Запаветнае жаданне

- 13:09Культура

Для аўтара-пачаткоўца Юліі Макарэвіч пісьменніцтва — захапленне, прычым ужо даволі сталае і моцнае. Магчыма, гэта нават яе прызванне, але ці стане яно справай жыцця — пакажа толькі час.

З маладым аўтарам і па сумяшчальніцтве настаўніцай англійскай мовы сталічнай сярэдняй школы № 43 Юліяй Макарэвіч мы пазнаёміліся на ўзнагароджанні пераможцаў пятага конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост дружбы”. У час размовы высветлілася, што гэтае літаратурнае спаборніцтва — першае ў яе жыцці. І хоць яна складае невялічкія творы з 7 гадоў, аднак толькі ў 22 адважылася заявіць пра сябе, даслаўшы сваё апавяданне на суд журы.

“Памятаю, як у дзяцінстве бабуля пастаянна прыдумвала для мяне казкі. І аднойчы мне таксама захацелася што-небудзь скласці. Атрымаўся вершык, праўда, з ім мне крыху дапамог дзядуля. Да таго ж матуля ўвесь час чытала розныя кнігі, і мне вельмі хацелася напісаць твор для яе. Заахвочвала мяне і мая першая настаўніца з сярэдняй школы № 43 Мінска Алена Генадзьеўна Амельчанка. Паступова пісьменніцтва стала маёй самай галоўнай цікавасцю”, — узгадала аўтар.

Дзяўчына прызналася, што вучылася яна і ў класікаў, якіх таксама лічыць сваімі настаўнікамі ў літаратурным плане: “З дзяцінства я шмат чытала і заўсёды ў кнігах падкрэслівала тое, што мне асабліва падабалася, а пасля спрабавала скарыстаць гэта ў сваіх творах. Сёння мой арыенцір у пісьменніцтве — Міхаіл Булгакаў. Лічу, у яго цудоўны стыль. Праўда, менавіта стылем я захапляюся больш, чым сюжэтам. Што тычыцца любімага твора, то гэта цыкл апавяданняў “Запіскі юнага доктара” — мне асабліва падабаюцца кароткія формы з лаканічным сюжэтам. Вось і ў гэтым структураваным зборніку быццам бы адзіны сюжэт, але кожная гісторыя — асобная”.

Юлія нават месца навучання выбірала, узважваючы ўсе дадатковыя магчымасці для развіцця літаратурнага таленту. Спачатку паступіла ў Лінгвагуманітарны каледж Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а затым працягнула вучобу ў самім універсітэце. Зараз яна студэнтка 5 курса факультэта англійскай мовы, марыць стаць не толькі пісьменніцай, а і навуковым супрацоўнікам універсітэта. Яна нават кнігу піша пра ўніверсітэцкае жыццё: “Пакуль вывучаю яго як студэнтка, а далей, спадзяюся, будзе магчымасць паглядзець на яго з іншага боку. Зараз пішу мастацкі твор пра дзейнасць універсітэта, як людзі займаюцца навуковымі даследаваннямі, як выкладаюць прадметы, пра зносіны людзей”.

Пакуль жа гэты твор у стадыі стварэння, другі, так бы мовіць, вылёжваецца. “Пасля Новага года зноў вярнуся да яго, перачытаю, нешта дапішу, унясу пэўныя праўкі і адрэдагую. Але яшчэ не ведаю, колькі часу ў мяне гэта зойме, таму і кнігу не стану анансаваць — раптам пройдзе шмат часу да яе выдання. Адзінае, што магу сказаць: у цэнтры маёй гісторыі — складаны маральны выбар паміж сяброўствам і гонарам, — расказала Ю.Макарэвіч. — Увогуле, скразная ідэя ва ўсіх маіх творах — праблема выбару. Мне толькі 22 гады, і я, як і мае равеснікі, заклапочана пытаннем, што выбраць: тое, што хоча сям’я, ці тое, што хачу я, як будаваць сваё жыццё, па якой сцяжынцы пайсці і г.д. Аднак, думаю, што мая кніга будзе цікавая не толькі моладзі, а і людзям рознага ўзросту, бо з такім выбарам чалавек сутыкаецца на працягу ўсяго жыцця”.

“Пісьменніцкая і педагагічная дзейнасць падобныя. Калі сядзіш і генерыруеш ідэі для апавяданняў, то нешта аналагічнае адбываецца,калі рыхтуеш урок і адбіраеш найбольш цікавае, што захапіла б вучняў гэтак жа, як і чытачоў”.

На конкурс “Мост дружбы” пісьменніца адправіла апавяданне “Запаветнае жаданне”, у цэнтры якога — гісторыя пра дзяўчыну Весту, якая ў купальскую ноч вырашыла пагадаць, і Лорыса, які падхапіў яе вянок. “Пра іх у мяне ёсць некалькі гісторый, якія ў будучыні, магчыма, складуць адзіны зборнік. У асноўным я пішу фэнтэзі альбо магічны рэалізм, таму і ў гісторыях пра Весту і Лорыса шмат незвычайнага і нават магічнага”, — паведаміла Юлія.

Усе героі маладой пісьменніцы ў нечым падобныя на яе. Канечне, яны не яна, але ў кожным ёсць яе рысы. “Мне здаецца, калі ты ствараеш персанаж і нічога ад сябе ў яго не ўкладваеш, то атрымаецца нейкі шаблонны чалавек, якога не існуе ў жыцці. Трэба заўсёды ўкладваць часцінку сябе, каб ён быў жывы і сапраўдны”, — патлумачыла пісьменніца. Такія думкі падзяляюць і літаратурныя сябры Юліі: “У мяне ёсць знаёмыя маладыя аўтары, і паміж намі пастаянна адбываецца творчы ўзаемаабмен. Мае сяброўкі-пісьменніцы — беларуска Настасся Верына і расіянка Ганна Ермакова — як першыя чытачы маіх твораў, так і першыя крытыкі. Іх ацэнкай я вельмі даражу і заўсёды прыслухоўваюся да іх парад. Увогуле, лічу, што важна ўмець успрымаць крытыку, у якой бы форме яна ні выказвалася і ад каго б ні зыходзіла”.

На маё пытанне, якія водгукі маладая настаўніца атрымлівае ад сваіх вучняў, пачула адказ, што пакуль яны проста радуюцца яе перамогам: “Сёлета ў мяне малодшыя школьнікі, ім я адразу расказала пра перамогу ў конкурсе “Мост дружбы”, і яны мяне павіншавалі. Пісьменніцкая і педагагічная дзейнасць падобныя. Калі сядзіш і генерыруеш ідэі для апавяданняў, то нешта аналагічнае адбываецца, калі рыхтуеш урок і адбіраеш найбольш цікавае, што захапіла б вучняў гэтак жа, як і чытачоў”.

Аднак каб займець сваю чытацкую аўдыторыю, трэба добра папрацаваць, што выдатна разумее малады аўтар. Яна гатова прыкладаць намаганні для прасоўвання сваіх твораў: “Мне здаецца, гэта будзе цікава, хоць і няпроста. Асноўная праблема — дзе знайсці час на ўсё, трэба ж яшчэ вучыцца, самаадукоўвацца і развівацца”. Юлія Макарэвіч разумее, што да прасоўвання твораў доўгі шлях, але ў гэтай справе галоўнае — “верыць, што напісанае табой мае пэўны сэнс, што такім спосабам можна нешта данесці да грамадства і нават змяніць свет”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.