Запальныя выхадныя на выдатна

- 10:48Спартыўныя падзеі

Фестываль здаровага ладу жыцця арганізавалі ў Полацку

Больш за 300 кіруючых работнікаў аб’яднала раённая спартакіяда кіруючых работнікаў. Сёлета гэтае традыцыйнае для Полаччыны мерапрыемства прайшло ў незвычайным фармаце: удзельнікі дружна змянілі дзелавыя касцюмы на спартыўныя і адправіліся… на ўрокі фізкультуры і здаровага ладу жыцця.

Каманды выступалі на розных спартыўных пляцоўках горада па спецыяльных праграмах. Высокую планку задала група № 1 — кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ў спартыўнай падрыхтоўцы паказалі дастойны асабісты прыклад калектывам. Пад лозунгам “Ад слоў — да справы” тэсціравалі паласу перашкод і канатны гарадок на тэрыторыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі дэпутаты. Свая праграма была ў самых вопытных і дасведчаных: прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый з энтузіязмам спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, шашках, настольным тэнісе, асвойвалі элементы ёгі і дыхальнай гімнастыкі. Каманды ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі і ўстаноў культуры выйшлі на марафон “Пакаленне моцных!”.

Па ініцыятыве медыцынскіх работнікаў і Чырвонага Крыжа на стадыёне Полацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы разгарнуў работу мабільны клуб здаровага ладу жыцця “ЗЛЖ-дэсант”. Медыкі акцэнтавалі ўвагу, што менавіта ахова здароўя і прафілактыка захворванняў з’яўляюцца ключавым момантам у іх рабоце. На тэматычных пляцоўках “Ведай свае параметры”, “Здаровае харчаванне” і “Фітабар” усе жадаючыя маглі прайсці экспрэс-дыягностыку, пачаставацца смачнымі і карыснымі напоямі на аснове лекавых раслін, атрымаць прафесійныя рэкамендацыі і кансультацыю псіхолага. Клуб прэзентаваў паказальныя ўрокі фізкультуры, майстар-класы па рэлаксацыі, скандынаўскай хадзьбе. Зразумела, ад спартыўных спаборніцтваў урачы таксама не засталіся ўбаку. Побач іх калегі-кіраўнікі практыкаваліся ў зумба-фітнесе і вясёлых гульнях, фатаграфаваліся на памяць з абаяльным аэрамядзведзем Умкам, з імпэтам праходзілі тэсты і этапы міні-мнагабор’я — кожная праграма мела сваю іскрынку, якая вылучала яе сярод іншых. Але найбольш актыўную і вялікую спартыўную каманду прадставілі ўстановы агульнай сярэдняй, дадатковай і дашкольнай адукацыі. Яны ж падрыхтавалі і адну з самых дынамічных і цікавых праграм. Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Драздова, з мэтай фарміравання ў кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна асабістай адказнасці за ўласнае здароўе і патрэбы ў здаровым ладзе жыцця распрацаваны і рэалізуецца праект “Здаровым быць здорава”, разлічаны на 2016—2020 гады. У рамках гэтага праекта запланавана і праводзіцца мноства мерапрыемстваў, у тым ліку і суботнія “Запальныя выхадныя “Быць здаровым модна”.

— Мы імкнёмся, каб кожны педагог удзяляў увагу свайму здароўю і фізічнай форме, таму што толькі асабістым прыкладам можна захапіць і павесці за сабой дзяцей, — расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Пашкевіч. — У прыватнасці, нашым пагадненнем з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі прадугледжана заахвочванне членаў прафсаюза, якія вядуць актыўны і здаровы лад жыцця.

Па прапанове арганізатараў мерапрыемства педагогі падзяліліся на дзве каманды: “Пазітыў” і “Сакавітыя апельсіны”. Танцавальная размінка з элементамі фітнесу, ёгі і аэробікі падарыла ўсім моцны зарад бадзёрасці і пазітыву. Буру эмоцый выклікаў конкурс фотаздымкаў “Я і спорт”. Каманднае выпрабаванне — трэба было здаць гульнявыя нарматывы — кіраўнікі таксама прайшлі на выдатна. А ў завяршэнне праграмы іх чакаў сюрпрыз: да агульнага танцавальнага флэш-мобу далучыліся навучэнцы! Яны ж раздалі ўсім удзельнікам “запальных выхадных” карткі з адрасамі і тэлефонамі фітнес-цэнтраў, спартыўных клубаў і аб’яднанняў горада, дзе можна сустрэцца з аднадумцамі па спартыўных захапленнях і працягнуць заняткі фізічнай культурай.

— Эфектыўнасць любой дзейнасці залежыць у першую чаргу ад здароўя чалавека, — падкрэсліла метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Уласевіч. — Фарміраванне і развіццё культуры здароўя ў кіраўнікоў устаноў адукацыі з’яўляецца вельмі важнай задачай, таму што забяспечвае паспяховасць педагагічнага ўзаемадзеяння і ўплывае на эмацыянальны і псіхалагічны дабрабыт педагогаў і навучэнцаў. Менавіта кіраўнікі павінны быць ініцыятарамі, каардынатарамі і непасрэднымі ўдзельнікамі рэалізацыі мерапрыемстваў у напрамку прапаганды здаровага ладу жыцця і здароўезберажэння.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.