Ужо не першы год на Ганцавіччыне рэалізоўваюцца мерапрыемствы ў рамках прафілактычнай акцыі “Карысныя канікулы”. Галоўная мэта гэтых мерапрыемстваў — стварэнне належных умоў для змястоўнага вольнага часу і самарэалізацыі вучняў.
Адным з цікавых мерапрыемстваў, праведзеных на асенніх канікулах, стала спартландыя “Мы за спорт!”, у якой удзельнічалі цяжкія падлеткі і супрацоўнікі РАУС. Нягледзячы на тое, што каманды складаліся з хлопцаў рознага ўзросту і нават з розных устаноў адукацыі, спартыўны азарт аб’яднаў іх і дапамог праявіць лепшыя чалавечыя якасці — падтрымку і ўзаемавыручку.
Праявіўшы спрыт і спартыўную загартоўку, перамогу ў спартландыі святкавала каманда “Страла”. Але не гэта стала галоўным. Важна, што дзеці знайшлі ўдалую альтэрнатыву правапарушэнням і шкодным звычкам — спорт.
Асеннія канікулы надоўга застануцца ў памяці школьнікаў Ганцавіччыны дзякуючы яркім уражанням і станоўчым эмоцыям, атрыманым падчас мерапрыемстваў прафілактычнай акцыі.
Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама.