Запрашаем вас у віртуальны клас

- 14:44Навіны рэгіёнаў

— Мы з вамі працуем у класе ХХІ стагоддзя. І працаваць неабходна, адпавядаючы часу, — звярнулася Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак да калег, якія прыйшлі на семінар “Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій на ўроках літаратурнага чытання”. Менавіта гэтаму — як зацікавіць сучасных дзяцей, як зрабіць сучасныя тэхналогіі не ворагам, а сябрам педагога і эфектыўна выкарыстоўваць іх на занятках — і была прысвечана размова на сустрэчы. Таццяна Аляксандраўна разам з Аленай Аляксандраўнай Бурко падзяліліся з педагогамі сваім вопытам работы ў гэтым кірунку.

Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак, з інфармацыйнымі тэхналогіямі пасябравала даволі даўно. Разам са сваімі вучнямі педагог стварае віртуальны клас — праект, які дапамагае былым навучэнцам пачатковай школы адаптавацца ў новых умовах сярэдніх класаў, а таксама навучыцца чытаць, паглыбляючыся ў твор. Большасць герояў твораў, што чытаюць пяцікласнікі, — іх равеснікі, якія маглі б быць іх сябрамі, аднакласнікамі. Каб абудзіць цікавасць да чытання, прывіць навыкі аналізу тэксту пяцікласнікам, педагог прапаноўвае запрашаць герояў літаратурных твораў у паралельны віртуальны клас. Але не кожны можа стаць вучнем гэтага класа — дзеці павінны свой выбар абгрунтаваць. Для абгрунтавання яны рыхтуюць аргументы, у якасці якіх могуць выступаць відэа-, аўдыя-, фотаматэрыялы, малюнкі, сінквейны, афарызмы і інш. Словам, каб прыняць рашэнне аб залічэнні таго ці іншага героя ў віртуальны клас, неабходна старанна прасачыць яго шлях, зразумець яго, зрабіць высновы. А гэта немагчыма без удумлівага чытання твора, карпатлівай работы над тэкстам, аналізу.

Першапачаткова ўсе гэтыя матэрыялы размяшчаліся ў прэзентацыі, а нядаўна дзеці прапанавалі стварыць віртуальны клас у сацыяльнай сетцы. Там з дазволу бацькоў стварылі групу, дзе школьнікі працуюць над заданнямі па літаратуры. На працягу года дзеці папаўняюць групу карыснай сістэматызаванай інфармацыяй, з дапамогай якой лёгка ў любы момант вярнуцца да пройдзенага і паўтарыць тэму. Заняткі па літаратуры Таццяна Аляксандраўна звычайна праводзіць у камп’ютарным класе, каб дзеці маглі карыстацца сабраным матэрыялам на ўроку. Педагог расказвае, што дзеці вельмі хутка разумеюць, што ад іх патрабуецца, і з лёгкасцю выконваюць заданні, самастойна рэдагуюць групу, галоўнае, робяць усё гэта з ахвотай. Настаўніку ў групе ў сацыяльнай сетцы застаецца роля назіральніка і часам мадэратара.

Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак у сваім творчым пошуку ў галіне інфармацыйных тэхналогій пайшла далей і ў 6 класе прапанавала вучням на цэлы навучальны год адправіцца ў падарожжа. Педагог падрыхтавала для навучэнцаў анлайн-праект “Незвычайныя прыгоды шасцікласнікаў у дамашнім Залюстаркоўі”. Раздзяліўшыся на групы-каманды, вучні падарожнічаюць па літаратурных геаграфічных аб’ектах. Так, яны пабывалі на мацерыку “Краіна Літаратурыя”, паўвостраве “А мова… Эзопава!”, хрыбце “Лірычныя вечарніцы”, на горным перавале “30 сярэбранікаў” — наведалі 15 аб’ектаў. Кожны аб’ект прапаноўвае цікавыя інтэрактыўныя заданні: тэсты, гульні, пазлы, стварэнне калектыўных прэзентацый, віртуальныя падарожжы. Зразумела, усе заданні звязаны з літаратурнымі творамі, якія вывучаюцца па праграме на ўроках.

Таццяна Аляксандраўна прызнаецца, што для стварэння гэтага анлайн-праекта ёй спатрэбілася шмат часу. Два летнія месяцы яна працавала над ім. Але справа была гэтага вартая. Сказаць, што дзеці ад такога падарожжа ў захапленні, — нічога не сказаць.

