Зарплата ў залежнасці ад прафесіяналізму

- 11:57Актуально, Апошнія запісы, Рознае

На гэтых днях у Міністэрстве адукацыі прайшла відэапрэс-канферэнцыя, прысвечаная тэме павышэння сацыяльнага статусу педагога. У гутарцы прынялі ўдзел міністр адукацыі С.А.Маскевіч, начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця міністэрства І.А.Бебех, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы А.Э.Шастапалаў, рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук, намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Р.В.Дапіра, кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі абласцей і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прадстаўнікі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

— Паважаныя калегі, рады бачыць у анлайн кіраўнікоў нашай адукацыі ўсіх рэгіёнаў і яшчэ раз павіншаваць з новым навучальным годам, — пачаў гутарку Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Сёння мы ўзнімаем вельмі важную тэму па сацыяльным статусе педагога і прапаноўваем яе на ваша абмеркаванне. Неабходна падвесці некаторыя вынікі работы галіновага міністэрства, органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый, якая праводзілася апошнім часам па ўзняцці іміджу настаўніка на больш высокі ўзровень.
Міністр адзначыў, што гэтая тэма стала вельмі актуальнай. Ва ўрадзе яе таксама сфармулявалі як вельмі значную для нашага грамадства. У сувязі з гэтым неабходна звярнуць увагу на асобныя кірункі павышэння сацыяльнага статусу педагога, на тое, што на гэтым этапе ўжо зроблена і што прапанаваць далей. Асабліва трэба звярнуць увагу, што ў гэтым навучальным годзе педагагічныя калектывы істотна папоўніліся маладымі спецыялістамі і вельмі важна, наколькі камфортна яны працаўладкаваліся на месцах, ці падтрыманы яны сацыяльна.
— Важна пачуць, якія меры прымаюць для сацыяльнай падтрымкі педагогаў мясцовыя ўлады, рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй, — падкрэсліў міністр. — Нам патрэбен вопыт рэгіёнаў аб механізмах і крыніцах фінансавання, аб жыллёвай палітыцы, каб укараняць яго ў далейшай рабоце.
Было заўважана, што да ўзняцця сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў падключыліся іншыя галіновыя міністэрствы, у тым ліку Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. З дапамогай кампаній, якія працуюць на рынку паслуг сувязі, у навучальных установах арганізаваны шырокапалосны інтэрнэт, а ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сталі развіваць такія кірункі, як робататэхніка і IT. Прыемна адзначыць і той факт, што аператары сотавай сувязі Велком і МТС аб’явілі льготныя тарыфы для настаўнікаў. Аб такіх ільготах былі праінфармаваны ўсе рэгіёны краіны. Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на сайтах гэтых аператараў.

І.А.Бебех, начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі, больш дэталёва расказала ўдзельнікам сустрэчы аб прынятай Саветам Міністраў пастанове ад 23 жніўня № 818 “Аб некаторых пытаннях павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі”. Як адзначалася, пастановай Савета Міністраў з 1 верасня прадугледжана павышэнне заработнай платы педагагічным работнікам устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных устаноў, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, інстытутаў развіцця адукацыі, цэнтраў павышэння кваліфікацыі і ўстаноў, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне.
— Указанае павелічэнне заробку педагогам будзе ажыццяўляцца шляхам дыферэнцыраванага павелічэння надбавак за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі, — падкрэсліла Ірына Аляксандраўна. — Так, за другую кваліфікацыйную катэгорыю прадугледжана надбаўка 30 працэнтаў, замест дзеючых 15. За першую катэгорыю будзе дадзена 55 працэнтаў замест 20. За вышэйшую катэгорыю — 90 замест 30. За катэгорыю “настаўнік-метадыст” прадугледжана 120 працэнтаў замест дзеючых 40 працэнтаў. Такім чынам, павелічэнне надбавак педагогам за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі дазволіць павысіць сярэднюю заработную плату настаўнікаў на 106—128 працэнтаў.
Што тычыцца кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагагічных работнікаў, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, то іх заробак павышаецца на 10 працэнтаў ад тарыфнага акладу, а памочнікам выхавальнікаў вышэйпералічаных устаноў адукацыі заработная плата павысіцца на 20 працэнтаў. Акрамя таго, павышаецца на 10 працэнтаў заробак шэф-кухарам, кухарам дзіцячага харчавання і кухонным рабочым.
Ірына Аляксандраўна нагадала, што з 1 красавіка гэтага года ўжо было павышэнне заробку работнікам устаноў дашкольнай адукацыі, але і новай пастановай для педагагічных работнікаў дашкольнай адукацыі прадугледжваецца павышэнне. Так, для тых работнікаў, якія маюць другую кваліфікацыйную катэгорыю, будзе ажыццяўляцца надбаўка ў памеры 30 працэнтаў (раней 25 працэнтаў). За першую катэгорыю раней была ўстаноўлена 40-працэнтная надбаўка, а цяпер — 55, за вышэйшую катэгорыю дагэтуль было 60 працэнтаў, а сёння прадугледжваецца 90. Педагагічным работнікам, якія не маю ць кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнікам устаноў і намеснікам кіраўнікоў, а таксама памочнікам выхавальнікаў, работнікам кухні ў дашкольных установах павышэнне адбылося з 1 красавіка і новай пастановай не прадугледжваецца.

