Зарэгістраваных беспрацоўных стала менш

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падвяло вынікі па сітуацыі на рынку працы за 2020 год.

У органы па працы, занятасці i сацыяльнай абароне па садзейнічанне ў працаўладкаванні ў мінулым годзе звярнуліся 152,7 тысячы чалавек (85,6 працэнта да 2019 года), з іх 70,7 тысячы чалавек зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных (76,7 працэнта да 2019 года). Працаўладкаваны 117,6 тысячы чалавек, у тым ліку 50,6 тысячы беспрацоўных. На прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, вучэбныя курсы накіравалі 4,4 тысячы чалавек, на аплатныя грамадскія работы — 33,5 тысячы. Яшчэ 1629 грамадзян атрымалі садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Сярэднестатыстычны партрэт беспрацоўнага (афіцыйна) беларуса — мужчына 35—49 гадоў. Але таксама даволі шмат мужчын ва ўзросце 55—57 гадоў знаходзяцца ў пошуку работы. З агульнай колькасці беспрацоўных моладзь ва ўзросце 16—30 гадоў займае толькі 18,7 працэнта, жанчыны — 37,3 працэнта.

Пры гэтым на працягу года назіраліся хвалі росту і змяншэння колькасці зарэгістраваных беспрацоўных. Перыяд беспрацоўя ў сярэднім дасягае 2,9 месяца.

У выніку колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на 1 студзеня 2021 года склала 7,2 тысячы, што на 18 працэнтаў менш, чым на 1 студзеня 2020 года.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 студзеня 2021 года склаў 0,2 працэнта да колькасці рабочай сілы (як і год назад). Горшая за ўсё сітуацыя ў двух раёнах Віцебскай вобласці — Пастаўскім і Полацкім (больш за 0,5 працэнта).

Каэфіцыент напружанасці на рынку працы (колькасць беспрацоўных на адну вакансію) праз год застаўся нязменным — 0,1.