— Важна не тое, што мы выкарыстоўваем, а тое, як мы выкарыстоўваем. Важна, ці ідзе гэта на карысць вучню. Зразумела, ужыванне любых інфармацыйных тэхналогій павінна быць апраўдана. Але неабходна прызнаць, што такая форма работы сучасным дзецям вельмі цікавая. Так, для настаўніка падрыхтаваць такія заданні — вялікая праца. Але гэта ж і ёсць наша работа, — лічыць Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак.

Цікавыя і простыя ў выкарыстанні сэрвісы прапанавала калегам і настаўніца пачатковых класаў Нарацкай сярэдняй школы Мядзельскага раёна Алена Аляксандраўна Бурко. Напрыклад, разнастайныя сэрвісы Google. Так, на Google-дыску можна не толькі захоўваць дакументы, але і сумесна іх рэдагаваць. Напрыклад, можна калектыўна ствараць прэзентацыі — кожны дома са свайго камп’ютара. Вучні Алены Аляксандраўны такім чынам стваралі агульную прэзентацыю аб цікавых кнігах, прачытаных летам, якія рэкамендавалі для прачытання сваім аднакласнікам.

Таксама сумесна можна рэдагаваць табліцы — гэтую магчымасць настаўніца прапаноўвае бацькам. Штотыдзень бацькі дома, а настаўнік у класе правяраюць тэхніку чытання і ўносяць вынікі ў агульную табліцу, дзе кожны можа ўбачыць дынаміку свайго дзіцяці. Зручна, што настаўнік можа настройваць доступ: бацькі могуць бачыць на выбар або ўсю табліцу, або толькі вынікі свайго дзіцяці і сярэднюю лічбу па класе.

Карыснымі ў рабоце настаўніка могуць быць Google-формы, з дапамогай якіх вельмі проста ствараць спіс пытанняў для тэсціравання, правядзення апытанняў. Тэст дзіця выконвае дома, а разгорнуты вынік яго прыйдзе настаўніку на пошту.

Асабліва цікавыя заданні можна ствараць для вучняў з дапамогай сэрвісу LearningApps. Тут ёсць больш за 30 разнастайных шаблонаў. Уводзячы даныя па патрэбнай тэме, можна стварыць віктарыны, пазлы, крыжаванкі, філворды, гульні, заданні з відэафрагментамі і многае іншае. Адметна, што сэрвіс мае багатую бібліятэку ўжо гатовых заданняў, якія раней былі створаны іншымі людзьмі па розных тэмах і прадметах. Іх проста знайсці і выкарыстоўваць. Аб’яднаўшы некалькі такіх гульнявых заданняў у сетку, можна атрымаць урок-квест. Сэрвіс можа быць выкарыстаны пры вывучэнні любога прадмета, цікавыя заданні знойдуцца для дзяцей любога ўзросту.

WikiWall — гэта сэрвіс, які дае магчымасць па-новаму паглядзець на стварэнне насценгазет. Яна таксама пераносіцца ў віртуальнае асяроддзе — група дзяцей размяшчае на старонцы і рэдагуе блокі з тэкстамі, карцінкамі і відэа. А з дапамогай MyStorybook педагог прапаноўвае ствараць электронныя кнігі. Напрыклад, можна падрыхтаваць зборнік дзіцячых сачыненняў, вершаў, іншых творчых заданняў, прыгожа яго аформіць і даслаць спасылку бацькам, размясціць на сайце ўстановы адукацыі, у блогу і інш.

І Алена Аляксандраўна, і Таццяна Аляксандраўна засвоілі новыя формы работы самастойна, кіруючыся ўласным жаданнем працаваць па-сучаснаму, быць цікавымі сваім вучням. Усе прыклады, што прыводзілі вядучыя семінара, — доказ таго, што тэхналогіі, формы і метады, пра якія яны расказвалі, — гэта не нейкія звышскладаныя касмічныя тэхналогіі, якія немагчыма прымяніць звычайнаму настаўніку ў любым класе. Гэта рэальна можа ажыццявіць кожны пры ўмове жадання і прыкладання пэўных намаганняў. Не трэба баяцца спрабаваць новае — гэта будзе карысна педагогу і цікава вучням.

Дар’я РЭВА.