Аляксандр Эдуардавіч Шастапалаў, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Міністэрства адукацыі, адзначыў, што сёння неабходна больш увагі ўдзяляць не толькі фінансавай падтрымцы работнікаў сістэмы адукацыі, але і падтрымліваць іх маральна. Згодна з гэтым, трэба ацэньваць іх дзейнасць праз узнагароджанне ведамаснымі ўзнагародамі Міністэрства адукацыі і прадстаўлення да дзяржаўных узнагарод. Так, у першым паўгоддзі 2014 года 15 работнікаў сістэмы адукацыі ўдастоены дзяржаўных узнагарод, у тым ліку ордэна Францыска Скарыны, медаля “За працоўныя заслугі”, ганаровага звання “Заслужаны настаўнік”. За гэты ж перыяд 850 педагагічных работнікаў узнагароджаны ведамаснымі ўзнагародамі Міністэрства адукацыі, у прыватнасці, ганаровымі граматамі, граматамі, некаторым прысвоена званне “Выдатнік адукацыі”. Істотныя захады з боку галіновага міністэрства зроблены і ў вырашэнні пытанняў у сферы жыллёвай палітыкі. Так, у прыватнасці, у рамках будаўнічага комплексу “Магістр” Міністэрствам адукацыі разам з Мінгарвыканкамам размеркаваны 137 кватэр у арэнднае карыстанне для работнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу.
— Міністэрства адукацыі аб’явіла гэты навучальны год годам павышэння сацыяльнага статусу педагога, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. — Гэта вельмі знамянальна. Сістэма адукацыі — наш галоўны рэсурс, аснова канкурэнтаздольнасці і паспяховага развіцця нашай краіны, фарміравання чалавечага і інтэлектуальнага капіталу. Ад таго, які настаўнік будзе працаваць з нашымі дзецьмі, які ў яго прафесійны ўзровень, сацыяльны статус, прэстыж у грамадстве, будзе залежыць якасць ведаў нашых выпускнікоў і спецыялістаў у будучым. Таму настаўніку адведзена высокая, адказная місія за лёс нашай краіны, яе будучыні. У сувязі з гэтым вельмі адметна, што прэзідэнт краіны, урад і непасрэдна галіновае міністэрства прымаюць цэлы комплекс мер па павышэнні сацыяльнага статусу педагога. Адной з іх з’яўляецца павышэнне заробку педагагічных работнікаў, і прынцыпова важна, што якасная педагагічная праца будзе стымулявацца фінансава.
Рэктар расказаў, што сёлета ў БДПУ паступіла 100 медалістаў, а гэта пацвярджае высокі ўзровень прафарыентацыйнай работы, праведзенай у школах, а таксама выступае станоўчым вынікам новых прэферэнцый для выпускнікоў, прапісаных у Правілах прыёму, калі пераможцы абласных алімпіяд маюць права без іспытаў паступаць у педагагічныя ўніверсітэты. Аляксандр Іванавіч паведаміў, што ва ўстанове сёння вельмі актыўна вядзецца работа па павышэнні іміджу педагога. Так, у прыватнасці, аб’яўлены конкурсы відэаролікаў і сачыненняў аб настаўніку. Лепшыя з іх будуць прадстаўлены грамадскасці. Напярэдадні 100-годдзя з дня заснавання БДПУ імя Максіма Танка перад універсітэтам з’явіцца скульптурная кампазіцыя “Настаўніца першая мая”.
Р.В.Дапіра, намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, падкрэсліў, што галіновы прафсаюз апошнія гады працаваў над парадкам атэстацыі педагагічных работнікаў, прымаў удзел у пераглядзе надбавак з улікам кваліфікацыйных катэгорый педагогаў, што ўрэшце стварае сістэму стымулявання педагагічных работнікаў, павышэння іх прафесіяналізму. Па просьбе Міністэрства адукацыі быў распрацаваны пакет прапаноў па напаўненні сацыяльнага пакета педагогаў, якія непасрэдна павінны рэалізоўвацца на ўзроўні канкрэтнай установы адукацыі.

