладзены моцны фундамент дружбы паміж народамі

- 14:06Інфармацыйная гадзіна

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам атрымала добры пачатак, і краіны маюць вялікі патэнцыял для іх развіцця. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі.

“У час майго візіту ў 2017 годзе мы намецілі план нашых дзеянняў. Трэба сказаць, што мы нямала зрабілі ў плане рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў і падвоілі наш тавараабарот. У нас ён быў каля $50 млн, цяпер — звыш $100 млн. Гэта добры пачатак, але не рубеж”, — сказаў Аляксандр Лукашэнк­а.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі чакалі афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта і рыхтаваліся да яго, паколькі ён мае гістарычнае значэнне для двухбаковых адносін. “Сказаць, што мы рады вашаму візіту, — нічога не сказаць, — заявіў ён. — Гэта першы візіт прэзідэнта гіганцкай афрыканскай краіны ў Беларусь”.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што наладзіць маштабныя ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі ў сучасную эпоху вельмі складана: заняты рынкі, існуе пэўная інерцыя, у краін склаліся стабільныя партнёры. “Усё было няпроста. Тым не менш, нягледзячы на гэтыя складанасці, нам іх удалося пераадолець. І мінулыя некалькі гадоў характарызуюцца тым, што мы намацалі тую дарогу, па якой можам рухацца, — сказаў прэзідэнт. — Я хачу вас запэўніць: усё, пра што мы дамовіліся, усё, што паабяцаў беларускі бок, мае калегі, мы, безумоўна, рэалізуем у намечаныя тэрміны”.

За апошнія два гады беларуска-егіпецкі тавараабарот вырас амаль у два разы — з $57,8 млн у 2016 годзе да $108,7 млн у 2018 годзе. Экспарт беларускіх тавараў таксама амаль падвоіўся (з $43,3 млн да $83 млн). Асноўныя паказчыкі за студзень — красавік 2019 года дэманструюць рост да аналагічнага перыяду мінулага года. Тавараабарот склаў $50,32 млн (плюс 45%), экспарт — $35,26 млн (плюс амаль 72%).

Аснову беларускага экспарту складаюць пастаўкі металапрадукцыі, трактароў, грузавой аўтатэхнікі, калійных угнаенняў, шын, прадукцыі дрэваапрацоўкі. Беларусь імпартуе цытрусавыя, агародніну і фрукты, лекавыя сродкі, адзенне, тэкстыль.

Цяпер краіны прапрацоўваюць і рэалізуюць больш за 15 сумесных праектаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, падрыхтоўкі кадраў. Прыярытэтным напрамкам з’яўляецца аказанне садзейнічання Егіпту ў паглыбленні індустрыялізацыі краіны, абнаўленні прамысловых тэхналогій і стварэнні рабочых месцаў. У лютым 2018 года запушчаны сумесны праект па вытворчасці аўтатэхнікі МАЗ. Шматпрофільнае прадпрыемства ў Александрыі выпускае трактары “Беларус”, збожжаўборачныя камбайны “Гомсельмаш” і іншую сельгастэхніку для патрэб сельскай гаспадаркі Егіпта. Тут створана 40 рабочых месцаў і за мінулы год выраблена 302 трактары. Сумесна з Міністэрствам абароны і ваеннай прамысловасці Егіпта створаны зборачныя лініі пагрузчыкаў “Амкадор” і сельскагаспадарчага абсталявання “Бабруйск­аграмаш”.

Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі ў сваю чаргу адзначыў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, што ў Егіпце ёсць моцная палітычная воля, нацэленая на пашырэнне і ўмацаванне супрацоўніцтва з Беларуссю.

Егіпецкі лідар запэўніў, што дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Егіпет у 2017 годзе, выконваюцца. “Мы будзем прадаўжаць іх рэалізоўваць, у нас ёсць моцная палітычная воля, нацэленая на пашырэнне і ўмацаванне супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі”, — падкрэсліў ён.

Абдэль Фатах ас-Сісі згадзіўся са сцвярджэннем Аляксандра Лукашэнкі, што ўзровень супрацоўніцтва, які склаўся цяпер, не адпавядае двухбаковаму патэнцыялу. “Дасягнутае ў нашых адносінах не з’яўляецца рубяжом, не адпавядае нашым чаканням і памкненням. Разлічваем, што сённяшні візіт дасць штуршок ва ўмацаванні і развіцці адносін па ўсіх пытаннях, якія будзем з вамі абмяркоўваць”, — сказаў Прэзідэнт Егіпта. Паводле яго слоў, гэтаму будзе таксама садзейнічаць падпісанне пагаднення аб стварэнні дзелавога савета і дарожнай карты супрацоўніцтва на 2019—2020 гады.

Карыстаючыся выпадкам, кіраўнік егіпецкай дзяржавы павіншаваў краіну ў сувязі з хуткім адкрыццём II Еўрапейскіх гульняў і пажадаў іх паспяховага правядзення.

Пасля завяршэння перагавораў кіраўнікоў дзяржаў і падпісання пакета міжнародных дакументаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў Прэзідэнту Егіпта Абдэль Фатаху ас-Сісі ордэн Дружбы народаў.

“Беларускія людзі вельмі талерантныя, спакойныя, працавітыя. Яны з вялікай павагай ставяцца да егіпецкага народа. Наша дружба калі і не адносіцца да тых глыбокіх часоў, калі цывілізацыя пачыналася з Егіпта, тым не менш, яна мае добрыя карані, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У Савецкага Саюза і Егіпта былі заўсёды добрыя адносіны, і мы з вамі наследнікі гэтых добрых традыцый”.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму давялося працаваць з рознымі лідарамі Егіпта, але сапраўды добрыя, дружалюбныя і цёплыя адносіны паміж краінамі склаліся менавіта ў перыяд прэзідэнцтва Абдэль Фатаха ас-Сісі. “Я хачу вам падзякаваць за тую шчырасць і абавязко­васць у нашых адносінах. Мы з вамі заклалі моцны фундамент дружбы паміж нашымі народамі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Егіпта падзякаваў за ўзнагароду і цёплы прыём усёй дэлегацыі. Ён запэўніў, што егіпецкі бок прыкладзе ўсе намаганні для рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей і намечаных праектаў. “Гэта мой першы візіт у вашу цудоўную рэспубліку, але запэўніваю, што не апошні”, — заявіў ён.

Ордэн Дружбы народаў Абдэль Фатаху ас-Сісі ўручаны за значны асабісты ўклад у развіццё двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Егіптам, заслугі ў справе ўмацавання міру, кансалідацыі грамадства і яднання народаў.