Раман Восіпавіч адзначыў, што сёння ў большасці кантрактаў, якія заключаны з педагагічнымі работнікамі, уключаны дадатковыя меры матэрыяльнага стымулявання. Акрамя таго, тэрмін кантракта выкарыстоўваецца самы максімальны, што прыдае больш стабільнасці ў жыццёвым укладзе педагогаў. Існуючыя калектыўныя дагаворы сёння ўтрымліваюць цэлы комплекс гарантый па кантрактнай форме найму, асабліва гэта тычыцца сацыяльна неабароненых катэгорый педагагічных работнікаў. Раман Восіпавіч падкрэсліў, што на дадатковыя меры матэрыяльнага стымулявання па кантрактнай форме найму павінны выдаткоўвацца як бюджэтныя, так і пазабюджэтныя сродкі.
— Калі мы аналізуем той узровень аплаты працы, які складваецца ў рэгіёнах, то там, дзе мясцовыя ўлады клапоцяцца аб фінансавым стане сваіх педагогаў, выдаткоўваюць на гэта дадатковыя мэтавыя сродкі, узровень развіцця адукацыі адчувальна вышэйшы, — адзначыў Раман Восіпавіч.
Кіраўнікі адукацыі рэгіёнаў расказалі пра дадатковыя меры, прынятыя для павышэння заробку педагагічным работнікам на лакальным узроўні за кошт мясцовых бюджэтаў. Кожны кіраўнік станоўча ацаніў градацыю заробку адпаведна кваліфікацыйнай катэгорыі педагогаў, што, безумоўна, напрамую паўплывае на павышэнне іх прафесіяналізму.
М.А.Ціханчук, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, паведаміў, што ў вобласці разам з галіновай прафсаюзнай арганізацыяй згодна з Дэкрэтам прэзідэнта краіны № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін і ўмацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны” імкнуцца прыняць дадатковыя меры па павышэнні заробку педагагічным работнікам. Даволі істотная дапамога аказваецца маладым педагогам, якія прыехалі працаваць на Брэстчыну. Напрыклад, маладыя спецыялісты, а таксама педагагічныя работнікі, якія не маюць свайго жылля, атрымліваюць сродкі, прадугледжаныя на кампенсаванне найму жылля.
Жанна Анатольеўна Ждановіч, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскай вобласці, прадставіла новыя падыходы ў стымуляванні педагагічных работнікаў, якія працуюць творча і ініцыятыўна, у тым ліку тых, якія падрыхтавалі будучых настаўнікаў. Гэтыя педагогі атрымалі прэміі і ў далейшым будуць матэрыяльна і маральна падтрымлівацца, як і тая катэгорыя настаўнікаў, якая працуе з адоранымі дзецьмі.
Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, старшыня камітэта па адукацыі, расказаў, што Мінгарвыканкам устанавіў штомесячныя даплаты да тарыфных ставак работнікам устаноў адукацыі. Згодна з гэтым, кожны педагог атрымлівае даплату ў памеры 396 тысяч рублёў у месяц, а класны кіраўнік яшчэ плюс 130 тысяч. Даплаты бібліятэкару і памочніку выхавальніка складаюць 195 тысяч да тарыфнага акладу. З мэтай рэалізацыі Дэкрэта прэзідэнта № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін і ўмацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны” з 1 студзеня гэтага года прадугледжаны фонд заработнай платы на павышэнне тарыфных ставак работнікам устаноў адукацыі ў памеры 15 працэнтаў.
Кіраўнік сталічнай адукацыі адзначыў, што сёння, як, па сутнасці, і раней, складана вырашаць праблему замацавання на месцах маладых педагагічных работнікаў, і ў першую чаргу з-за адсутнасці жылля. Але ў апошні час некаторыя зрухі ў гэтым кірунку ўсё ж ёсць. Так, напрыклад, маладым педагогам, якія не маюць сям’і, прадастаўляюцца месцы для пражывання ў інтэрнаце.

Жанна Аляксандраўна Верабей, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, паведаміла, што сістэма адукацыі рэгіёна сёння вельмі цесна працуе з Рэспубліканскім цэнтрам прафесійнай арыентацыі моладзі, непасрэдна з педагагічнымі ўстановамі, каб скіроўваць выпускнікоў школ на педагагічныя спецыяльнасці. З гэтай мэтай прафарыентацыйная работа ў вобласці будзе праводзіцца ўжо з 5 класаў, і тыя школьнікі, якія выбралі педагагічны профіль, змогуць праверыць свае здольнасці ў піянерскай і валанцёрскай рабоце.
Сёння Мінская вобласць удзельнічае ў эксперыменце па рэалізацыі мадэлі аптымізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі. У эксперыменце прымаюць удзел 10 устаноў адукацыі рэгіёна, кіраўнікам якіх дадзена права самастойна рэгуляваць штатную колькасць установы, праводзіць іншыя мерапрыемствы па аптымізацыі яе дзейнасці і накіроўваць вызваленыя ў выніку гэтага грашовыя сродкі на матэрыяльнае стымуляванне работнікаў. Па выніках гэтага эксперымента з красавіка па жнівень назіралася эканомія бюджэтных сродкаў па зарплаце за кошт розных кірункаў, у тым ліку аптымізацыі сеткі напаўняльнасці класаў, гурткоў, наяўнасці вакансій. Вызваленыя грашовыя сродкі, якія, дарэчы, даволі ўнушальныя, накіроўваюцца на павышэнне заробку адпаведнай катэгорыі работнікаў (яе вызначае кіраўнік установы, якому дадзена на гэта права). Так, напрыклад, у сярэдняй школе № 4 Дзяржынска, якая ўдзельнічае ў гэтым эксперыменце, за кошт вызваленых сродкаў быў павышаны заробак вадзіцелю школьнага аўтобуса.
Як адзначалася ў час сустрэчы, у павышэнні прэстыжу педагога важна не толькі аказваць яму фінансавую падтрымку, трэба скіроўваць настаўніка і ствараць умовы для таго, каб ён сам працаваў на павышэнне свайго статусу, свайго аўтарытэту. З гэ тай мэтай павінна быць задзейнічана сфера павышэння кваліфікацыі педагога, метадычнае суправаджэнне, распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту.
Павысіць аўтарытэт настаўніка павінны і сродкі масавай інфармацыі, якім трэба прапагандаваць педагагічную работу, расказваць аб педагогах-наватарах, педагагічных дынастыях, дэманстраваць майстэрства творчых настаўнікаў.
На думку міністра адукацыі, профільнае выданне “Настаўніцкая газета”, якое вельмі паспяхова працуе на папулярызацыю педагагічнай работы, на павышэнне іміджу настаўніка, можа стаць яскравым прыкладам для іншых выданняў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.